Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Станіслаў Бялкоўскі: Пуцін не гарыць жаданьнем бачыць Лукашэнку


Станіслаў Бялкоўскі
Станіслаў Бялкоўскі

Лукашэнку ня варта ўцягваць Уладзімера Пуціна ў калійны канфлікт, — лічыць расейскі палітоляг, дырэктар Інстытута нацыянальнай стратэгіі Станіслаў Бялкоўскі.

На просьбу Радыё Свабода Стніслаў Бялкоўскі адказвае на пытаньне: калі можа адбыцца сустрэча беларускага і расейскага прэзыдэнтаў?

Станіслаў Бялкоўскі: «Ні для каго не сакрэт, што стасункі Ўладзімера Пуціна і Аляксандрf Лукашэнкі характарызуюцца глыбокай узаемнай непрыязьню, якая зьвязаная як са спэцыфікай іх асабістых стасункаў, так і з рознымі падыходамі да эканомікі і палітыкі ў цэлым. Пякельнага жаданьня сустракацца ня мае ані адзін, ані другі бок.

Апроч таго, Уладзімер Пуцін не ўспрымае калійны канфлікт як свой уласны. Для яго гэта хутчэй бізнэс-канфлікт, дзе ключавую ролю грае вядомы бізнэсмэн дагестанскага паходжаньня Сулейман Керымаў, блізкі прэм’еру Расеі Дзьмітрыю Мядзьведзеву і асабліва да першага віцэ-прэ’мера Ігара Шувалава, але не да Пуціна як такога.

Сьпяшацца ў Пуціна няма падставаў. Асабліва, калі „Ўралкалій“ у бліжэйшы час зьменіць уласьніка. А не выключана, што новым уласьнікам „Уралкалія“ стануць структуры, афіляваныя з дзяржаўнай кампаніяй „Роснефть“, і яны самі дамовяцца з Аляксандрам Лукашэнка пра ўзнаўленьне супрацоўніцтва ў сфэры гандлю калійнымі ўгнаеньнямі і ўзновяць статус-кво паміж „Уралкаліем“ і "Беларуськаліем".

У любым выпадку, я лічу, што для Пуціна гэтае пытаньне знаходзіцца на перыферыі сьвядомасьці. А Аляксандру Лукашэнку было б лягчэй вырашыць гэтае пытаньне, не ўцягваючы Пуцін, а абмежаваўшыся Ігарам Сечыным, новымі ўласьнікамі „Ўралкалія“ і гэтак далей. Таму важным стымулаў для сустрэчы двух прэзыдэнтаў з-за калійнага канфлікту я ня бачу.

Аднак з выключна дыпляматычных меркаваньняў яна мусіць адбыцца на працягу бліжэйшых 30-45 дзён».

Аналітыкі меркавалі, што магчымая сустрэча Пуціна і Лукашэнка стане вырашальнай кропкай у калійным канфлікце. Яшчэ колькі дзён таму лічылася, што на дадзеным этапе беларускі прэзыдэнт выглядае пераможцам, а генэральнага дырэктара «Ўралкалія» Ўладзіслава Баўмгертнэра з хвіліны на хвіліны перададуць Расеі

20 верасьня памочнік прэзыдэнта Расеі Юры Ўшакоў паведаміў, што асобнай сустрэчы расейскага і беларускага прэзыдэнта ў Сочы падчас сэсіі АДКБ не плянуецца. Раней паведамлялася, што прэзыдэнты плянуюць сустрэцца і будзе ўзьнятае пытаньне «Ўралкалія».

Паводле Ўшакова, Расея разьлічвае, што расейскага грамадзяніна Ўладзіслава Баўмгертнэра перададуць Расеі як найхутчэй. «Гэты працэс ужо трошкі зацягваецца», — сказаў Ушакоў.

Яшчэ адна магчымасьць у абодвух прэзыдэнтаў пабачыць адзін аднаго — сумесныя расейска-беларускія вучэньні «Захад-2013», якія працягнуцца да 26 верасьня.

Беларускія ўлады пасьлядоўна спрабуюць надаць калійнаму канфлікту палітычную афарбоўку. Адпаведная прапаганда вядзецца праз дзяржаўныя беларускія мэдыі і падтрымліваецца выказваньнямі беларускага прэзыдэнта.

Так, 19 верасьня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «калійны скандал ня мусіць стаць камянём раздору ня толькі паміж дзяржавамі, але і паміж прэзыдэнтамі. Вы ведаеце, як няпроста ўзняўляліся гэтыя стасункі, і мы ня можам, каб яны ізноў былі сапсаваныя...Тыя, хто разьлічваў, што калійныя праблемы падарвуць стасункі двух дзяржаваў, жорстка пралічыліся».

Спробы прадставіць калійны канфлікт як канфлікт паміж Пуціным і Мядзьведзевым рабіліся ад самага пачатку. Расейскае выданьне «Форбс» яшчэ ў дзень затрыманьня генэральнага дырэктара Ўралкалію Ўладзіслава Баўмгертнэра ў Менску назвала дзеяньні Менску «наўпроставым выклікам Мядзьведзеву»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG