Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖЫВАЯ МОВА: ПАЗОЎ, ЗЫСК ЦІ ІСК?


Юрась Бушлякоў, Менск

Назоўнiк iск, зрэшты, вядомы ў частцы беларускiх гаворак, але зусiм не зь юрыдычным значэньнем. На Чэрвеньшчыне, пад Маладэчнам альбо, скажам, каля Слаўгараду iск – гэта пчалiная выведка, тыя пчолы, якiя шукаюць месца для новага рою. Іск як тэрмiн пазычаны быў з расiйскай юрыдычнай мовы ў 1920-ыя гг. Апошнiм пятнаццацiгодзьдзем на месцы юрыдычнага iску ў беларускiх тэкстах усё часьцей бачым заменьнiкi – зыск i пазоў. Назоўнiк зыск вядомы ў нашай мове з XV ст. Традыцыйна гэтае слова азначала ‘прыбытак’ або – у пераносным сэнсе – ‘выгаду, карысьць’. У значэньнi iску – звароту ў суд з патрабаваньнем абаранiць правы – зыск пачаў ужывацца зусiм нядаўна. А вось пазоў на месцы iску – гiстарычна апраўданы, натуральны: у старой нашай мове да адказнасьцi пазывалi. Ад назоўнiка пазоў ёсьць прыметнiк пазоўны. Да ХХ ст. у жывой беларускай мове захавалася характэрнае для старога нашага справаводзтва словазлучэньне пазоўны лiст – адпаведнiк цяперашняй iскавай заявы. Пра пазоўны лiст к пану пачуў ад сучасьнiкаў-беларусаў Іван Насовiч i запiсаў у сваiм знакамiтым слоўнiку. Таго, хто падае пазоўны лiст, варта, не парушаючы сыстэмы, назваць пазоўнiкам або пазоўнiцаю. Як вынiк, маем цэлае гняздо словаў i маем пераемнасьць памiж старою нашаю мовай i новаю: пазываць, пазоў, пазоўны лiст, пазоўнiк з пазоўнiцаю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG