Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У вязьніцах сядзяць людзі, супраць якіх няма нічога»

абноўлена

Рыгор Кастусёў, перадаў «Свабодзе ў турмах» копію міліцэйскага дакумэнту, які сьведчыць, што ў беларускіх вязьніцах месяцамі проста так могуць сядзець людзі, на якіх не назьбірана аніякіх доказаў віны.

Зь лёгкай, як кажуць, рукі палітвязьня Ігара Аліневіча (у сваім турэмным дзеньніку ён напісаў, што некалі СІЗА КДБ стане музэем) у нашай праграме пачалося актыўнае абмеркаваньне гэтай тэмы. Нам дасылаюць прапановы наконт таго, як можа выглядаць гэты будучы музэй і якія экспанаты там могуць быць прадстаўленыя.

Удзельнік адной зь мінулых перадач, намесьнік старшыні партыі БНФ і экс-кандыдат на прэзыдэнта Рыгор Кастусёў, перадаў «Свабодзе ў турмах» копію міліцэйскага дакумэнту, які сьведчыць, што ў беларускіх вязьніцах месяцамі проста так могуць сядзець людзі, на якіх не назьбірана аніякіх доказаў віны. Размова ідзе пра атрыманую палітыкам праз адвакатаў «Пастанову аб спыненьні крымінальнага перасьледу». Яна тычыцца тых, хто праходзіў па справе Плошчы-2010. У пастанове — сьпіс зьняволеных і фармулёўкі абвінавачваньняў ды матывы вызваленьня з-пад варты. Сярод фігурантаў — «тыя, супраць якіх няма абсалютна нічога».

Пад дакумэнтам стаяць подпісы падпалкоўніка міліцыі Сукалы — гэта начальнік аддзелу расьсьледаваньняў злачынстваў супраць жыцьця, здароўя і маёмасьці грамадзян сьледчага аддзелу ГУУС Менгарвыканкаму, а таксама прозьвішча Казакевіч — гэта падпалкоўнік міліцыі, начальнік сьледчага ўпраўленьня папярэдняга расьсьледаваньня ГУУС Менгарвыканкаму.
Свабода ў турмах. Рыгор Кастусёў
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:39 0:00
Наўпроставы лінк

Кастусёў: «Мне падаецца, што такога дакумэнта больш ні ў каго няма. Вы, „Радыё Свабода“, зацікавіліся ім першымі і я яго вам перадаю. Чым важны гэты дакумэнт для гісторыі? Я лічу, што сытуацыя ў Беларусі зьменіцца. Калі ня заўтра, то пасьлязаўтра, праз год — праз два. Але гэта адбудзецца. І тады гэтыя дакумэнты пакажуць, хто ж зрабіў тое злачынства, хто незаконна садзіў людзей у вязьніцы, хто іх там незаконна ўтрымліваў. І за гэта абавязкова нехта павінен несьці адказнасьць. Тут усе прозьвішчы маюцца. Я імкнуся зьбіраць дакумэнты і па іншых справах. Усё гэта прыдасца. Час надыдзе будзем разьбірацца»



Пра «чыфір» і пацярпелых ад «чыфірыстаў»


Да некаторых чытацкіх водгукаў. У нашай мінулай праграме мы расказалі пра старую «чайную» традыцыю арыштантаў — чыфір. Яна, як сьведчаць зэкі са стажам, паступова адыходзіць у гісторыю. Супрацоўнік «Плятформы», былы палітвязень Мікіта Ліхавід, так бы мовіць, рэканструяваў працэс падрыхтоўкі гэтага напою. У сувязі з гэтым чытач, які падпісаўся нікам Мінчанін, убачыў тут рамантызацыю цяжкіх злачынцаў:

«У гэтай праграме не хапае аднаго, але вельмі важнага. Яе аўтар не цікавіцца, за што трапляюць у турмы яе канкрэтныя героі і турэмныя насельнікі наагул. Паслухаеш — вымалёўваецца вобраз нявіннага пакутніка, які рамантычна расьпівае ў коле паплечнікаў чыфір. Рэкамэндую „Свабодзе“ для раўнавагі запусьціць перадачу, дзе далі б магчымасьць выказацца людзям, якія пацярпелі ад тых, хто „чыфірыць“ у турме».
Паслухаеш — вымалёўваецца вобраз нявіннага пакутніка, які рамантычна расьпівае ў коле паплечнікаў чыфір

Дзякуй за рэкамэндацыю, Мінчанін. Сапраўды, было б цікава даведацца, хто пацярпеў, напрыклад, ад Сяргея Грахоўскага, Аляксандра Салжаніцына, Варлама Шаламава, Ёсіфа Бродзкага, многіх іншых літаратараў ды інтэлектуалаў — вязьняў савецкага ГУЛАГу. Паводле сьведчаньняў гэтых людзей, традыцыя «чыфірыць» не абмінула і іх. Чыфірылі працягваюць чыфірыць у турмах ня толькі «прафэсійныя» крымінальнікі — забойцы, гвалтаўнікі, злодзеі. Гэты напой спрабуюць і многія іншыя насельнікі турмаў. Тыя, хто саступіўся ў наш няпросты час (чалавек скраў мех бульбы, бо есьці хацелася), яшчэ тыя, хто як ня дзіўна, належаў на волі да пасьпяховых людзей: лекараў, журналістаў, праваабаронцаў, студэнтаў, палітыкаў, грамадзкіх актывістаў… Працытаваны вышэй дакумэнт, які прадставіў нашай праграме Рыгор Кастусёў, сьведчыць пра тое, што трапіць у нас за краты можна і не зьдзяйсьняючы злачынства.

Што да задачы праграмы (а пра гэта мы не аднойчы гаварылі), то нас нават больш чым прысуд, цікавіць сыстэма пакараньня зьняволенага, яго ўтрыманьне за кратамі. Ці заслугоўваюць людзі, якія ўжо пакараныя пазбаўленьнем волі, яшчэ і няспыннага прыніжэньня з боку турэмнай адміністрацыі, пазбаўленьня здароўя, а часам і жыцьця? У вас, паважаны Мінчанін, совй адказ на гэтыя пытаньні. Ніколькі не прэтэндуючы на ісьціну ў апошняй інстанцыі, адзначу, што мне бліжэй пазыцыя іншага нашага чытача пад нікам Powala. У сваім камэнце ён зьвяртаецца да вас:

«Ці памятаеце вы пра справу Міхасевіча? „За яго „майстэрства“ 14 невінаватых людзей адседзелі ў турме тэрміны ад 10 да 15 гадоў, аднаго расстралялі, адзін стаў сьляпым“.

Вы пра гэтых 14 „злачынцаў“ хочаце пагаварыць? Ці пра тых, хто быў датычны да справы гэтых 14 ды своечасова зьбег, а цяпер катаецца як сыр у масьле?

Факт, што чалавек апынуўся за кратамі, — ня доказ яго віны. Чалавек, які ўчыніў злачынства, але раскаяўся, ужо не становіць небясьпекі для грамадзтва, у адрозьненьне ад таго, хто дагэтуль паводзіў сябе нібыта добранадзейна, але задумаў злачынства. Таму нельга ствараць сувязь паміж злачынствам і ўмовамі ўтрыманьня».


Дзе сядзіць Мікола Аўтуховіч?


Ад 8 лютага пайшоў пяты год, як утрымліваецца за кратамі палітвязень Мікалай Аўтуховіч. З 2009 па ліпень 2010 ён знаходзіўся пад сьледзтвам у СІЗА на Валадарцы, адтуль быў пераведзены ў Івацэвіцкую калёнію № 5, а напачатку 2012 за частыя выпадкі непадпарадкаваньня адміністрацыі ПК рашэньнем суду трапіў у «крытую» гарадзенскую турму.

Тым часам некаторыя сябры палітвязьня, якія лістуюцца зь ім, сьведчаць, што ўжо даўно ня маюць ад яго аніякіх зьвестак. Іх жа заказныя лісты да Мікалая ў гарадзенскую крытку вяртаюцца назад з пазнакай, што пошта адрасатам «незапатрабаваная». Дзе ж тады знаходзіцца палітвязень?

У архіве нашай праграмы захаваўся запіс яго апошняга тэлефанаваньня на «Свабоду» з івацэвіцкай калёніі. Гэта было пры канцы 2011-га, дзесьці незадоўга да галадоўкі пратэсту ў адказ на тое, што яго незаконна, як на ягоны погляд, зьмясьцілі ў карцэр. Потым была спроба суіцыду, потым — перавод на больш жорсткі рэжым утрыманьня ў Гарадзенскую турму.
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:18 0:00
Наўпроставы лінк

Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч: «Тое, што сёньня адбываецца ў турмах і калёніях, нельга назваць папраўчым працэсам. Хачу, каб людзі на волі ведалі, што заўсёды, знаходзячыся за кратамі, зьбіраў і зьбіраю факты самаўпраўства, зьдзекаў, катаваньняў з боку тых, хто мае ўладу, а таму магу расказаць пра шмат якія эпізоды, якія тычацца зьнявагі чалавека і ўціску ягонай годнасьці».

Якія мэдычныя праблемы маюць «працяглыя» галадоўнікі?


Паводле праваабаронцаў, з улікам першага зьняволеньня (2005–2007) былы ваўкавыскі прадпрымальнік у параўнаньні зь іншымі палітвязьнямі правёў у турэмных установах закрытага тыпу найвялікшы тэрмін. За кратамі Аўтуховіч неаднойчы сьвядома адмаўляўся ад ежы на знак нязгоды зь дзеяньнямі прадстаўнікоў судовай ды турэмнай улады. Сам палітвязень заяўляў, што ня бачыў іншага шляху, каб адстойваць свае правы за кратамі.

Пратэставыя акцыі Аўтуховіча ў турэмных умовах, з дапамогай якіх ён хацеў зьвярнуць увагу грамадзкасьці і міжнароднай супольнасьці на пэўную праблему, неаднойчы ставілі пад пагрозу яго жыцьцё. Адзін з галодных страйкаў (тры месяцы адмовы ад ежы, страта вагі 40 кг) ледзь ня каштаваў яму жыцьця. Сёньня гэты, як кажуць, у росквіце гадоў мужчына мае букет хваробаў: у яго істотна пагоршыўся зрок, страчаныя амаль усе зубы, сур’ёзныя праблемы са страўнікам, падстраўнікавай залозай, моцнае парушэньне абмену рэчываў. У адным з сваіх лістоў ён пісаў: «Часам сяджу на адных кашах, больш нічога не магу есьці. Іншыя худнеюць ад такой ежы, а я — наадварот».

Ня меншыя праблемы са здароўем напаткалі іншых галадоўнікаў-палітвязьняў — Сяргея Скрабца (чатыры галадоўкі: дзьве па 40 дзён і дзьве па 25), Сяргея Каваленку (галадаў прыкладна 2 месяцы, вага дайшла да 45 кг пры росьце 180 см). І толькі адзін працяглы галадоўнік, кандыдат на прэзыдэнта на выбарах 2006 году Аляксандар Казулін (адмова ад ежы 53 дні, страта каля 40 кг вагі) сьведчыць, што ня мае моцных праблемаў са здароўем: «Усё ў руках вышэйшых сіл. Многія і тады казалі мне, што немагчыма пасьля такой галадоўкі захаваць здароўе. Ну, але, як паказвае жыцьцё, гэта таксама магчыма. Таксама я лічу, што калі вязень хоча дамагчыся нечага сур’ёзнага, ён павінен ужыць такую акцыю пратэсту, разумеючы, што трэба ісьці да канца…»


Лекары: «Ісьці на галадоўку тое ж, што ісьці на сьмерць»


Большасьць адмыслоўцаў-мэдыкаў ставяцца да пратэстных галодных акцыяў у турмах рэзка адмоўна. Лічыцца, што ўжо пасьля трох тыдняў адмовы ад ежы арганізм дарэшты спажывае свой натуральны прыродны запас, то бок тлушчы, і пераходзіць на спажываньне ўласных бялкоў. Пачынаецца «самапаяданьне» цела, цягліцаў. Калі тэрмін галадоўкі перавышае месяц, у арганізьме пачынаюцца незваротныя працэсы, што, у сваю чаргу, вядзе да летальнага выніку.

Кандыдат мэдычных навук, гарадзенец Сяргей Мальчык, які вывучаў наступствы галадоўкі для арганізму чалавека і сам галадаў на знак пратэсту ў часе арыштаў, кажа, што нават калі галадоўнік не памёр, калі ён спыніў страйк, не дайшоў да сьмерці, наступствы вельмі цяжкія. Акрамя саматычных зьменаў назіраюцца псыхічныя, інтэлектуальныя.
Свабода ў турмах. Сяргей Мальчык пра галадоўкі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:57 0:00
Наўпроставы лінк

Мальчык: «Чалавек павінен разумець: нават калі ён выйшаў з галаданьня, пачаў харчавацца, нармальна жыць, ён можа стаць інвалідам або псыхалягічна зломленым. Я двойчы ў турме галадаў. Пасьля другой галадоўкі, гэта было дзесяць сутак, у мяне адбыўся збой у арганізме, я пачаў проста паўнець. Да гэтага я быў худым, а тады пачаў набіраць вагу і вельмі хутка, і стрымаць гэта немагчыма было. Скажам так: арганізм стаў баяцца, што будзе трэцяя галадоўка, чацьвёртая і пятая, і пачаў назапашваць тое, што дапаможа вытрымаць галадоўку. Гэта напалову жартам, але таксама й сур’ёзна».

Колішні вязень сумленьня, доктар мэдыцыны Юры Бандажэўскі кажа, што на жаль, апошнім часам многія вязьні інфантыльна ставяцца да такога кроку. У выніку сур’ёзная акцыя пратэсту пераўтвараецца ў кіч.

У сваёй кнізе пра выжываньне ў турме вядомы лекар заклікае вязьняў не адмаўляцца ад ежы, а зьберагчы сябе для далейшай барацьбы пасьля вызваленьня.


Пра галадоўкі непалітычных: «або іх кормяць прымусова, або зьвесткі пра сьмерць не даходзяць»


Праваабаронца «Плятформы» Алена Красоўская-Касьпяровіч — таксама праціўніца галадовак, бо назірала за станам такіх страйкоўцаў, працуючы мэдычнай сястрой у турэмным шпіталі. Тым ня менш яна сьведчыць, што, нягледзячы на ўсю небясьпеку галадовак — а яна рэзкая праціўніца падобных акцыяў, — гісторыя сучасных беларускіх турмаў афіцыйна ня ведае выпадкаў, каб вязьні паміралі ў выніку адмовы ад ежы.

Алена Красоўская-Касьпяровіч
Алена Красоўская-Касьпяровіч
«Тут два варыянты — або адміністрацыя, насуперак дзейным правілам, адчуваючы небясьпеку, загадвае прымусова карміць вязьня праз зонд ці кропельніцу. Або да нас проста не даходзяць факты сьмерці ў сувязі з галадоўкамі. Дзе гарантыя, што ў беларускіх турмах са звычайнымі вязьнямі, якія ня маюць гучных імёнаў, не адбываюцца варыянты а-ля Магніцкі? Пры дрэнным раскладзе цалкам магчымы „варыянт Магніцкага“, калі сваякам проста кажуць: „захварэў ды памёр“ ці „скончыў жыцьцё самагубствам“».

Алена Красоўская, аднак, больш схільная лічыць, што галадоўнікаў усе ж кормяць сілком.

«Гэтыя людзі дакладна трацяць здароўе. Пра гэта сьведчаць сваякі вязьняў, калі зьвесткі пра галадоўкі іхніх родных нейкім чынам праточваюцца праз турэмныя муры», — кажа яна.

Адзін з апошніх выпадкаў здарыўся зь вязьнем мазырскай калёніі № 20 Віктарам Харламавым, 1978 году нараджэньня. У 2004 годзе Віктара асудзілі за крадзеж у складзе арганізаванай групы на 10 гадоў пазбаўленьня волі. Усе 7 гадоў Віктар, яго адвакат і сваякі неаднаразова зьвярталіся ў розныя інстанцыі з скаргамі на несправядлівы прысуд, аднак атрымлівалі стандартныя адпіскі. У выніку ў 2011 годзе Віктар Харламаў пайшоў на адчайны крок і абвясьціў бестэрміновую галадоўку. За 2 месяцы адмовы ад ежы вязень пры росьце ў 180 см пачаў важыць 48 кг і зь цяжкасьцю ўставаў з ложка. Першапачаткова на асуджанага проста не зьвярталі ніякай увагі, нават спрабавалі проста зьдзекавацца зь яго. Калі стан стаў крытычны, Віктара Харламава вывезьлі ў Менск, у Рэспубліканскі турэмны шпіталь.

Празь нейкі час да праваабаронцаў трапілі зьвесткі пра тое, што Віктар асьлеп. Апошнім часам сваякі асуджанага на кантакты з грамадзкасьцю не ідуць…


«Спосабаў прымусіць спыніць галадоўку ў адміністрацыі шмат»


Ці варта ісьці на галадоўку? Такое пытаньне мы задалі не палітычным, а крымінальным зьняволеным, якім даводзілася галадаць у турмах ды калёніях.

Аляксандар аднойчы галадаў пару тыдняў на зоне на знак пратэсту ў сувязі з тым, што афіцыйна пасланая ім у вышэйшыя інстанцыі скарга так і ня выйшла за межы вязьніцы. Сваю акцыю ён лічыць бессэнсоўнай:
Адміністрацыі няма справы, ім усё роўна. Нават калі памрэш ад галадоўкі, ім напляваць

«Галадай, не галадай, але ты нічога нікому не давядзеш. Адміністрацыі няма справы, ім усё роўна. Нават калі памрэш ад галадоўкі, ім напляваць.Там толькі выконваюць загады, а ніякай адказнасьці нават за сьмерць чалавека не нясуць».

Удзельнік нашых мінулых праграмаў Валер Савянкоў, знаўца пытаньняў утрыманьня ў беларускіх і літоўскіх вязьніцах (апошнім разам ён сядзеў у Правeніскай калёніі), які выйграў працэс у Страсбурскім судзе і атрымаў ад літоўскіх уладаў грашовую кампэнсацыю ў памеры 5 000 эўра, распавёў у адной зь мінулых праграмаў «Свабоды ў турмах», што і сам нярэдка галадаў у няволі на знак пратэсту. Ён лічыць, што «заўсёды трэба памятаць, што ў адміністрацыі турмаў і калёніяў шмат спосабаў прымусіць вязьня спыніць галадоўку, калі яны захочуць іх ужыць».

«Прымусовае харчаваньне праз рот, але тады чалавек пачынае задыхацца, гэта небясьпечна. Палохаюць і такім спосабам — кропельніцай і ўвядзеньнем пажыўнага раствору праз задні праход. А што гэта азначае для зэка? Ён трапляе ў іншы статус адразу, ён робіцца „апушчаны“, яму адзін шлях — у „петушатню“. Таму дастаткова толькі прыгразіць такім спосабам, і вязень сам спыніць галадоўку».

Былы беларускі вязень Зьміцер напісаў нам, што галадаў у СІЗА на «Валадарцы». Ён трапіў у камэру ў так званым спэцкалідоры, калі арыштанты ўжо абвясьцілі галадоўку з-за так званых «наморднікаў», тых шматлікіх сетак на вокнах, з-за якіх цяжка дыхаць, асабліва калі горача. Якраз на той момант зьняволены атрымаў харчовую пасылку з дому. Турэмнікі, лічыць Зьміцер, рабілі стаўку на тое, што ён прынясе гэтыя харчы ў камэру, і такім чынам галадоўка сарвецца. Аднак вязень пакінуў торбу з прадуктамі за дзьвярыма і далучыўся да страйку.

Зьміцер: «Я ня лекар, каб сьцьвярджаць, што менавіта падрывае здароўе: галадоўкі, або турэмнае харчаваньне, або ўмовы ўтрыманьня, або нэрвы, нарэшце. Сам я лічу, што ў тых умовах сваю праўду можна даводзіць менавіта такімі крайнімі, экстрэмальнымі дзеяньнямі. У нас на працягу дзесяцігодзьдзяў склалася такая непрыгожая сыстэма, што прарваць яе можна або галадоўкамі, або так званым „ускрыцьцём“. І то ня факт, што даб’есься свайго.

У любым выпадку памерці ў вязьніцы не дадуць, як правіла. Калі ня хочуць ісьці на саступкі, то сілай будуць заліваць парэнтэральна праз зонд. Ня ўпэўнены, што падобная працэдура можа рабіцца праз прамую кішку. Хоць палохаць галадоўнікаў такім чынам адміністрацыя можа. Гэта гучыць вельмі страшна. Мянты чым заўгодна могуць палохаць. Хоць кармленьнем праз вочы або вушы. Абы зэкі не галадалі і не прыносілі праблем на іх галаву».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG