Раніцай у Курапатах ішоў мокры сьнег, і ў намеце каля печкі сядзелі чатыры валанцёры. Над лягерам па-ранейшаму лунае бел-чырвона-белы сьцяг, хаця ўчора міліцыянты патрабавалі, каб валанцёры яго зьнялі.
Будаўнічыя работы на дарозе фактычна не вяліся, і таму добраахвотнікі былі больш заклапочаныя гаспадарчымі справамі. Настрой у хлопцаў быў даволі сумны. Спачатку яны ўвогуле не хацелі гаварыць пра прычыну такога настрою. Пасьля старшы ў лягеры Алесь Гетман усё ж распавёў:
(Гетман: ) “Ноч была вельмі неспакойная. Спрабавалі згвалтаваць адну зь дзяўчын, маладую сацыял-дэмакратку. Мы езьдзілі лавілі тых хлопцаў, што спрабавалі яе згвалтаваць. Гэта было вельмі непрыемна”.
Аднак паведамляць нейкія падрабязнасьці гэтага інцыдэнту валанцёры не захацелі, заявіўшы, што з бандытамі яны разьбяруцца самі. Вядома толькі, што дзяўчыне Людзе ледзь удалося ўцячы ад гвалтаўнікоў, пасьля чаго яна прыбегла ў лягер і распавяла, што на яе напалі. Некалькі валанцёраў пабеглі ў мікрараён, дзе адбыўся напад, знайшлі некалькіх хуліганаў і, як прызналіся, пагаварылі зь імі па-мужчынску.
Сёньня абаронцы Курапатаў былі занятыя тым, што разьбіралі на дровы вялікія шчыты з дошак, якія прывезьлі ў лягер актывісты грамадзкай ініцыятывы “За выратаваньне мэмарыялу Курапаты”. Частка добраахвотнікаў гатавала абед.
Як гавораць валанцёры, апошнім часам праблемаў з харчаваньнем у іх няма — ежу ім прывозяць прадстаўнікі грамадзкай ініцыятывы і простыя людзі, шо наведваюць лягер. Адна з такіх добраахвотніц — спадарыня Вера, яна прынесла сёньня абаронцам Курапатаў капусты й алею. Гаворыць спадарыня Вера:
(Вера: ) “Я вельмі занепакоеная. Я слухаю перадачы, чытаю газэты і вельмі занепакоеная нашай сытуацыяй. Зьнікаюць людзі. Абаронцы Курапатаў таксама ў такой сытуацыі, на холадзе, гэта ж ня дома. Хворыя. І я вельмі перажываю за ўсё гэта. Як паслухаю, у мяне на вачах сьлёзы ад усяго гэтага жыцьця”.
Калі я ўжо пакідаў Курапаты, па дарозе сустрэў яшчэ некалькі чалавек — яны йшлі ў бок лягеру наведаць валанцёраў і падтрымаць іх.