Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Смалявічах будуць вуліцы Каліноўскага і Быкава. Гадоў праз 20


Смалявіцкі райвыканкам
Смалявіцкі райвыканкам

Смалявіцкія ўлады прапануюць даць імёны знаных беларусаў тром дзясяткам новых вуліц.

У раёне індывідуальнай забудовы пад назвай Ліпкі зьявяцца вуліцы імя Васіля Быкава, Міколы Гусоўскага, Марка Шагала і Ефрасіньні Полацкай.

У Смалявіцкім выканкаме, што па адрасе Савецкая, 125, не адразу згадалі, адкуль зьявілася ідэя даць вуліцам у Ліпках такія назвы. Урэшце выявілася, што ініцыятыва належыць нейкаму Колю, які раней працаваў тут галоўным архітэктарам. Ён і склаў гэты сьпіс з 35 прапановаў, які 28 кастрычніка прынялі на сэсіі райсавету.

Здавалася б, такое рашэньне мясцовых уладаў можна толькі вітаць. Але ж раён Ліпкі ў Смалявічах далёка не прэстыжны. Ён на самым ускрайку гораду, па жодзінскай трасе. Участкі там выдзяляюць тым, хто стаіць на чарзе на паляпшэньне жыльлёвых умоваў.

На грамадзкім сайце гораду Смалявічы ёсьць нават адмысловы форум для тых, каму пашанцавала атрымаць у Ліпках участак. Паводле яго, шчасьлівыя ўладальнікі зямельных надзелаў дайшлі да Адміністрацыі прэзыдэнта з калектыўным зваротамі. Яны абураныя, што ў мікрараёне няма ні мінімальнай інжынэрнай інфраструктуры, ні візуальнай разьметкі будучых вуліц.

«З-за гэтага людзі вымушаныя хадзіць і езьдзіць праз участкі суседзяў, што ня можа не прыводзіць да канфліктаў, — пішуць на форуме. — На запыты ў Смалявіцкі выканаўчы камітэт былі атрыманыя адказы, у якіх адміністрацыя ня можа назваць тэрмін прац па збудаваньні інжынэрнай інфраструктуры».

Людзі непакояцца, бо паводле закону іх абавязваюць прыступіць да асваеньня ўчасткаў на працягу году ад моманту атрыманьня, а будаўнічая тэхніка нават ня можа праехаць па ўчастку.

Цяпер у Ліпках голае поле, па якім дзе-нідзе раскіданыя фундамэнты і каробкі катэджаў.

Толькі адзін гаспадар сустрэўся нам на гэтым полі, дзе вуліца Сымона Манюшкі (так у дакумэнце — Сымона, а не Станіслава) будзе ісьці паралельна вуліцы Ігната Буйніцкага. У самай простай катэджнай каробцы бяз даху і камунікацыяў нетаропка пакурваў цыгарэты самотны смалевічанін. На чарзе ён стаяў чатыры гады, яшчэ тры гады пайшлі на тое, каб падняць гэтыя сьцены ў Ліпках. Праўда, далі крэдыт. «Але што таго крэдыту — толькі на фундамэнт, — кажа мужчына. — Вады няма, электрычнасьці няма, газу няма. Калі вада трэба — прывожу, калі электрычнасьць — генэратар толькі».

Як будзе называцца вуліца, на якой стаіць ягоны дом, гаспадар ня ведае. Ня ведаюць гэтага і ў выканкаме, бо «яшчэ няма канчатковага рашэньня. Можа, і ня будзе там такіх вуліц», — кажуць чыноўнікі.

Такую ж думку выказвае і палітоляг Валер Булгакаў:

«У апошнія гады мы назіраем маленькі, але заўважны трэнд у бок беларушчыны. У Менску за апошнія гады зьявіліся вуліцы Янкі Брыля, Ежы Гедройца, Напалеона Орды і іншых дзеячаў, якія альбо не прысутнічалі ў савецкім іканастасе, альбо, наадварот, выяўляліся як нешта дэструктыўнае, варожае, тлятворнае, як адзнака заходняга ўплыву. Але хачу зьвярнуць увагу, што гэтыя вуліцы знаходзяцца на пэрыфэрыі, у новабудоўлях, у тых раёнах, дзе асноўны кантынгент складаюць ільготнікі, якія пабудавалі сабе кватэру зь дзяржаўных датацыяў. Чаму так ёсьць? Гэта вынік ідэалягічнага павароту беларускай дзяржавы, які ажыцьцявіўся пасьля 2011 году. Калі Лукашэнка цалкам адкінуў ідэю пабудовы саюзнай дзяржавы і пачаў вельмі абмежавана, у ручным рэжыме дазіраваць прысутнасьць беларушчыны, нацыянальных каштоўнасьцяў у прэпараваным выглядзе ў публічнай прасторы.

Выпадак са Смалявічамі проста яшчэ раз ілюструе гэтую тэзу. Беларуськасьці ў афіцыйнай прасторы ёсьць мейсца, але гэта месца ў рэзэрвацыі, на маргінэсе, недзе на ўскрайку ад магістральных шляхоў камунікацыяў, ад месцаў, дзе адбываецца найбольшае выражэньне публічнасьці. Тут, у Смалявічах, мы ўвогуле бачым, што за 30–40 кілямэтраў ад Менску дазволена зрабіць такі скансэн беларускай скіраванасьці. Прычым ня факт, што да моманту рэалізацыі гэтыя ідэі ня будуць перагледжаныя. Бо беларускія ўлады вельмі непасьлядоўныя ў сваім павароце да беларушчыны. Вельмі часта пад ціскам бягучага моманту адбываецца разварот у кірунку імпэрскай, савецкай ці іншай каляніяльнай спадчыны».

Цэнтар Смалявічаў — сапраўдны запаведнік савецкасьці. Шчыльна адна да адной там пралягаюць вуліцы Савецкая, Першамайская, Сацыялістычная, 60-годзьдзя Кастрычніка і 50-годзьдзя ВЛКСМ.

А пэрспэктывы мікрараёну індывідуальнай забудовы Ліпкі — гэтага скансэна беларушчыны — няясныя і далёкія нават з проста тэхнічнага пункту гледжаньня. На пытаньне, калі ж там будуць жыць людзі, чыноўнікі ў выканкаме шчыра адказваюць — гадоў праз дваццаць!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG