Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лабадзенка адстойвае беларускую мову ў судах


Глеб Лабадзенка
Глеб Лабадзенка

Літаратар і журналіст Глеб Лабадзенка паскардзіўся міністру юстыцыі на дыскрымінацыю беларускай мовы ў судзе Фрунзэнскага раёну Менску.

Заяву міністру Алегу Сьліжэўскаму Глеб Лабадзенка накіраваў па выніках адміністрацыйнага судовага працэсу, які 3 верасьня вяла судзьдзя Людміла Лапо.

Судзьдзя адмовіла Глебу ў праве даваць тлумачэньні па-беларуску, бо ніводзін сакратар суду Фрунзенскага раёну не валодае беларускай мовай і ня можа запісаць іх.

«Пасьля гэтага судзьдзя сказала, што ня будзе мяне апытваць. Я быў вымушаны пагадзіцца, каб мае паказаньні ўзялі з папярэдняга тлумачэньня па справе, якое я даваў у адміністрацыі Фрунзенскага раёну. У выніку я быў пазбаўлены законнага права даваць тлумачэньні ў судзе на роднай мове (п. 2.11 Працэсуальна-выканаўчага Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях). Паслугі перакладчыка мне прапанаваныя не былі», — напісаў Глеб у заяве.

На дзеяньні судзьдзі Глеб напісаў скаргу, але адказам старшыні суду ён не задаволены.

На думку Лабадзенкі, і ў часе працэсу, і ў адказе старшыні суду быў парушаны шэраг законаў і нарматыўных актаў Рэспублікі Беларусь, якія рэгулююць мову вядзеньня судовага працэсу і патрабуюць ад судзьдзяў ведаць дзяржаўныя мовы.

Глеб Лабадзенка патрабуе прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасьці старшыню суду Фрунзенскага раёну за невыкананьне цэлага шэрагу Законаў і нарматыўных актаў, «у выніку чаго я быў пазбаўлены законнага права ўдзельнічаць у працэсе і даваць у судзе тлумачэньні на дзяржаўнай і роднай мне беларускай мове».

Таксама ён патрабуе забясьпечыць выкананьне працэсуальнага права і магчымасьці весьці судаводзтва ў судзе Фрунзенскага раёну на дзяржаўнай беларускай мове, зрабіць рэальныя захады для спыненьня сыстэматычнага парушэньня Закону аб дзяржаўнай службе, у адпаведнасьці зь якім сакратары суду павінны валодаць абедзьвюма дзяржаўнымі мовамі — у тым ліку і беларускай, абавязаць суд Фрунзенскага раёну выдаць копію рашэньня суду на дзяржаўнай беларускай мове і абавязаць старшыню суду Фрунзенскага раёну пісьмова выбачыцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG