Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Магілёўшчыне застрэлілі 1100 дзікоў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

На Магілёўшчыне, каб зьменшыць рызыку распаўсюджваньня вірусу афрыканскай чумы сьвіней, пачалі адстрэльваць дзікоў.

Сярод зьнішчаных жывёлаў інфэкцыі ня выяўлена. Ня выяўлена ў рэгіёне і выпадкаў захворваньня свойскіх сьвіней. Гаспадаркі, якія маюць вялікія сьвінакомплексы, узмацнілі захады па прафіляктыцы. Улады заклікаюць насельніцтва праяўляць пільнасьць і не набываць замежных кармоў.

Паводле інфармацыі спэцыялістаў Магілёўскага дзяржаўнага лесагаспадарчага аб’яднаньня, у рэгіёне ўжо забіта больш за 1100 дзікоў. Гэта дзесяць працэнтаў ад усёй папуляцыі жывёл у вобласьці. Сьцьвярджаецца, што пакуль гаворка ідзе толькі пра зьмяншэньне папуляцыі дзікоў, аднак ёсьць мясьціны, дзе іх зьбіраюцца забіваць пагалоўна. Супрацоўнік аб’яднаньня тлумачыць:

«У раёнах, якія трапілі ў 105-кілямэтровую вакол Віцебску зону, то бок у Круглянскім, Шклоўскім, Горацкім, у частцы гэтых раёнаў, — там вядзецца цалкам адстрэл».

Карэспандэнт: «А інфармацыя — яна адкуль, што менавіта дзікі пераносяць інфэкцыю? Была ж інфармацыя, што праз камбікорм, а тут дзікі?»

Супрацоўнік: «Гэта перастрахоўка. У Падмаскоўі ж ёсьць ачаг афрыканскай чумы, дык там грашаць на тое, што менавіта дзік пераносіць гэтую ўсю справу й што кармы тут ні пры чым. Але гэта пакуль на ўзроўні развагаў».

Паводле суразмоўцы, калі ў дзічыне ня выяўлена інфэкцыі, яна выкарыстоўваецца звычайным парадкам, можа нават паступаць і ў гандаль.

Спэцыялісты сэктару паляўніцтвазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук лічаць, што адстрэл дзікоў — вымушаная, але неабходная мера.
Цяжка, вядома ж, на гэта ўсё глядзець, але выйсьця ў нас іншага няма

«Калі мы цяпер гэтага ня зробім, то можам атрымаць пагрозу менавіта распаўсюджаньня. Сапраўды, на першы погляд — гэта кашчунства, але насамрэч гэта неабходная ўмова. Гэта ўсясьветныя стандарты. Гэта бяда ўсіхная: і паляўнічых гаспадарак, і сельскай гаспадаркі, дый простых абываталяў. Цяжка, вядома ж, на гэта ўсё глядзець, але выйсьця ў нас іншага няма».

Тым часам сельгаспрадпрыемствы пазбаўляюцца невялікіх сьвінарнікаў, на якіх вэтэрынарны кантроль не арганізаваны належным чынам. Паводле вяскоўцаў, жывёлаў з гэтых сьвінарнікаў распрадавалі насельніцтву па заніжаных цэнах, абы хутчэй збыць.

«Яны распрадавалі сьвіней за бесцань, гаспадаркі гэтыя. Відаць, нешта адчуваюць. У мяне ў самога ў двары які дзясятак сьвіней. Сям’я вялікая. А на заробак вы ж ведаеце, як жыць», — кажа жыхар Шклоўскага раёну.

Некаторыя вяскоўцы заяўляюць, што трымаць сьвіней будуць да апошняга:
У нас у каго нэрвы былі слабейшыя, дык тыя ўжо парэзалі

«У нас у каго нэрвы былі слабейшыя, дык тыя ўжо парэзалі. Віетнамскіх трымалі. Яны ўжо былі кіляграмаў па 50–60. Яны ж большыя і не растуць. А як у мяне беларускія сьвіньні, дык я трымаюся да апошняга. А чаму я буду іх здаровымі біць? Яны толькі кіляграмаў па семдзесят. Палец сала там будзе».

Чыноўнікі запэўніваюць, што нішчыць сьвіней на прыватных падворках няма неабходнасьці, бо сытуацыя стабільная і кантралюецца. Акрамя таго, не існуе заканадаўчай базы, якая б дала падставы, каб змусіць людзей пазбаўляцца сваёй жывёлы.

Некаторыя кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў рэгіёну, тым ня менш, настойваюць, што вакол буйных сьвінакомплексаў трэба стварыць пяцікілямэтровую санітарную зону. На іхную думку, каля сьвінарнікаў не павінна быць нічога, што нават тэарэтычна можа нанесьці шкоду пагалоўю. Сярод захадаў называецца і зьнішчэньне сьвіней на прыватных падворках.

Пра жорсткі падыход у барацьбе з афрыканскай чумой кажа і кандыдат эканамічных навук Пётра Мігурскі. Ён зазначае, што сыстэмных захадаў у барацьбе з хваробай на Магілёўшчыне ён пакуль не заўважае.

«Людзі павінны бачыць, што праводзіцца барацьба. Усе гэтыя захады павінны праводзіцца ў больш жорсткай форме. Калі трэба паставіць людзей з аўтаматамі, то іх трэба ставіць. Ня трэба глядзець на нечае меркаваньне. Калі ня будзем эфэктыўна змагацца, то загубім галіну».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG