Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьпісу неўязных у Эўразьвяз: хто трапіць пад карэктывы


Майра Мора
Майра Мора

Кіраўніца офісу Эўразьвязу ў Беларусі Майра Мора паведаміла пра намер Рады Эўразьвязу пакінуць санкцыі Эўразьвязу адносна беларускіх чыноўнікаў і шэрагу прадпрыемстваў, але скарэктаваць сьпісы.

Паводле заявы спадарыні Майры Моры, зробленай у Вільні на канфэрэнцыі «Стратэгія будучай палітыкі Эўразьвязу адносна Беларусі», санкцыі Эўразьвязу адносна Беларусі плянуецца падоўжыць яшчэ на год, да 31 кастрычніка 2014 году. Пры гэтым са сьпісу асобаў, якія ня маюць права на ўезд у краіны Эўразьвязу, будуць выключаныя 13 чалавек, але дададуцца 3 новыя. Сьпіс прадпрыемстваў, якія падпадаюць пад санкцыі Эўразьвязу паводле падазрэньняў у фінансаваньні беларускага рэжыму, як сказала Майра Мора, будзе зьменшаны на 5 прадпрыемстваў. Імёны асобаў, пра якіх гаворка, і канкрэтныя прадпрыемствы кіраўніца офісу Эўразьвязу не назвала.

Усяго ў сьпісе асобаў, якім не дазволены ўезд у Эўразьвяз, 243 чалавекі і 32 кампаніі. Большасьць з гэтых кампаніяў належаць Юрыю Чыжу, Уладзімеру Пефціеву і Анатолю Тарнаўскаму, якіх у Эўразьвязе лічаць «кашалькамі Лукашэнкі». Раней сьпісы ўжо карэктаваліся ў бок зьмяншэньня.

Сёлета ў красавіку зь ліку прадпрыемстваў, вартых санкцыяў, выключылі «Аквадзіў» і «Спорт-пары», а са сьпісу асобаў — былую намесьніцу рэдактара прэзыдэнцкай газэты «Советская Белоруссия» Ганну Шадрыну. Каму яшчэ могуць вярнуць права наведваць Эўропу? І каго, наадварот, уключаць у сьпіс неўязных?

Праваабаронца Людміла Гразнова мяркуе, што сьпіс могуць зьменшыць за кошт прадстаўнікоў сфэры адукацыі, якіх цяпер там 7 чалавек. Гэта 5 кіраўнікоў ВНУ, у тым ліку рэктар БДУ Сяргей Абламейка, а таксама дырэктар менскага політэхнічнага каледжу і дырэктарка Талькаўскай сярэдняй школы ў Пухавіцкім раёне. Зьняцьце «пакараньня» з гэтых асобаў магло б дапамагчы актывізацыі дыялёгу зь Беларусьсю, лічыць Людміла Гразнова:

Людміла Гразнова
Людміла Гразнова
«З гэтымі асобамі зьвязаныя шмат прафэсараў, дацэнтаў, студэнтаў, якіх перш за ўсіх трэба інтэграваць у сучасную адукацыйную сыстэму Эўропы. І гэта магчымасьць ня толькі для іх, але і для будучыні Беларусі. А вось хто можа быць уключаны? Тут цяжка прадбачыць. Магчыма, нехта зь сілавых структураў, бо і ў гэтым годзе сілавікі дзейнічалі часам вельмі радыкальна».

Якія прадпрыемствы маюць шанцы выйсьці з-пад санкцыяў? Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі не выключае, што гэта будзе нейкае прадпрыемства Ўладзімера Пефціева, пра якога вядома, што ён праз суд дамагаўся адмены санкцыяў, а ў некаторых фірмах саступіў свае актывы іншым людзям. Хто яшчэ?

Раман Якаўлеўскі
Раман Якаўлеўскі
«Не выключаю, што паслабленьне будзе і наконт славутага Чыжа. Мяркую, яшчэ адна рыса — што гэтыя структуры датычныя сумеснага бізнэсу з Латвіяй і зь Літвой».

Раман Якаўлеўскі заўважае, што за апошні год лабісты зьмякчэньня санкцыяў выявіліся ня толькі сярод эўрапейскіх палітыкаў, але і ў Беларусі. На думку аглядальніка, іхнія намаганьні могуць прынесьці посьпех літаральна ва ўсіх групах неўязных. У тым ліку і сярод былых уплывовых сілавікоў, як былы міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў, якія зьехалі зь Менску і асталяваліся збольшага ў Маскве:

«І ня толькі Навумаў. Нагадаю, што намесьнікам генсакратара АДКБ працуе генэрал Генадзь Нявыглас. Мяркую, верагоднасьць таго, што такія людзі, як ён, якія фармальна ўжо ня маюць дачыненьня да Беларусі, могуць апынуцца па-за сьпісам».

У вялікім сьпісе судзьдзяў, якія ня маюць права езьдзіць у Парыж ды іншыя мясьціны Эўропы, паводле Рамана Якаўлеўскага, могуць зьявіцца выключэньні за кошт тых, хто зьмяніў працу. У тым ліку назіральнік не выключае, што гэта будзе былая судзьдзя Тацяна Паўлічук, якая цяпер працуе адвакатам.

Аляксандар Старыкевіч
Аляксандар Старыкевіч
Рэдактар інтэрнэт-выданьня «Салідарнасьць» Аляксандар Старыкевіч таксама мяркуе, што найперш маюць шансы быць выключанымі са сьпісу неўязных у Эўразьвяз тыя, хто страціў свае пасады. Як чыноўнікі, так і судзьдзі, і журналісты. «Прыкладам, могуць зрабіць ласку для Аляксандра Зімоўскага, які даўно зьехаў зь Беларусі», — мяркуе Аляксандар Старыкевіч. Пры гэтым рэдактар «Салідарнасьці» ўвогуле ня бачыць, каб санкцыі мелі вялікую значнасьць для зьменаў у краіне:

«У любым разе разьвязваць сытуацыю тут будуць ня санкцыі, справядлівыя ці не, а яна павінна разьвязвацца ўнутры краіны, яе грамадзянамі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG