Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізатары чэмпіянату па хакеі: Нам усё роўна, якія будуць сьцягі


Радыё Свабода пацікавілася ў мэнэджэра па сувязях з прэсай Чэмпіянату сьвету па хакеі Арсенія Якавенкі, ці будзе фанатам дазволена падчас спаборніцтваў трымаць бел-чырвона-белыя сьцягі.

Афіцыйны сайт Чэмпіянату сьвету па хакеі на старонцы, прысьвечанай фан-зоне апублікаваў фотаздымак, на якім адзін з заўзятараў трымае на плячах вялізны бел-чырвона-белы сьцяг.

Радыё Свабода пацікавілася ў мэнэджэра па сувязях з прэсай Чэмпіянату сьвету па хакеі Арсенія Якавенкі, ці будзе фанатам дазволена падчас спаборніцтваў трымаць бел-чырвона-белыя сьцягі.

Арсеній Якавенка патлумачыў, што дырэкцыя чэмпіянату ня супраць выкарыстаньня любой сымболікі, абы гэта не парушала дзейнага заканадаўства. Аднак вызначаць, ці парушае кожны канкрэтны факт фанацкай актыўнасьці законы Рэспублікі Беларусь, будуць супрацоўнікі праваахоўных органаў, а не арганізатары чэмпіянату:

«Агульная пазыцыя дырэкцыі Чэмпіянату сьвету па хакеі такая: гэтае мерапрыемства не павінна быць зьвязанае зь якімі б ні было палітычнымі акцыямі. Спорт па-за палітыкай. І любыя праявы дэманстрацыі палітычных лёзунгаў ня будуць вітацца. Усё будзе адбывацца ў рамках заканадаўства, якое дзейнічае на тэрыторыі Беларусі. Аднак гэта будзе залежаць ад таго, наколькі праваахоўныя органы палічаць нейкі факт парушэньнем. Могуць жа сказаць, што дэманстрацыя бел-чырвона-белага сьцяга — гэта несанкцыянаваная акцыя».

Паводле Арсенія Якавенкі, арганізараты сусьветнага першынства па хакеі да правілаў выкарыстаньня сымболікі дачыненьня ня маюць, таму што гэты аспэкт рэгулюецца іншымі органамі і актамі.

«Калі міліцыя палічыць, што сабраўся натоўп зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і выкрыквае лёзунгі каля „Менск-Арэны“, то зразумела, што будуць захады. Дзейнае заканадаўства ніхто не адмяняў», — мяркуе Арсеній Якавенка.

Разам з тым, мэнэджэр па сувязях з прэсай чэмпіянату сьвету па хакеі адзначыў, што дырэкцыі ўсё роўна, якія сьцягі будуць у фанатаў:
Нам усё роўна. Хай сядзяць хоць з чорна-жоўта-зялёнымі сьцягамі

«Нам усё роўна. Хай сядзяць хоць з чорна-жоўта-зялёнымі сьцягамі. Нам што? Мы займаемся правядзеньнем чэмпіянату, падрыхтоўкай арэнаў, арганізацыяй спаборніцтваў. А што тычыцца праяваў фанацкіх жаданьняў, сымпатыяў і можа нават палітычных аспэктаў — гэта ўжо не да нас».

Юрыст Валянцін Стэфановіч патлумачыў, што цяпер, з аднаго боку, бел-чырвона-белы сьцяг лічыцца незарэгістраванай сымболікай, але зь іншага боку, няма нарматыўна-прававых актаў, дзе гаварылася б пра тое, што ён ёсьць забароненай сымболікай і яго нельга дэманстраваць публічна, як, напрыклад, свастыку і яе вытворныя:

«Пасьля травеньскага інцыдэнту ў Стакгольме, калі з хакейнага матчу выдалілі чалавека зь бел-чырвона-белым сьцягам, мясцовая паліцыя спасылалася на правілы Міжнароднай хакейнай фэдэрацыі, паводле якой падчас хакейных матчаў забараняецца выкарыстоўваць палітычную сымболіку.

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч
Я асабіста стаўлюся сумнеўна да таго, што бел-чырвона-белы сьцяг зьяўляецца палітычнай сымболікай. Таму што гэты сьцяг ня ёсьць сымболікай палітычнай сілы, а ёсьць нацыянальным сьцягам. І тым больш, бел-чырвона-белы сьцяг не прапагандуе варожасьць любога характару. Калі б, напрыклад, фанаты карысталіся сьцягам Тыбэту, дзяржавы, якая дэ-юрэ не існуе, падчас спаборніцтваў, то што было б? Калі б іх вывелі са стадыёну, быў бы вялікі скандал.

У любым разе швэдзкія паліцэйскія стварылі вельмі непрыемны прэцэдэнт, і цяпер нашыя ўлады змогуць спасылацца на яго падчас чэмпіянату сьвету па хакеі як на сусьветны досьвед. Скажуць, што нават у Швэцыі заўзятараў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі выдаляюць са стадыёну, таму што нельга карыстацца палітычнай сымболікай. У той жа час расейскія фанаты спакойна могуць карыстацца савецкімі сьцягамі, якія ў некаторых краінах увогуле забароненыя гэтак жа, як і свастыка».

Валянцін Стэфановіч лічыць, што калі бел-чырвона-белыя сьцягі зьявяцца на трыбунах падчас чэмпіянату сьвету па хакеі, то рэакцыя праваахоўных органаў будзе адназначная: у лепшым выпадку заўзятараў будуць выдаляць разам зь сьцягамі, у горшым — затрымліваць і складаць пратаколы:

«Хаця, вядома, у такім выпадку Беларусь паўстане перад замежнікамі ў вельмі дзіўным сьвятле, калі тыя пабачаць, што міліцыя будзе выдаляць гледачоў ні за што і нейкім чынам фільтраваць заўзятараў на прадмет наяўнасьці сымболікі, калі тыя будуць заходзіць у арэны», — адзначыў юрыст.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG