Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як нам адабраць Калінінград


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў
Прачытаў я, як Лукашэнка папрасіў у Пуціна Калінінградзкую вобласьць. Прыкол чарговы, хай сабе. Ці мала іх было за 23 гады? Але ў гарадзенскай благасфэры бурнае абмеркаваньне здарылася, амаль сто камэнтаў. А тут яшчэ сустракаю раней гарадзенца, цяпер жыхара Масквы і грамадзяніна РФ, які мне кажа: Масква, канечне, за Рыгоравічам ня пойдзе, а вось уся астатняя Расея, глыбінка асабліва – хоць заўтра! Пуціна ня хочуць, хочуць Лукашэнку! Зусім ён невыпадкова зноў журналісцкую брацію зьбіраў з усіх кутоў Расеі-матухны…

І чаму так, думаецца мне, чаму больш любяць не свайго Пуціна, а грубаватага чужака? Толькі таму, што расейцы, што людзі своеасаблівыя? Не, таму хіба, што гэта народ, які жыве ў сваёй савецкай мінуўшчыне, з партрэтам Сталіна ў грудзях, з думкай пра цьвёрдую руку. А цьвёрдая рука – вось яна, калі ласка, сама сябе прапануе!..

Урэшце ўсе астатнія беларусы парагаталі і суняліся, лічы. А для гарадзенцаў тэма «Лукашэнка і Калінінградчына» застанецца так ці інакш, бо менавіта нам ён мае думку даручыць асвойваць занядбаную расейскім братам былую калгасную зямлю. Не атрымалася сёньня, сходу, дык можа заўтра ці пасьлязаўтра дамовяцца паміж сабой таварышы прэзыдэнты? Хто ведае!

Згадзіцеся, вельмі гэта дзівакавата: лятуць два прэзыдэнты, і аднаму, госьцю, не падабаюцца землі пад крылом. Не падабаецца – маўчы, ты ў гасьцях, хай сабе «ў паветраных». Але ж не, не магу маўчаць! Як жа маўчаць, калі ў яго з гэтым поўны ажур: акуратная геамэтрыя калгасных палеткаў, а ў суседа, аказваецца, чорт нагу зломіць, наўсьцяж бур’яном зарасьлі абшары. Душа смыліць! Але хай бы паспачуваў, дык не: дай, кажа, мне, я ў «рачыцельным» абыходжаньні зь зямлёю толк ведаю!

Хаця нам невядома: так адбывалася размова ці не зусім так. І ці ўвогуле яна была. Калі толькі сам Пуцін не захоча пракамэнтаваць, але наўрад ці захоча, бо несалідна выйдзе. Паколькі давядзецца апраўдвацца ці жартаваць у лепшым разе. Гэта трэба ўмець ставіць суседа ў патавую сытуацыю!

А колькі коп’яў наламана ў інтэрнэце з нагоды «дай Калінінградзкую вобласьць»! Знаўцы пішуць: там землі слабыя для збожжа, жывёлагадоўля –вось асноўнае. І сапраўды: малаком хоць заліся сваім, у астатнюю Расею пачынаюць пастаўкі. Зразумела, што савецкая ўлада на такія «дробязі» не глядзела: загадала сеяць і паспрабуй не пасей! А тое, што занядбалі некалі акуратную нямецкую сельскую гаспадарку, дык нічога дзіўнага. Пасьля вайны зусім бесхацінцамі пачалі Ўсходнюю Прусію засяляць. А колькі ехала ў спадзяваньні на ўсё гатовае германскае? Ніхто ня ставіў задачу захаваць там нешта, галоўным было, каб былі саўгасы і калгасы, як ува ўсім СССР.
А ўсё-ткі русакі загадзілі вобласьць, не згаджаецца адзін удзельнік спрэчкі, хай былі далі «бацьку», ён жа не назаўсёды просіць, у арэнду! І падмацоўвае радкамі «з расейскага інтэрнэту»: «Я бачыў блог з арбітальнай фатаграфіяй мяжы Расеі і Беларусі. Відаць выразную лінію мяжы, зьлева дагледжаныя квадрацікі палеткаў (Беларусь), справа джунглі, без ніякіх палосаў, значыцца Расея. «Бацька» нашы кінутыя сельгасземлі хоча апрацаваць. У чалавека душа баліць за такія чарназёмы, ну якія ж гэта прэтэнзіі? Вось якім павінен быць кіраўнік дзяржавы. Я б за яго прагаласаваў».

У адказ нехта дае афіцыйныя лічбы статыстыкі: «У Беларусі па выніках працы ў студзені-чэрвені 2013 году стратнымі былі 849 сельгаспрадпрыемстваў (56 адсоткаў ад агульнай іх лічбы) супраць 456 (30,1 адсотка ад агульнай лічбы) за аналягічны пэрыяд 2012 году».

Наступны ў падтрымку – «Мары-мары, а што ўжо калінінградцы дрэннага зрабілі, ім-то за што такое пакараньне?» Яшчэ аргумэнт: знайсьці працу ў Калінінградзе нашмат лягчэй, чым у Горадні, 600-700 даляраў – нармальны заробак для калінінградцаў, які ня лічыцца высокім. Пытаньне: «Ці мараць калінінградцы падпасьці пад упраўленьне Горадні?» І страціць свае прывілеі – шматразовыя шэнгенскія візы на год-на тры коштам 35 эўра? Страціць магчымасьць свабодна езьдзіць у Польшчу, зь якой дзейнічае пагадненьне аб малым памежным руху?

Хтосьці хоча намякнуць на фіяска са зборкай «Ford» пад Менскам і наступныя спробы «бацькі» зьбіраць іранскія ці кітайскія машыны. Друкуе статыстыку: у Калінінградзе дзесяць год прысутнічае магутны канцэрн «General Motors», выпускаюцца вядомыя маркі аўто – Hummer, Chevrolet, Cadillac. У вобласьць прыходзяць іншыя сусьветна вядомыя аўтамабільныя вытворцы, плянуецца неўзабавае выпускаць дзьвесьце тысяч машын за год!

Але любы факт можна перакуліць. І нехта ў адказ лямантуе, што расейскае палітычнае кіраўніцтва па-сутнасьці здае Калінінградзкую вобласьць капіталістам! І выснова: «Правільна, што «бацька» прапанаваў дапамогу братняму народу. Пакуль ня стала позна, трэба ратаваць Калінінград ад новых крыжаносцаў!»

Тут жа знаходзіцца голас у падтрымку: «Дзеля беларусаў чалавек стараецца. Дзеля ўсіх жыхароў краіны. Хоча павялічыць тэрыторыю краіны. Маладзец, адным словам!» Эпатаж? Хто ведае! Знаўца-гісторык падлівае ў агонь спрэчкі алей фактаў: «Рыгоравіч гістарычна ў чымсьці мае рацыю. У 1944-45 гадах тэрыторыі Ўсходняй Прусіі з Кёнігсбэргам сапраўды павінны былі ўвайсьці ў склад БССР, замест забіранай Беластоцкай вобласьці. І ўсё гэта адпавядала Ялцінскім пагадненьням». Але нехта Сталіна адгаварыў, маўляў.

Зразумела, калі такі факт напраўду меў месца, Аляксандру Рыгоравічу аб ім таксама вядома. Не выклікае сумневаў і тое, што рыхтуючы маналёг для расейскіх журналістаў, ён улічыў таксама сьвежую навіну з Калінінградзкай вобласьці з галіны літаратуры. Яна была шырока растыражаваная СМІ Расеі.

Жыхарка Калінінграду на паўгады перасялілася на сяло з мэтай напісаць аповесьць «аб расейскай вёсцы». Свой твор пад назвай «Вот моя деревня» разьмясьціла ў інтэрнэце. Неўзабаве яна ўбачыла ля дому каля дваццаці чалавек, узброеных палкамі. «Паўстаньне пэрсанажаў», патлумачыла пісьменьніца ў паліцыі, узначальвала жанчына, якая першай напала на яе. Суседзі пазналі сябе ў аповесьці, дзе жыхары вёскі – «алькаголікі і вычварэнцы», а сама вёска выглядае адсталай ад жыцьця.

Аўтарка дапусьціла неабачлівасьць: ня толькі апісала выгляд і характар вяскоўцаў, але нават пакінула іхнія мянушкі, каб увасобіць у літаратуры «праўду жыцьця». Народ патрабуе перапісаць твор, нецэнзурна аблайвае пісьменьніцу, калі яна ідзе ў сяльпо. Але яна адмаўляецца падпарадкавацца «цэнзурнаму ціску» з боку сваіх чытачоў.

Вось якія непрывабныя норавы пануюць у занядбанай сельскай гаспадарцы Калінінградзкай вобласьці! І хіба няправільным будзе, калі «губэрнатар» Гарадзенскай вобласьці павядзе туды сваіх людзей, каб навесьці «парадкі на зямлі»? Між іншым, яго Аляксандар Рыгоравіч таксама ўспамінаў асабіста. А як жа, сам жа некалі ўручаў яму генэральскія пагоны…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG