Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пацёмкінскія малпы Ірану


28 студзеня Іран паведаміў, што запусьціў у космас карабель з малпай на борце. У якасьці доказу былі прадстаўленыя фота малпы да і пасьля палёту.

Паведамленьне выклікала занепакоенасьць міжнароднай супольнасьці, паколькі рашэньні ААН забараняюць Тэгерану разьвіваць касьмічныя праграмы. Аднак потым узьніклі сумневы ў праўдзівасьці паведамленьняў пра палёт жывёліны.

Рэзалюцыя ААН № 1929 забараняе Ірану «любую дзейнасьць, зьвязаную з балістычнымі ракетамі, здольнымі дастаўляць ядзерную зброю, уключаючы пуск з выкарыстаньнем тэхналёгіі балістычных ракет». Аднак Тэгеран не ўпершыню ігнаруе рашэньні міжнароднай супольнасьці.

28 студзеня іранскія афіцыйныя асобы паведамілі, што касьмічны карабель з малпай на борце падняўся на 20 хвілінаў на вышыню120 кілямэтраў над Зямлёй і вярнуўся назад.

Але прадстаўленыя Тэгеранам доказы палёту выклікалі сумневы.

На фотаздымках, якія апублікаваў брытанскі The Times, бачна, што малпа, якая перад запускам прывязаная да крэсла на караблі, мае сьветлую поўсьць і радзімку над правым вокам, а малпа, якая нібыта вярнулася з касьмічнага падарожжа, мае цёмную поўсьць і ніякіх радзімак.

Гэтыя разыходжаньні спараджаюць меркаваньне, што касьмічны палёт, які быў прымеркаваны да 34-й гадавіны іранскай рэвалюцыі, быў няўдалым ці наагул не адбыўся.

У мінулую суботу афіцыйны прадстаўнік іранскага касьмічнага агенцтва Мухамад Эбрахімі прызнаў, што сапраўды былі прадстаўленыя здымкі розных жывёлін: на другім фатаздымку — малпа-дублёр, якая не была ў космасе.

На думку вайсковых экспэртаў, гучныя паведамленьні пра касьмічны трыюмф, які насамрэч быў няўдачай, магчыма, закліканы схаваць сакрэтныя, больш пасьпяховыя ваенныя праграмы Ірану.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG