У слоўнiках народнай беларускай мовы iспыту няма, гэта кнiжны назоўнiк, утвораны ў стараславянскую пару ад дзеяслова испытати. “Гiстарычны слоўнiк беларускай мовы” испыту, праўда, таксама не падае – у расьпiсанай на карткi лексыцы старабеларускага пiсьменства испыту не аказалася. Іспыт быў узяты ў нашую лiтаратурную мову ў ХХ ст., узяты адзiн, без аднакаранёвых словаў. У iспыце – нехарактэрная для беларускiх назоўнiкаў прыстаўка iс-. Мы не гаворым сёньня па-беларуску iспытаць або iспытваць, iспытны або iспытальны, маем беларускiя iншакаранёвыя словы – выпрабоўваць, выпрабавальны, выпрабавальнiк. Уводзячы на пачатку мiнулага стагодзьдзя ў нашую мову iспыт, нехта з айчынных аўтараў выбраў яго на фоне ўласьцiвага расiйскай мове назоўнiка испытание. Пасьляваенныя акадэмiчныя слоўнiкi фiксавалi iспыт у двух значэньнях: як ‘праверку ведаў’ i проста як ‘выпрабаваньне’. Пiшучы пра русiфiкацыю беларускае мовы ў БССР, крытыкаваў ужываньне назоўнiка iспыт Станiслаў Станкевiч. На месцы iспыту Станкевiч раiў ня толькi агульнаўжывальны лацiнiзм экзамен, але й жывое беларускае слова выпыты. Зрэшты, выпыты рэкамэндавалi беларускiя мовазнаўцы й значна раней – знаходзiм гэты назоўнiк у слоўнiках Сьцяпана Некрашэвiча й Мiколы Байкова.
Выпыты, аднак, застаюцца пакуль у рэзэрве мовы. Мы выбiраем памiж экзаменам i iспытам, памiж двума пазычаньнямi. Выбiраючы, ня варта ўнiкаць экзамену, пагатоў што слова гэтае мае ў нашай мове багатае лексычнае гняздо. Гаворым: экзамен, экзаменаваць, экзаменатар, экзаменацыйны, экзаменацыйнiк.