Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курапаты — у аблозе пагрозаў


Актывісты кампаніі «За ўратаваньне Курапатаў» зьвярнуліся ў Генэральную пракуратуру з нагоды распачатага будаўніцтва дарогі побач з мэмарыяльным комплексам.

З прадпісаньнем аб спыненьні работ выступіла Міністэрства культуры. Тым часам яшчэ адна пагроза для мэмарыялу можа паўстаць з усходняга боку: там таксама плянуецца новае будаўніцтва.

Пра пашырэньне дарогі Заслаўе — Калодзішчы побач з Курапатамі грамадзкім актывістам было вядома і раней. Аднак распачатыя ў панядзелак будаўнічыя працы выявілі, што пашырэньне дарогі вядзецца з парушэньнем ранейшых абяцаньняў і праектаў, кажа актывіст КХП БНФ Алесь Чахольскі:

«Я таксама ведаю пра гэта даўно. Гэтая дарога павінная была прайсьці ў бок пасёлку „Сонечны“ і не павінна была — у бок Курапатаў. Таму распачатыя работы і ёсьць незаконнымі. Тут нават нейкія паралелі: 8 лістапада 2001 году былі кінутыя бульдозэры, АМАП і гэтак далей — калі праводзілі аб’язную дарогу. Ізноў лістапад — ізноў усё паўтараецца, праз дванаццаць гадоў. Нехта думае, што на Курапаты забыліся, — Курапаты пад кантролем».

Тое, што пашырэньне новай дарогі побач з Курапатамі вядзецца без належных узгадненьняў, пацьвярджае і Міністэрства культуры. З гэтай нагоды Мінкульт падрыхтаваў прадпісаньне аб спыненьні дарожных прац. Кіраўнік Упраўленьня па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі пры Міністэрстве культуры Ігар Чарняўскі кажа:
Мы мусім даць нейкія рэкамэндацыі і прыцягнуць да адказнасьці тых, хто вінаваты ў парушэньні парадку правядзеньня работ у зонах аховы

«Мы падрыхтавалі прадпісаньне адносна будаўніцтва. Яны павінны спыніць работы і падаць дакумэнтацыю, што і адкуль узялося. Мы мусім даць нейкія рэкамэндацыі і прыцягнуць да адказнасьці тых, хто вінаваты ў парушэньні парадку правядзеньня работ у зонах аховы».

Актывістка кампаніі «За ўратаваньне Курапатаў» Ганна Шапуцька выказваецца за тое, што пашырэньне дарогі ў бок Курапатаў — зьява, падобная на будаўніцтва «Бульбаш-Холу», дзеля якога ў выніку і былі скарочаныя ахоўныя зоны ўрочышча:

«Ізноў адбываецца нейкі рэйдэрскі захоп, як і ў выніку з „Бульбаш-холам“. Гэта значыць, спачатку ўкладаюцца нейкія грошы, распачынаюцца працы, затым ідзе абурэньне пракуратуры Мінкульту — усё спыняецца, а пасьля гэта ўсё прыводзіцца ў межы законнасьці. Я думаю, што гэтая ж схема будзе працаваць і зараз».

Тым часам найбольшая пагроза для Курапатаў сыходзіць ня з боку «Бульбаш-холу» і нават ня з боку заслаўскай дарогі, а з усходняга боку ўрочышча. Прычынай таму — адсутнасьць вызначаных ахоўных зонаў у гэтым месцы. У пэрспэктыве — гэта магчымасьць новых прэцэдэнтаў і супрацьстаяньня, мяркуе старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч:

«На жаль, я ня бачу, каб нехта думаў пра пэрспэктыву: усходняя мяжа так і ня ўзгодненая. А ў адпаведнасьці з распараджэньнем прэзыдэнта, паміж „Экспабэлам“ і Курапатамі павінны ўзьнікнуць міжнародны выставачны комплекс. І таму ёсьць вельмі, вельмі, вельмі вялікая небясьпека, што пэўная інфраструктура можа дапаўзьці да самай гісторыка-культурнай каштоўнасьці. І тады могуць узьнікнуць вельмі вялікія праблемы. Што тычыцца дарогі, то так — гэтыя работы праводзяцца незаконна, з парушэньнем працэдуры, і вінаватыя павінныя за гэта адказваць. А што да „Бульбаш-холу“, дык сытуацыя палягае ў межах маральных прынцыпаў, а не заканадаўства».

Як паведаміў Антон Астаповіч, рашэньне навукова-мэтадычнай рады пры Міністэрстве культуры аб зьмяншэньні ахоўных зон Курапатаў да 50 мэтраў з боку забаўляльнага комплексу мае рэкамэндацыйны характар. А таму абаронцы Курапатаў маюць магчымасьць абскарджваць гэтае рашэньне, у тым ліку ў судзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG