Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ МАСТАКІ ЗЬБІРАЮЦЦА ЛАДЗІЦЬ АЎКЦЫЁНЫ СВАІХ ТВОРАЎ, А АТРЫМАНЫЯ ГРОШЫ ПЕРАДАВАЦЬ У ФОНД ПАБУДОВЫ МЭМАРЫЯЛУ Ў КУРАПАТАХ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Рашэньне пра стварэньне экспэртнай камісіі “Нэкропаль Курапаты” было прынятае прэзыдыюмам Беларускага саюзу мастакоў. У яе склад увайшлі мастакі Мікола Купава і Аляксей Марачкін, скульптары Алесь Шатэрнік ды Алесь Дранец, мастацтвазнаўца Яўген Шунейка ды некаторыя іншыя творцы. Пра мэты гэтай камісіі распавядае яе ініцыятар Мікола Купава:

(Купава: ) “Я думаю, мэта нашай камісіі будзе заключацца ў тым, каб акамуляваць усе тыя ідэі й напрацоўкі, якія цяпер высьпяваюць у грамадзтве — па-першае. А па-другое — каб ня быць убаку ад важных грамадзкіх працэсаў, што адбываюцца ў краіне. Мы заўсёды былі ініцыятарамі падобных мерапрыемстваў. Дарэчы, і помнік гэты — крыж —усталёўвалі ў Курапатах”.

(Карэспандэнт: ) “Я так разумею, што гэта нейкі каардынацыйны цэнтар конкурсу?”

(Купава: ) “Не зусім. Проста мы мяркуем, што нельга ж такую справу высокага духоўнага значэньня пусьціць на самацёк і нейкую самадзейнасьць. І гэта недапушчальна. Таму тут патрэбнае прафэсійнае вока й прафэсійныя адносіны да таго, што будзе там рабіцца. У нас ёсьць канцэпцыя, ёсьць погляды на гэтую канцэпцыю, і я думаю, што яна будзе дасканаліцца, разьвівацца”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, якія канкрэтныя праекты падалі ў вашую экспэртную камісію?”

(Купава: ) “Ну, праектаў яшчэ пакуль ніхто не падаваў, бо мы толькі ўтварыліся. Я думаю, спачатку будзе арганізацыйная праца. Праекты былі раней. Можа, ня ўсё там будзе задавальняць, трэба цяпер паглядзець сьвежым вокам, але ж людзі працавалі. Былі нейкія абмеркаваньні, былі думкі. Але цяпер будзем трымацца канцэпцыі, якая будзе абнародаваная, і нейкага адзінага погляду на тое, што там павінна быць”.

На старшыню экспэртнай камісіі пры Саюзе мастакоў абраны Аляксей Марачкін, які ёсьць кіраўніком камісіі па мэмарыялізацыі грамадзкай ініцыятывы “За выратаваньне мэмарыялу Курапаты”.

Зрэшты, экспэртная камісія “Нэкропаль Курапаты” таксама мае грамадзкі характар. Яе сябры не зьбіраюцца прасіць у дзяржавы сродкаў на ўзьвядзеньне мэмарыялу, а вырашылі зарабіць грошы самі. Бо ўлады цягам 13 гадоў не зрабілі нічога для мэмарыялізацыі Курапатаў. Мікола Купава працягвае:

(Купава: ) “Мы мяркуем, што можа быць далучацца да нас ня толькі зь Беларусі мастакі. Правесьці некалькі аўкцыёнаў па продажы сваіх твораў, для таго, каб запачаткаваць нейкую фундацыю. Я думаю, што ў гэтай справе дапамогуць іншыя арганізацыі, структуры. Гэта проста павінна быць усенароднае рушэньне”.

Паводле Міколы Купавы, некаторыя мастакі ўжо выказалі жаданьне ахвяраваць грошы ад продажу сваіх працаў на пабудову мэмарыялу.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG