Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хутка ў школах фізыку і матэматыку ня будзе каму выкладаць


25 ліпеня завяршыўся прыём дакумэнтаў на бюджэтныя аддзяленьні ВНУ.

З прычыны таго, што сёлета крыху павялічыўся мінімальны прахадны бал, зь якім можна падаваць дакумэнты, на шмат якіх спэцыяльнасьцях — недабор. Асабліва востры дэфіцыт абітурыентаў — на сельскагаспадарчыя, тэхнічныя і пэдагагічныя спэцыяльнасьці.

Вынікі залічэньня на пэдагагічныя спэцыяльнасьці, асабліва на фізыку і матэматыку, сьведчаць пра тое, што неўзабаве ў школах, магчыма, ня будзе каму выкладаць гэтыя дысцыпліны.

На фізычны факультэт Менскага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту падалі дакумэнты на бюджэт 30 чалавек пры пляне набору— 85. На матэматычны факультэт на 115 бюджэтных месцаў пададзена заяваў крыху менш за палову — 52. Абітурыенты падавалі дакумэнты, набраўшы ўсяго па 100–120 балаў з 400 магчымых. Летась на фізыку і матэматыку студэнтаў набралі крыху больш, але з кожнага факультэту па 20 студэнтаў было адлічана ўжо на першым курсе.

Дэкан аднаго з «дакладных» факультэтаў пэдунівэрсытэту, які не пажадаў назваць свайго імя, распавёў:

«Таксама і ў Берасьці не дабралі, і ў Віцебску не дабралі. То бок гэта глябальная праблема. Трэба спэцыялістаў для базавых галінаў рыхтаваць, на дакладныя навукі, тэхнічныя спэцыяльнасьці. Але на базавыя галіны дзеці не ідуць вучыцца і не хапае выкладчыкаў. Значыць, трэба падымаць заробкі, галасаваць рублём трэба, як на рынку. А ў нас гэта пакуль не ажыцьцяўляецца. Вось так і пакутуем...»

Вядомы сталічны рэпэтытар Яўген Лівянт кажа: дзяржава прызнае, што ёсьць праблемы ў будаўніцтве, сельскай гаспадарцы, прамысловасьці. А пра адукацыю ўсе маўчаць:

«Мой погляд на праблему такі: першае, што трэба зрабіць, — прызнаць існаваньне крызісу ў сыстэме адукацыі. А пакуль на дзяржаўным узроўні не прызнана, што ў нас у сыстэме адукацыі крызіс, асабліва ў сфэры школьнай адукацыі, то абмяркоўваць нейкія захады няма ніякага сэнсу. Яго ж, маўляў, няма — крызісу, значыць, і абмяркоўваць няма чаго».

І праблема ня толькі ў недаборы на фізыку і матэматыку, што да пэдагагічных ВНУ. Проста ў гэтым месцы — дзе фізыка, матэматыка, — прарвала, кажа Яўген Лівянт:

«А паглядзіце на іншыя прадметы: філялягічны факультэт, гістарычны, геаграфічны. То бок там набіраюць яшчэ на бюджэтную форму. То бок — трэба
у настаўнікі ідуць людзі проста ад безвыходнасьці, гэта па балах заўважна: 140, 130, нават 110
хіба ганарыцца, што людзі прыйшлі і прынамсі ўсе месцы занялі? А паглядзіце на прахадныя балы! Гэта ж катастрофа: у настаўнікі ідуць людзі проста ад безвыходнасьці, гэта па балах заўважна: 140, 130, нават 110. То бок іх больш нікуды ня возьмуць, дык яны ідуць у пэдагогі. Вось на філфак запоўнілі бюджэтныя месцы — значыць, усё нармальна. А тое, што там 100 балаў прахадны і ў адным сказе людзі робяць па 5 памылак — гэта нармальна».

Дэкан пэдунівэрсытэту, доктар фізыка-матэматычных навук, прафэсар перакананы, што прэстыж выкладчыка наагул апусьцілі да мінімальнага ўзроўню. І адна з прычынаў — надзвычай нізкія заробкі, асабліва ў маладых спэцыялістаў. А як вярнуць прэстыж?

«За кошт годных заробкаў. Яны, напэўна, адчуваюць сябе непаўнацэннымі. Маладыя спэцыялісты атрымліваюць паўтара мільёна. А трэба хаця б каб было каля 5 мільёнаў. Таму ж фізыку, якіх не хапае. Тады б былі конкурсы».

Рэпэтытар Яўген Лівянт кажа: яму вельмі падабаецца выраз, што тэндэнцыя важнейшая за факт:

«Тэндэнцыя заключаецца ў тым, што ўжо шмат гадоў прахадныя балы падаюць, попыт на настаўніцкую прафэсію з кожным годам зьніжаецца. Гэта азначае, што ў наступным годзе будзе яшчэ горш. І праз колькі гадоў з гісторыкамі, філёлягамі, географамі адбудзецца тое самае, што цяпер зь фізыкамі і матэматыкамі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG