19 лістапада выкладчыцкая супольнасьць Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту абрала 15 сваіх прадстаўнікоў у Сэнат. Па выніках учорашніх выбараў у Сэнат прайшло 12 з 13 прадстаўнікоў дэмакратычнай плятформы «За новы ЭГУ», якая аб’яднала выкладчыкаў, нязгодных з прапанаваным адміністрацыяй ВНУ плянам разьвіцьця ўнівэрсытэту.
Як праходзілі выбары, якія пляны супрацоўніцтва ў адміністрацыі ЭГУ і новаабраных сябраў Сэнату, высьвятляла Іна Студзінская.
Усяго ў склад Сэнату Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ўваходзіць 21 сябар, што абіраецца ці прызначаецца: гэта 15 выкладчыкаў і 5 прадстаўнікоў студэнцкай супольнасьці. Таксама ў Сэнат уваходзіць рэктар унівэрсытэту. Паводле Статута ЭГУ, Сэнат адказны за забесьпячэньне якасьці выкладаньня і навуковых дасьледаваньняў.
На выбарах выкладчыцкай часткі Сэнату было створана тры ўчасткі для выбараў: адзін — у Менску, і два — у Вільні. Частка выкладчыкаў удзельнічала ў выбарах дыстанцыйна і галасавала ў Менску (каля 30 асобаў). Парушэньняў і прынцыповых заўвагаў не было.
Не было і рэальнай барацьбы за месцы ў Сэнаце, бо бальшыня кандыдатаў належала да дэмакратычнай плятформы «За новы ЭГУ», кажа Максім Жбанкоў — выкладчык, які перамог на выбарах:
«У ЭГУ адсутнічае тое, што мусіць у ім існаваць паводле самога статуту існаваньня эўрапейскай навучальнай установы. Фактычна адсутнічае падзел улады (і, адпаведна, адказнасьці) паміж структурамі грамадзкага акадэмічнага самакіраваньня, якія выяўляюцца ў фармаце Сэнату, і адміністрацыйным курсам, які збольшага зараз зьяўляецца ледзьве не адзіным рэсурсам нейкіх пераменаў, ініцыятываў, рэформаў. То бок фактычна мы спрабуем пазбавіцца ад парушэньня гэтага балянсу, ад ператварэньня ЭГУ выключна ў адміністратыўны праект. То бок мы за аднаўленьне дэмакратычнага падзелу ўлады і адказнасьці. Будуць спрэчкі, будуць нязгоды, будуць пэўныя разыходжаньні ў пазыцыях, але гэта нармальна. Упершыню ў ЭГУ паўстае новы цэнтар улады, новая структура — сымэтрычная, у пэўным сэнсе, партнэрская таму, што робіць адміністрацыя. Яна атрымлівае свайго ў пэўным сэнсе канструктыўнага апанэнта, і гэта надзвычай карысна».
Рэктар ЭГУ Анатоль Міхайлаў спадзяецца на канструктыўнае супрацоўніцтва з новаабраным Сэнатам:
«Наш Сэнат ёсьць істотнай часткай сыстэмы кіраваньня ЭГУ, асабліва па пытаньнях якасьці выкладаньня і навуковых дасьледаваньняў. Мы ўсьведамляем, што выбары могуць выклікаць гарачую дыскусію. Разнастайныя прапановы, што вылучаліся кандыдатамі і іх прыхільнікамі, дэманструюць, што будучыня нашага ўнівэрсытэта нам неабыякавая. А цяпер нам трэба сесьці за стол і канструктыўна перайсьці да задачы, што стаіць перад намі: для паляпшэньня якасьці выкладаньня і навуковых дасьледаваньняў».
На думку былога прарэктара ЭГУ прафэсара Ўладзімера Дунаева, дэмакратычныя выбары ў Сэнат — гэта вельмі важны крок. Бо ў ЭГУ павінен быць балянс паміж кіроўнай радай і Сэнатам. А Сэнат — гэта далёка не бяспраўны і безгалосы орган. Таму даволі аптымістычна выглядае, на думку спадара Дунаева, перамога на выбарах у Сэнат плятформы «За новы ЭГУ»:
«Але, канечне, для ўсіх нас у Беларусі вельмі важна, каб ЭГУ быў усё ж такі маяком свабоды, каб ён быў узорам такіх акадэмічных каштоўнасьцяў, як акадэмічныя свабоды, унівэрсытэцкая аўтаномія. І другое, што таксама вельмі важна — каб была вось гэта скіраванасьць на Беларусь, уключанасьць у Беларусь, каб праграмы ўнівэрсытэту не станавіліся чыста дэкаратыўнымі. Гэта важна і для нас у Беларусі, і для самога ўнівэрсытэту. Таму што лёс унівэрсытэту ў выгнаньні ў многім залежыць ад таго, ці здольны ён захаваць сувязь з Радзімай».
Імёны прадстаўнікоў навукова-дасьледчых цэнтраў і студэнцкай супольнасьці ў Сэнаце будуць абвешчаныя цягам 5 дзён пасьля абвяшчэньня вынікаў выбараў.
У беларускіх навучальных установах наагул няма такой структуры, як Сэнат. Краіна дагэтуль не гатовая далучыцца да Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, да Балёнскага працэсу. Бо ў Беларусі няма патрэбнай ступені акадэмічных свабодаў, інстытуцыянальнай аўтаноміі і самакіраваньня ў сыстэме вышэйшай адукацыі.