Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьмерзлыя хвіліны


«Горад Лёндан цудоўны, у ім гадзіньнікі скрозь, толькі сэрца можа адстаць ад Вялікага Бэна», — так ці прыкладна так напісаў некалі Бродзкі, і хто яго ведае, што меў на ўвазе. Зрэшты, гэта й ня важна, паэзіі дастаткова проста быць — як і гадзіньніку. І далей у вершы было пра палец, які круціць дыск зімовага месяца, а ў выніку гудкі — і «гэты гук непазьбежнейшы за голас Бога».

Месяц і праўда быў зімовы — у сэнсе, ня май. 11 сьнежня 1981 году Вялікі Бэн сам адстаў ад сэрцаў, якія хваляваў больш за стагодзьдзе — сэрцаў паэтычных і ня вельмі. У 12.27 стрэлкі самага знакамітага гадзіньніка ў сьвеце (калі ня браць у разьлік зоркі над начным акіянам, вядома) здрыгануліся і спыніліся. Стрэлкам зрабілася холадна. Яны амаль прайшлі свае 190 кілямэтраў — а роўна столькі складае іхны шлях за год, калі скласьці накручаную імі адлегласьць. І вось — такая дарожная няўдача.

Біг Бэн замёр.

Ужо другі раз у гісторыі.

І зноў нічога не зьмянілася.

Савет Міністраў БССР ня стаў панікаваць і ўсё ж выдаў сваю пастанову № 398 «Аб мерах па павышэньні тэхнічнага ўзроўню вытворчасьці будаўнічай цэглы».

У Буэнас-Айрэсе нарадзіўся хлопчык зь беларускім імем Хавіер і амаль беларускім прозьвішчам Савіёла.

У Маскве на Кутузаўскім праспэкце у кватэру знакамітай артысткі Зоі Фёдаравай увайшоў невядомы і стрэліў гаспадыні ў патыліцу.

Гельмут Шміт упершыню ступіў на зямлю ГДР, auferstanden aus Ruinen.

Яны нічога ня значаць — ні гадзіньнік, ні каляндар. Выкшталцоныя, але бескарысныя мадэлі чалавечага сэрца. Першы ў любы момант можа спыніцца: ад холаду, сьпёкі, сьпячкі тых, хто зьвярае па ім жыцьці, другі — прыняць новую веру, зьбіцца зь ліку, зрабіцца занадта чалавечным, каб яму верылі й надалей. Сучаснасьць і актуальнасьць — самападман, яны дзейнічаюць толькі да першых замаразкаў. Не спазьняюцца толькі ў адным выпадку — і калі ты чытаеш гэта, значыць, твой вялікі Веня яшчэ ідзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG