Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ахвяры барысаўскага «кадратрусу»


Скандальны «кадратрус», учынены пры канцы мінулага тыдня Аляксандрам Лукашэнкам падчас наведваньня прадпрыемства «Барысаўдрэў», нарабіў пярэпалаху ў чынавенскім асяродзьдзі.

Свае пасады страцілі старшыня Менскага аблвыканкаму Барыс Батура, намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Андрэй Тур, кіраўнікі канцэрну «Беллеспаперапрам», будаўнічага трэсту № 21, інстытуту «Барысаўпраект».

Кадравыя ракіроўкі, якія Лукашэнка ўчыніў у Барысаве, былі падкарэктаваныя яшчэ да канца дня 8 лістапада. Раніцай перад відэакамэрамі ён заяўляў: Батура прызначаецца дырэктарам «Барысаўдрэва» і калі да панядзелка не пачне працаваць на новым месцы, то на яго надзенуць кайданкі. Аднак у пазьнейшых справаздачах дзяржаўных СМІ словы пра «ссылку» Батуры ўжо выразалі.

Сам Барыс Батура пра сваё жыцьцёвыя пляны не захацеў гаварыць з карэспандэнтам Свабоды. «Адчапіцеся ад мяне», — стомлена сказаў ён.

У Менаблвыканкаме ня сталі камэнтаваць, дзе цяпер Барыс Батура. Толькі ўдакладнілі, што абавязкі кіраўніка выконвае першы намесьнік старшыні выканкаму Васіль Акуліч. Дарэчы, на выканкамаўскім сайце пайменна пералічаныя ўсе кіраўнікі, апроч старшыні — старонка пустая. Аналітыкі мяркуюць, што «памілаваньне» Батуры тлумачыцца найперш ягоным узростам — апальны чыноўнік 1947 году нараджэньня і фармальна ўжо 5 гадоў як мусіць быць на пэнсіі.

Між тым дзякуючы такому павароту падзеяў сваю пасаду захаваў генэральны дырэктар «Барысаўдрэва» Ўладзімер Мальцаў. Менавіта пад ягоным кіраўніцтвам усе выходныя на прадпрыемстве адбывалася маштабная зачыстка ад сьметнікаў, якія вывелі зь сябе Лукашэнку. На прыбіраньне мабілізавалі ня толькі працаўнікоў заводу, але і ўсіх мясцовых вэртыкальнікаў. Спадар Мальцаў распавёў, што рабілі працу, якой павінны былі б займацца выпраўленыя ў адстаўку кіраўнікі будтрэсту № 21 і інстытуту «Барысаўпраект»:

«Плот, які яны мусілі паставіць яшчэ тры месяцы таму, — дырэктар будтрэсту заяўляў, што ў яго няма ні праектнай дакумэнтацыі, ні дазволу, нічога. Аказалася, што ўсё ёсьць — і грошы выдзеленыя, і ўсё астатняе. Таму плот цяпер здымаюць, каб выраўняць пляцоўку, і добраўпарадкаваньне будзе завершанае. Яшчэ адзін момант: з той стыхійнай звалкі, якую яны наладзілі ў канцы прадпрыемства, вывозіцца сьмецьце на палігон цьвёрдых бытавых адкідаў. То бок таксама наводзіцца парадак. І таксама запрошаны „вторчермет“ што да будак на курыных ножках: іх зразаюць і забіраюць на перапрацоўку. Тыя недапрацоўкі, якія ёсьць у цэхах, будаўнікі будуць ліквідоўваць цягам наступных дзён».

Аднак некаторым чыноўнікам усё ж давядзецца памяняць Менск на Барысаў. Так, будаўнічы трэст № 21, які заваліў працы на «Барысаўдрэве», узначаліў Аляксандар Пераслаўцаў, вызвалены ад пасады старшыні канцэрну «Беллеспаперапрам». Чакае новага кіраўніка і інстытут «Барысаўпраект», які быў названы саўдзельнікам «бардаку» на прадпрыемстве.

Не да канца вырашаны лёс кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Андрэя Кабякова, старшыні Камітэту дзяржаўнага кантролю Аляксандра Якабсона, а таксама першага віцэ-прэм’ера Ўладзімера Сямашкі. У адносінах да Сямашкі будзе разгледжана пытаньне адпаведнасьці пасадзе, якую ён займае, Кабякоў і Якабсон атрымалі строгія вымовы. Збольшага ўсё зразумела толькі з Андрэем Турам, які звольнены з пасады намесьніка кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі.

Два гады таму блогер, прадпрымальнік Андрэй Кабанаў выклаў у сеціва відэа, у якім на прыёме ў швэдзкай амбасадзе Андрэй Тур, тады яшчэ намесьнік міністра эканомікі, ушчувае бізнэсоўцаў, якія нібыта жывуць «не па сродках». Відэа хутка стала гітом байнэту, а Кабанаў ператварыўся ў асабістага ворага чыноўніка. Як спадар Кабанаў ацэньвае апошнія кадравыя пэртурбацыі?

«Я абсалютна абыякавы да ягонага лёсу і кар’ернага руху. Магчыма, знойдзе
сканчаць сваю кар’еру, даволі пасьпяховую для чалавека ягонага ўзроўню, дырэктарам прадпрыемства — досыць сумная гісторыя
сабе нейкую выкладчыцкую працу — калі, вядома, здолее расказаць студэнтам, як працуе эканоміка. Бо ён вельмі актыўна дэкляруе свае веды, казырае імі. Які яго інстытут возьме сабе ў штат — ня ведаю. Але каб я быў рэктарам нейкага інстытуту, то шмат разоў падумаў бы — хацеў бы бачыць яго ў сябе ці не хацеў? Хутчэй, што не. Як кажуць, за што змагаліся, на тое і нарваліся. А ўвогуле ўсё гэта сьмешна, проста нейкая гістэрыка. Той жа Батура — дзяржаўны чыноўнік першага рангу. У той час як наш цяперашні прэзыдэнт толькі рваўся да ўлады, Барыс Васільевіч ужо кіраваў сфэрай бытавога абслугоўваньня, займаўся справай ужо ня першы год. І сканчаць сваю кар’еру, даволі пасьпяховую для чалавека ягонага ўзроўню, дырэктарам прадпрыемства — досыць сумная гісторыя. Асабіста я такі паварот перажываў бы вельмі балюча. Бо ня толькі псыхіка, а і фізычнае здароўе можа пацярпець».

Падазрэньні Андрэя Кабанава пацьвердзіліся — сёньня Барыс Батура сказаў журналістам, што ад заўтра пачынае хадзіць да лекараў ставіць кропельніцы. Кудысьці працаўладкоўвацца не зьбіраецца, а намер выправіць яго на «Барысаўдрэў» Аляксандар Лукашэнка перагледзеў. Такім чынам, цяпер Батура — проста пэнсіянэр.

Тым часам аналітыкі зьвяртаюць увагу, што выйсьці сухім з вады ўдалося віцэ-прэм’еру Пятру Пракаповічу, якога 1 сакавіка Лукашэнка асабіста прызначыў адказным за мадэрнізацыю прадпрыемстваў. Да таго ж год таму, падчас папярэдняй паездкі на «Барысаўдрэў», Пракаповіч атрымаў загад пастаянна трымаць на кантролі рэалізацыю праектаў у галіне дрэваапрацоўкі, а кожнаму прадпрыемству было даручана выпрацаваць мэханізм рэструктурызацыі. Аднак за правал плянаў адказалі іншыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG