Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ў Барысаве: кадравая ратацыя пад пагрозай турмы


Аляксандар Лукашэнка, наведваючы прадпрыемства «Барысаўдрэў», звольніў шэраг чыноўнікаў, якія ня выканалі ягоныя загады, датычныя мадэрнізацыі дрэваапрацоўчай галіны.

У прыватнасьці, выпраўленыя ў адстаўку намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Андрэй Тур, старшыня Менскага аблвыканкаму Барыс Батура, старшыня канцэрну «Беллеспаперапрам» Аляксандар Пераслаўцаў. Шэраг чыноўнікаў атрымалі вымовы і папярэджаньні, некаторым Лукашэнка прыгразіў крымінальнымі справамі.

Андрэй Тур
Андрэй Тур
Барыс Батура
Барыс Батура
Андрэй Кабякоў
Андрэй Кабякоў
Уладзімер Сямашка
Уладзімер Сямашка
Некаторыя зь ліку звольненых былі адразу ж «працаўладкаваныя». Хоць і не зусім паводле профілю. Так, Батура ў загадным парадку вымушаны заняць месца дырэктара «Барысаўдрэва» і цягам трох дзён мусіць пераехаць у новыя «апартамэнты». У іншым выпадку Лукашэнка паабяцаў аддаць ужо былога вэртыкальніка пад суд. Апальны кіраўнік галіновага канцэрну Пераслаўцаў кінуты яму на дапамогу. Лёс экс-гендырэктара Ўладзімера Мальцава пакуль пад пытаньнем — на заводзе ня могуць нават сказаць, дзе ён цяпер.

Строгая вымова з апошнім папярэджаньнем вынесеная кіраўніку прэзыдэнцкай адміністрацыі Андрэю Кабякову. Крымінальнай справай Лукашэнка прыгразіў першаму віцэ-прэм’еру Ўладзімеру Сямашку, які непасрэдна курыруе ход рэструктурызацыі дрэваапрацоўчай галіны.

Ці стануць радыкальныя кадравыя перастаноўкі выратавальнымі для прадпрыемства, якое ва ўмовах плянавай эканомікі ніяк ня можа «мадэрнізавацца»? Эканаміст, у мінулым кіраўнік буйнога прадпрыемства «Амкадор» Васіль Шлындзікаў перакананы: усялякія радыкальныя хістаньні ў цяперашняй эканамічнай сытуацыі параўнальныя з заменай «шыла на мыла»:

«Ня думаю, што чыноўнікі ў чымсьці вінаватыя. Як ня думаю, што нешта пры гэтых перастаноўках зьменіцца ў лепшы бок, асабліва пры цяперашняй эканамічнай сытуацыі ў краіне. Трэба нарэшце зразумець: плянавая эканоміка ні да чога добрага не прыводзіць, таму гэта чарговы самагубны палёт матылька на ліхтар. Мяняць трэба не людзей, а зьмяняць трэба ў корані ўсю эканамічную сыстэму. Трэба ўсё ж праводзіць прыватызацыю з улікам усіх памылак, якія расейцы дапусьцілі, іншыя краіны, уключна, вядома ж, з нашай. Толькі так можна дабіцца кардынальных вынікаў. А ў іншым выпадку нас чакае крах, як ужо меў месца крах дакладна такой жа савецкай сыстэмы. Зрэшты, у нас гэты крах быў бы даўным-даўно, каб не Расея зь яе імпэрскімі амбіцыямі».

Карэспандэнт: «Іншымі словамі, у дадзенай сытуацыі каго ні мяняй, эфэкт будзе той жа?»

«Абсалютна той жа самы. Магчыма, нейкія тактычныя крокі Батура зрабіць і здолее, але збольшага дзеля таго, каб уратавацца самому. Але я сумняюся, каб нешта кардынальна ён там зьмяніў. Гэта немагчыма ў прынцыпе. Тым больш, калі табе не ствараюць адпаведныя ўмовы, а толькі пагражаюць крымінальнымі справамі».

Апроч таго, Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў распачаць крымінальную справу, абраўшы мерай стрыманьня падпіску аб нявыезьдзе, у адносінах да генэральнага дырэктара будаўнічага трэсту № 21 Барысава Мікалая Бусалава: «Тузанецца за межы гораду — пасадзіць», — загадаў ён. Аналягічныя захады распарадзіўся ён ужыць і супраць кіраўніка праектнай арганізацыі, якая займалася мадэрнізацыяй барысаўскага прадпрыемства. Чаму кіраўніцтва Беларусі не ідзе шляхам прыватызацыі прадпрыемстваў, якія ня могуць адаптавацца да татальнага кантролю з боку дзяржавы? Бачаньне сытуацыі — ад супрацькрызіснага мэнэджэра Мечыслава Бурака:

«Глядзіце самі: як толькі пачнецца прыватызацыя, трэба будзе даць людзям эканамічную свабоду. Бо ў вольным грамадзтве павінна быць эканамічная свабода, павінна быць духоўная свабода, павінна быць інтэлектуальная свабода. Пакуль гэтага ня будзе, няма пра што і гаварыць. Эканамічная свабода ў гэтым пераліку — найпершая. Але не для Лукашэнкі. Бо калі дазволіць прыватызацыю, значыць, людзі пачнуць самі „разумнічаць“, рабіць пад сябе, гаспадара, чым паставяць пад сумнеў усю цяперашнюю мадэль. А гэта ўладам не патрэбна! Мы ж падаткі плацім не таму, што яны патрэбныя Лукашэнку, а дзеля таго, каб мы памоўчвалі, каб былі вяроўкі — прывязаць усіх нас эканамічна. Усе ж лейцы ў іхных руках! Яны маюць магчымасьць патрабаваць, але самі асабліва не напружваюцца. Гэта ж вельмі зручна. То бок пра сябе думаюць — чаго ім турбавацца пра нас? У іх свае думкі: каб ты болей набраў даўгоў і потым заваліўся. Якая ж тут прыватызацыя?»
«Барысаўдрэў» у сьнежні 2012-га
«Барысаўдрэў» у сьнежні 2012-га

Амаль год таму, пры канцы лістапада, Аляксандар Лукашэнка наведаў «Барысаўдрэў», даўшы даручэньні завяршыць да 7 лістапада 2013-га ўсе працы па мадэрнізацыі заводу. Аднак сёньня, адхіліўшыся ад маршруту, пракладзенага чыноўнікамі сваёй адміністрацыі, убачыў у цэхах і на вытворчай тэрыторыі «крайнюю ступень безгаспадарчасьці». Як падсумаваў Лукашэнка, тэрміны працы былі неапраўдана зацягнутыя, а значыць, дзяржаўныя сродкі змарнаваныя. Санкцыі аказаліся жорсткімі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG