Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пагавораць Лукашэнка і Пуцін пра Баўмгертнэра


Уладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Уладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 23 верасьня ў Сочы возьме ўдзел у сэсіі Савета калектыўнай бясьпекі АДКБ.

Кіраўнікі Армэніі, Беларусі, Казахстана, Кіргізстана, Расеі і Таджыкістана разгледзяць шляхі мадэрнізацыі мэханізмаў кіраваньня войскамі АДКБ, а таксама магчымасьць стварэньня авіяцыйных сіл арганізацыі.

Прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што «на палях» саміту адбудуцца сустрэчы Пуціна з усімі яго ўдзельнікамі, у тым ліку з Аляксандрам Лукашэнкам.

Пазьней памочнік расейскага лідэра Юрый Ушакоў удакладніў, што асобнай двухбаковай сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі не плянуецца.

Лукашэнка і Пуцін убачацца ўпершыню пасьля арышту ў Менску гендырэктара «Уралкалію» Уладзіслава Баўмгертнэра.

19 верасьня Лукашэнка заявіў, што не выключае магчымасьці экстрадыцыі Баўмгертнэра пры ўмове, што расейскія праваахоўныя органы правядуць неабходнае расьсьледаваньне ў межах закону.

У ліпені «Ўралкалій» абвясьціў пра намер выйсьці са складу Беларускай калійнай кампаніі і прыняць новую стратэгію продажу калійных угнаеньняў — «аб’ёмы вышэйшыя за цану». У адказ на гэта генэральны дырэктар «Уралкалія» Ўладзіслаў Баўмгертнэр быў запрошаны ў Менск да прэм’ер-міністра Міхаіла Мясьніковіча і пасьля сустрэчы 26 жніўня затрыманы ў менскім аэрапорце. Яго абвінавацілі ў злоўжываньні ўладай і нанясеньні шкоды ў памеры 100 мільёнаў даляраў і зьмясьцілі ў СІЗА КДБ.

Шэраг асобаў з кіраўніцтва кампаніі абвешчаныя ў міжнародны вышук, у тым ліку адзін з акцыянэраў «Уралкалія» і сябра расейскага Савету Фэдэрацыі Сулейман Керымаў. «Уралкалій» абвяргае заявы пра неправамерныя дзеяньні з боку Баўмгертнэра або мэнэджмэнту кампаніі і лічыць прэтэнзіі беларускага боку палітычна матываванымі.

Раней Пуцін заявіў, што ня меў кантактаў з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам адносна сытуацыі вакол «Уралкалія». Ён заявіў, што «зацішша» з боку Крамля па справе «Ўралкалія» зьвязанае з тым, што праблему трэба вырашыць, а не заганяць у тупік.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG