Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада БНР: санкцыі трэба працягнуць


Прэзыдыюм Рады БНР выказаўся за прадаўжэньне санкцыяў супраць уладаў Беларусі, уведзеных Эўрапейскім Зьвязам.

Як паведамляеца на старонцы Рады БНР у facebook, Прэзыдыюм Рады БНР, «спасылаючыся на Рашэньне Рады Эўрапейскага Зьвязу 2012/642/CFSP ад 15 кастрычніка 2012 аб працягу дзейнасьці абмежавальных захадаў супраць інтарэсаў рэжыму А. Лукашэнкі, тэрмін якіх выцякае 31 кастрычніка 2013 году», прыняў адмысловую заяву, у якой выказаўся за прадаўжэньне санкцыяў.

Такую пазыцыю прэзыдыюм Рады тлумачыць тым, што «пануючыя ўлады Рэспублікі Беларусь далей трымаюць за кратамі палітычных вязьняў, не адбылося рэабілітацыі па палітычных прысудах, не праведзеныя свабодныя выбары, не расьсьледаваны зьнікненьні палітычных праціўнікаў А. Лукашэнкі, грамадзтва застаецца ў атмасфэры страху палітычных рэпрэсіяў».

У заяве прыгадваецца, што яшчэ 28 сьнежня 2010 году Рада БНР зьвярнулася да ўрадаў краінаў Эўрапейскага Зьвязу, Злучаных Штатаў Амэрыкі, Канады, Украіны, Турэччыны і Эгіпту з заклікам «забараніць уезд на тэрыторыю гэтых краінаў супрацоўнікам КДБ і іншых спэцслужбаў, сыстэмы міністэрства ўнутраных спраў, судоў і пракуратуры Рэспублікі Беларусь, а таксама членам іх сем’яў. Рада БНР разглядае вышэйназваныя структуры як рэпрэсіўны мэханізм, які скарыстоўваецца супраць актывістаў дэмакратычнай апазыцыі».

Прэзыдыюм Рады БНР заклікае Раду Эўрапейскага Зьвязу «ўзнавіць дзеяньне абмежавальных захадаў, пералічаных у рашэньні Рады Эўрапейскага Зьвязу 2012/642/CFS, у поўным аб’ёме і без увагі на адмысловыя выключэньні, зробленыя на працягу году», і " першачарговага пашырэньня сьпісу асобаў пад дзеяньнем абмежавальных захадаў коштам таксама тых, чый удзел у рэпрэсіях і іншай дзейнасьці на карысьць захаваньня нелегітымнага кіраваньня А. Лукашэнкі быў задакумэнтаваны ў пэрыяд пасьля падзеяў, зьвязаных з выбарамі 19 сьнежня 2010 году".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG