Лінкі ўнівэрсальнага доступу

9 сьнежня — прэзэнтацыя кнігі Лябедзькі пра засьценкі КДБ


А 18:00 у менскай сядзібе Партыі БНФ па вуліцы Чарнышэўскага, дом 3, адбудзецца прэзэнтацыя чарговай кнігі ў сэрыі «Бiблiятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе» — «108 дзён i начэй у засьценках КДБ. Дзёньнік палітычнага закладніка».

Кнігу склалі турэмныя запісы былога палітвязьня Анатоля Лябедзькі.

Дэпутат Вярхоўнага Савету XII і ХІІІ скліканьняў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі быў кінуты за краты «амэрыканкі» пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Палітычным закладнікам яго трымалі 108 дзён і начэй. Па тэрміне зьняволеньня аўтар і назваў сваю кнігу — «108 дзён і начэй у засьценках КДБ». Урыўкі зь яе гучалі на нашым радыё.

Генадзь Бураўкін: «Кніга Лябедзькі — гэта сьведчаньне на судзе гісторыі»


Сваімі першымі чытацкімі ўражаньнямі пра кнігу Анатоля Лябедзькі «108 дзён і начэй у засьценках КДБ», якая будзе прэзэнтавацца 9 сьнежня а 18-й на сядзібе БНФ, дзеліцца паэт і грамадзкі дзеяч Генадзь Бураўкін.

«Кнігу Анатоля Лябедзькі я чытаў з хваляваньнем і зь цікавасьцю. Ня так часта апошнім часам мне трапляюцца такія кнігі.

Першае, што мяне ўразіла ў ёй, — гэта такая праўда: можа быць, непрыемная, можа быць, нават непрыгожая, але абсалютная праўда пра тое, што адбываецца ў нас апошнім часам у турмах і што адбываецца з нашай апазыцыяй. Хаця, здаецца, і вядомае многае з таго, пра што піша Анатоль Лябедзька, але вось калі чытаеш гэтыя факты, факты з камэр, факты так сказаць побыту турэмнага — ну сапраўды, робіцца не па сабе.

Гэтая кніжка павінна была абавязкова зьявіцца. Яна павінна абавязкова быць у нашай памяці, таму што гэта, калі гаварыць гучна, — сьведчаньне на судзе часу, на судзе гісторыі. Суд гэты адбываецца пастаянна і над грамадзтвам, і над дзяржавай, і над кожным чалавекам. Гэта — вышэйшы суд. І вось на гэтым вышэйшым судзе кніга Лябедзькі, мне здаецца, абавязкова павінна быць як дакумэнтальнае сьведчаньне.

Я хачу парадавацца, што гэтая кніжка ёсьць, таму што яна засьведчыла праўду нашых дзён — горкую праўду, але праўду».

Анатоль Вярцінскі: «У кнізе Лябедзькі — крэатыў палітыка спалучаны з творчым дарам»

Адным з самых уважлівых слухачоў Анатоля Лябедзькі быў яго былы калега па дэпутацтве, паэт Анатоль Вярцінскі.

«Прадбачу, адчуваю наперад уражаньне ад знаёмства непасрэдна з самой кнігай. Не сумняваюся, дарэчы, што яна зойме віднае месца ў Бібліятэцы Свабоды.

Калі гаварыць папярэдне, мець на ўвазе тое ўспрыняцьце яе радыёвэрсіі, тых фрагмэнтаў, якія давялося праслухаць, то мяне ўражвалі, прызнаюся, ня толькі зьмест, але і форма, стылёвая адметнасьць, мова. Увогуле, я і раней, падчас нашай сумеснай дэпутацкай дзейнасьці, і пазьней вылучаў Анатоля Лябедзьку яшчэ і за ягоную мову, за яе высокі, лягічны, літаратурны, філялягічны ўзровень. Заўсёды зь цікавасьцю сустракаў яго публіцыстычныя выступы на старонках друку.

Ды вось што тычыцца кнігі — гэта ўжо крыху іншы жанр, іншыя выяўленчыя сродкі — то тут ужо зьвяртаеш увагу на тое, што ў ёй крэатыў палітыка, партыйнага дзеяча арганічна спалучаецца з творчым дарам. Я скажу, што адразу гатовы буду даць рэкамэндацыю спадару Анатолю для ўступленьня ў наш пісьменьніцкі саюз».

Зінаіда Бандарэнка: «Анатоль Лябедзька — чалавек незвычайны»


Зінаіда Бандарэнка
Зінаіда Бандарэнка
Пра аўтара гаворыць і першымі ўражаньнямі ад яго кнігі дзеліцца народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка.

«Я Анатоля Лябедзьку адношу да тых мужных беларусаў, якія трымаюцца, і зь якіх трэба браць прыклад моладзі. Гэтая мужнасьць, гэтая сьмеласьць, гэтая адказнасьць, гэтая цярплівасьць уласьцівая яму, — што я бачу столькі гадоў, колькі зьяўляюся сябрам АГП і назіраю за Анатолем Уладзімеравічам. Канечне, гэта чалавек незвычайны, не падобны да іншых. Яго адкрытасьць і шчырасьць прываблівае людзей. Ягоная такая самаадданасьць, якую я ня ў многіх заўважаю, таксама прываблівае. Ён належыць да ліку тых, якія самыя верныя беларусы.

Праўда, некаторыя кажуць: „А ён быў у атачэньні Лукашэнкі“. Ды многія былі ў атачэньні Лукашэнкі! Ён такі чалавек, што не адразу можна было і разабрацца, што ён сабой уяўляе. Многія спадзяваліся, абы толькі ўлада трапіла да дэмакратаў. Гэта ж ня толькі Анатоль Лябедзька паверыў у гэта, а многія з нашых беларусаў, якія былі вакол.

Я вельмі рада, што ўрэшце выходзіць гэтая кніжка, і віншую Анатоля зь яе выхадам».


Алег Трусаў: «Чакаю другую частку»


Алег Трусаў
Алег Трусаў
Сваімі першымі чытацкімі ўражаньнямі ад кнігі Анатоля Лябедзькі «108 дзён і начэй у засьценках КДБ» дзеліцца былы ягоны калега па дэпутацтве ў Вярхоўным Савеце XII скліканьня, гісторык Алег Трусаў.

«Па-першае, я рады, што кніга зроблена на добрай беларускай мове. Мова ў яго вельмі добрая, такая нават літаратурная. Я наогул не чакаў, што гэты твор будзе з элемэнтамі мастацкай літаратуры.

Што тут яшчэ важна, што кнігу пісаў былы лепшы сябар Лукашэнкі, так званы малады воўк, які зрабіў у свой час вельмі шмат шкоды Беларусі. Менавіта ён разам з Фядутам быў ініцыятарам аднаўленьня камсамола. І каб не Лябедзька, мы б тады закрылі камсамол разам з партыяй. На жаль, пра гэта Лябедзька нічога ня піша. Таму я раіў бы яму яшчэ і другую частку ўспамінаў напісаць і расказаць пра свой удзел у падзеях 1994 году. Ён пра гэта сьціпла прамаўчаў.

Але ў цэлым — добрая кніжка, таленавітая. І бачна ў ёй, як чалавек памяняўся, займеў іншы пункт гледжаньня. Дарэчы, ён быў адзіны ў камандзе Лукашэнкі, які заўжды быў за адзіную дзяржаўную мову і за нацыянальную дзяржаўную сымболіку. Таму першы з гэтай каманды і вылецеў. Гэта таксама трэба адзначыць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG