Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Вярцінскі: «У кнізе Лябедзькі — крэатыў палітыка спалучаны з творчым дарам»


9 сьнежня ў Менску будзе прэзэнтавацца новае выданьне Бібліятэкі Свабоды. Яго склалі турэмныя запісы старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, былога дэпутата Вярхоўнага Савету 12 і 13 скліканьняў Анатоля Лябедзькі, які пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году быў кінуты за краты «амэрыканкі». Час зьняволеньня даў назву кнізе — «108 дзён і начэй у засьценках КДБ». Фрагмэнты свайго турэмнага дзёньніка аўтар чытаў у эфіры Радыё Свабода. Адным з самых уважлівых слухачоў Анатоля Лябедзькі быў яго былы калега па дэпутацтве, паэт Анатоль Вярцінскі.

«Прадбачу, адчуваю наперад уражаньне ад знаёмства непасрэдна з самой кнігай. Не сумняваюся, дарэчы, што яна зойме віднае месца ў Бібліятэцы Свабоды.

Калі гаварыць папярэдне, мець на ўвазе тое ўспрыняцьце яе радыёвэрсіі, тых фрагмэнтаў, якія давялося праслухаць, то мяне ўражвалі, прызнаюся, ня толькі зьмест, але і форма, стылёвая адметнасьць, мова. Увогуле, я і раней, падчас нашай сумеснай дэпутацкай дзейнасьці, і пазьней вылучаў Анатоля Лябедзьку яшчэ і за ягоную мову, за яе высокі, лягічны, літаратурны, філялягічны ўзровень. Заўсёды зь цікавасьцю сустракаў яго публіцыстычныя выступы на старонках друку.

Ды вось што тычыцца кнігі — гэта ўжо крыху іншы жанр, іншыя выяўленчыя сродкі — то тут ужо зьвяртаеш увагу на тое, што ў ёй крэатыў палітыка, партыйнага дзеяча арганічна спалучаецца з творчым дарам. Я скажу, што адразу гатовы буду даць рэкамэндацыю спадару Анатолю для ўступленьня ў наш пісьменьніцкі саюз».

Прэзэнтацыя адбудзецца а 18-й гадзіне ў менскай сядзібе Партыі БНФ па вуліцы Чарнышэўскага, дом 3.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG