Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія хутары: ці стане Беларусь Даніяй на ўсходзе Эўропы?


Аляксандар Уліцёнак, Менск

Сёньня ў гэта цяжка верыцца, аднак да 1939 году Беларусь была краінай хутароў. Актыўнаму адасабленьню сялянскіх двароў спрыяў яшчэ Пётар Сталыпін, калі быў губэрнатарам Гарадзеншчыны. А другую хвалю хутарызацыі ініцыявалі камуністы 1920-х гадоў. У лёзунгу тае пары сьцьвярджалася, што “Беларусь у разьвіцьці сельскай гаспадаркі павінна ісьці па шляху Даніі й мае стаць Даніяй на ўсходзе Эўропы”. Але ў 1930-х усё пайшло наперакос. І сёньня ў краіне ўсяго 955 хутароў — гэта адна двухсотая ад таго, што было.

Як імкліва разбурае час людзкую памяць: нават 40-гадовыя мае землякі ня могуць прыгадаць, адкуль пасярод поля за вёскай узялася ўжо амаль спарахнелая яблыня, хто пасадзіў яе, калі?.. Паціскаюць плячыма. А між тым, тут быў некалі хутар, дзе расла любімая настаўніца некалькіх пакаленьняў вучняў Цішоўскай школы Валянціна Нізаўцова. Крыху далей яшчэ адзін — майго дзеда... А ўсяго каля двух дзясяткаў на невялікім лапіку зямлі. Сёньня ж ува ўсёй нашай Магілёўскай вобласьці засталіся толькі тры хутары. І столькі ж у Гомельскай.

(Нізаўцова: ) “У асноўным хутары былі на ўскраінах лесу. Каля лесу людзі жылі, адасоблена ад вёскі. І я лічу так, што жылі яны вельмі добра й былі задаволеныя сваім жыцьцём”.

Аднак у 1936 годзе, згадвае Валянціна Паўлаўна, тыя гаспадаркі пачалі звозіць у невялічкую суседнюю вёску Ракузаўка. Бацькі не хацелі пераяжджаць, і дзяўчынка моцна дзівілася з гэтага: чаму — разам жа будзе весялей!

(Нізаўцова: ) “Я памятаю, што прыйшоў адзін сусед да майго бацькі. Самавар вядзёрны быў на стале, пілі яны гарбату і вельмі плакалі... Нам жа што пераехаць? Пяцьсот мэтраў толькі. Ня ў гэтым рэч, а ў тым, што яны ня хочуць. Яны хочуць усё сваё мець, хочуць жыць адасоблена. Вольна. Асобна ад гэтага хочуць жыць”.

Не атрымалася. Бо памяняўся генэральны курс ВКП(б). Абвешчаная пры НЭПе палітыка фэрмэрскага вядзеньня беларускае вёскі празь яе хутарызацыю саступіла ідэі калектывізацыі... Між тым у сярэдзіне 1930-х гадоў амаль кожная чацьвертая гаспадарка ў БССР мясьцілася на хутарах. І на думку тагачаснага кіраўніка спэцслужбаў таварыша Бермана, гэта было “вельмі сур’ёзнай палітычнай і эканамічнай перашкодай”. Размаўляем з Тацянай Процькай, якая дасьледавала той гістарычны пэрыяд.

(Карэспандэнт: ) “Ці ёсьць у беларускай прыродзе, у натуры беларусаў цяга да хутаранскага жыцьця?”

(Процька: ) “Цяжка сказаць, генэтычная асаблівасьць беларусаў ці эканамічны стан вымушаў людзей жыць асобна. Але мы дакладна ведаем: ужо да 1918 году тут існавалі 55 тысяч хутароў”.

Гэтая лічба неўзабаве павялічылася амаль у чатыры разы. Беларусь сапраўды капіявала вышэйзгаданую Данію. Нават ва ўсходняй частцы краіны. У такіх раёнах, як Амсьціслаўскі, Дрыбінскі, Сеньненскі, Горацкі, Мехаўскі, больш за палову сельскіх гаспадарак былі хутарскімі. А ў Лёзьненскім і Сураскім вёсак увогуле практычна ня ведалі... Што да заходнебеларускіх сялянаў, дык да “вызвольнага” паходу Чырвонай Арміі 70% былі хутаранамі. Ураджайнасьць збожжавых яны паднялі да ўзроўню Францыі, а некаторымі іншымі паказьнікамі абганялі й фэрмэраў Злучаных Штатаў.

(Процька: ) “У 1939 годзе ў Беларусі правялі вялікую апэрацыю для вынішчэньня хутароў... Па афіцыйных зьвестках, іх было вынішчана болей за 103 тысячы... У адно лета! Гэта была такая вялікая трагедыя для беларускіх людзей, памеры якой можна было параўнаць толькі з калектывізацыяй”.

Гісторыка Тацяну Процьку дапаўняе філёляг Валянціна Нізаўцова, якая памятае тыя падзеі:

(Нізаўцова: ) “Бацька часам пойдзе на свой хутар, абдыме яблыню, якая стаяла там... Абдымаў і плакаў ці цяжка ўздыхаў. Маці гаворыць: “Паўка! Не хадзі ты туды і ня рві мне сэрца”. І сама плакала... Бацька гаворыць: “Ня дай Божа, якія зьмены тут будуць, але я сваю хату на плячах перанясу зноў на хутар”. Ну, не давялося. Яго ўзялі ў другую мабілізацыю, і ён загінуў...”

Моцны, культурны, самастойны гаспадар на сваёй зямлі ня зьдзейсьніўся — яго пазбавілі роднага хутару. Кінулі ў калгас... Наш, ракузаўскі, назвалі досыць прэтэнцыёзна: “Маяк камунізму”. Перагнаць Данію з Амэрыкай бяз Паўла Нізаўцова і майго дзеда, іхных сяброў ня выйшла. Патух маяк... Збудаваная, так бы мовіць, на хутарскіх папялішчах вёска згасае. Хоць да гораду дзясятак кілямэтраў. Тое не ратуе, бо на зямлі няма гаспадароў. Разважае Тацяна Процька:

(Процька: ) “Жыцьцё на хутары — гэта перш за ўсё свабода. Нашы беларускія людзі перш за ўсё цанілі свабоду, сваю асабістую свабоду... І мне падаецца, што з вынішчэньнем хутароў мы якраз і страцілі вось гэтае пачуцьцё свабоды, мы сталі калектывістамі і не адчуваем таго, што адчувалі хутаране, якія называлі хутары сваёй малой радзімай”.

Зьнішчыць хутары канчаткова саветам і партыі ўдалося толькі на Магілёўшчыне ды Гомельшчыне: сёньня іх там усяго па тры на вобласьць. Для параўнаньня: 446 хутароў выжылі на Віцебшчыне, 434 на Гарадзеншчыне, 40 у Менскай і 30 у Берасьцейскай абласьцях. Сякія-такія прыкметы трэцяй хвалі хутарызацыі Беларусі былі заўважныя, калі краіна абвясьціла сваю сувэрэннасьць, кажа краязнаўца зь Мёраў Валеры Каралёў:

(Каралёў: ) “На пачатку 1990-х гадоў была дзяржаўная палітыка. Яна падмацоўвалася матэрыяльнай дапамогай, ільготамі хутаранам і фэрмэрам. Тым больш у нашым раёне малая контурнасьць палёў. І ёсьць такія кавалкі зямлі, якія найлепш і выгодней за ўсё апрацоўваць менавіта хутараніну самастойна. Гэтая тэндэнцыя, адроджаная напачатку 1990-х, сёньня пакрысе зьнікае”.

Бо зноў памяняліся правілы гульні, лічыць ашмянскі фэрмэр Пётар Кулак. Жартам ён кажа, што ўласнае прозьвішча не дае яму спакою — увесь час нагадвае пра тое, што гісторыя паўтараецца: дзяржава ня любіць заможных сялянаў. Адсюль і неспакой на душы:

(Кулак: ) “Пабудаваў хату на сваім полі й на хутары. Колькі “трудоў” уклаў! Камянёў павывозіў! Вельмі многа... Каму я гэтую хату кіну? Калгасу?!”

Ранейшая любоў беларускага кіраўніцтва да калгаснае мадэлі сельскай гаспадаркі непакоіць практычна ўсіх фэрмэраў, што аселі на хутарах. Тыя, хто больш пабачыў у сваім жыцьці, сумна жартуюць — ня там, маўляў, нарадзіліся... Каб даць ім волю, яны б шмат чаго перарабілі на свой лад, як Лявон Валуй з Лагойшчыны:

(Валуй: ) “Цывілізаваная сельская гаспадарка — гэта эўрапейскі ўзор. Скажам, я быў у Эстоніі: там хутарок празь пяцьсот мэтраў, праз кілямэтар — другі. Там сем кароў у аднаго хутараніна. 17 гектараў сенажацяў, якія абгароджаныя дротам. За гэтым дротам ходзяць каровы пасуцца, вечарам ён заганяе. У яго даільны апартат, ён надойвае малако. І так корміцца. І ніякіх праблемаў зь мясцовай уладай”.

Дзеля справядлівасьці варта заўважыць, што і ў Беларусі сям-там спрацоўвае здаровая лёгіка жыцьця. Мясцовае начальства хоць і не асабліва падтрымлівае, затое й не перашкаджае разьвіцьцю ацалелых хутароў, якія насуперак абставінам набіраюць моцы. Прыкладна такая сытуацыя ў першага смаргонскага фэрмэра Іосіфа Шуляка:

(Шуляк: ) “Я пабудаваў сабе дом-асабняк. Фэрму пабудаваў. І хаця ад вёскі далёка, але на хутары лепш. Зямля побач, усё сваё вакол. Вокам правёў — і ўсё відаць. Бачыш, як узыходзіць. Усё на месцы. А так, калі жывеш у вёсцы, а зямля за 10 кілямэтраў, то гэта ня фэрмэр”.

Той самай думкі й Аляксандар Фядзянін з Гомельшчыны:

(Фядзянін: ) “Вось нам далі фэрму за 10 кілямэтраў ад таго месца, дзе я жыў раней. Ад калгасу. Убаку. Мы там пабудавалі маленькі хутарок. І жывём ужо там. І працягваем жыць і будаваць у такі цяжкі час. Але лепш не будаваць, а мець гатовае”.

Андрэй Корсак з-пад Рaдашкавічаў:

(Корсак: ) “Мы жывём на хутары. Пабудавалі дом на сваёй зямлі. І ведаеце, сама нармальна... У вёсцы ня так”.

Юр’ю Лышчыку хутка 32 гады. Фэрмэрствам ён займаецца нядаўна, жыве недалёка ад Шчучына ў вёсцы Тапілішкі. Каля 15 гектараў ягонай зямлі знаходзяцца за пяць кілямэтраў ад вёскі, бліжэй не знайшлося. Юры ведае ў сваім раёне фэрмэра, які й таму жыве менавіта на хутары.

(Лышчык: ) “Паўлюкевіч Іосіф, ён на хутары ўжо гадоў каля дзесяці. Правёў сьвятло, раней сьвятла не было. Гэта хутар ягонай бабулі. Бабуля памерла. Бацька ўзяў зямлю спачатку, потым перадаў сыну, і той жыве, працуе. Яшчэ дадаткова ўзяў зямлі, па-мойму, гектараў каля дзесяці сёлета”.

Фэрмэрская гаспадарка Іосіфа Паўлюкевіча называецца “Радавое гняздо”. Ён вырошчвае бульбу, збожжавыя.

(Лышчык: ) “Я таксама спачатку зьбіраўся купіць хутар, але не для сталага жыцьця. Але пакуль што нічога прыдатнага няма. Хутары ёсьць, але іх ужо можна па пальцах пералічыць, вельмі мала. Каля маёй зямлі адзін хутар быў пусты, але яго купілі ўжо, а адзін — дзядуля памёр, бабуля яшчэ жыве, восемдзесят гадоў”.

На тэму прыдатнасьці хутароў для фэрмэрскай гаспадаркі разважае Ўладзімер Ушкевіч, дырэктар абласной асацыяцыі фэрмэраў:

(Ушкевіч: ) “Калі гаварыць аб хутарах, то ў нас нямнога іх засталося. І як адзін зь відаў арганізацыі фэрмэрскай гаспадаркі, можа, дзе ён і прымальны, але як масавая зьява пакуль гэтага не назіраецца. Бо фэрмэрская гаспадарка сваёй задачай ставіць атрыманьне прыбытку ад працы на зямлі. Хутар ёсьць хутар, калі там зямля будзе побач, то тут, вядома, і эканомія паліва, і зьніжэньне сабекошту прадукцыі. Але іншае пытаньне — гэта стварэньне інфраструктуры. Калі малады фэрмэр, то ў яго сям’я, — школа павінна быць, дарогі добрыя павінны быць. Гэта ня так проста, тут вельмі шмат пытаньняў”.

Састарэлыя людзі, што проста дажываюць свой век на спрадвечных хутарах, часьцей скардзяцца на лёс. Наракаюць не на адсутнасьць суседзяў ці далечыню ад гораду. Тое не перашкода, калі ёсьць добрыя камунікацыі. Аднак бяда якраз у тым, што пра новыя ўладная вэртыкаль не асабліва клапоціцца, а старыя зь цягам часу парахнеюць. Зусім якіхныя гаспадары. Гаворыць жыхарка аднаго з хутароў пад Горадняй Станіслава Макарчык:

(Макарчык: ) “Божа мой, я ня знаю, як я жыву, я ледзьве дух цягну. Ёсьць дзеці: адзін у турме сядзіць, адзін глядзіць мяне — купляе пад’есьці, каб я з голаду не памерла. А сам ня робіць, таму што нідзе не прымаюць на работу яго. Мне во ў маі будзе восемдзесят шэсьць. Вой рабіла я, як кабыла... І пэнсіі маю, ну што — сто тысяч. Што гэта значыць? Цяпер усё дорага, няма з чаго жыць. І вось так і жыву”.

Тэрэза Шміт жыве на хутары ў Мёрскім раёне:

(Шміт: ) “Для нашай сям’і ёсьць такая праблема: ня маем тэлефона. Яшчэ пакуль працавала фэрма, тэлефон там стаяў. Калі б нешта здарылася са здароўем, нейкі пажар ці зь дзецьмі што, мы б маглі пайсьці на тую ж фэрму і патэлефанаваць. На гэты час фэрма зачынілася, і тэлефона ў нас няма”.

Гаспадар хутару Зьвярынец, што ў Налібоцкай пушчы, спадар Альфрэд Солтан:

(Альфрэд: ) “Зімой усе дарогі заваліла. Безь пілы, бяз трактара не праехаць”.

Даводзілася прабірацца праз сумёты пешкі. А як ідзеш пешкі, бачыш, што не адзін у лесе:

(Альфрэд: ) “Дзікі ходзяць, алені ходзяць, лісіцы… Сьлядоў ваўкоў я ня бачыў”.

Ані жывёлін, ані ліхіх людзей Альфрэд ня бачыў, дый не баіцца іх:

(Альфрэд: ) “У мяне няма чаго грабіць: тэлевізар толькі й халадзільнік. І пчолы. Раз захварэў, ціск падняўся: адчапіў кручок на дзьвярах. Думаю, як памру, нехта знойдзе”.

Вядома, час ад часу зь мястэчка да Альфрэда завітваюць брат альбо пляменьнік. А зь сельсавету людзі бываюць гады ў рады: па лісты й газэты трэба самому хадзіць у сельсавет. Затое ў часе выбараў людзі з выбарчай скрынкай прыяжджаюць абавязкова... “Ці ж гэта па-людзку?!” — абураецца спадар Альфрэд і са злосьці дадае:

(Альфрэд: ) “Нібы ў Сібіры на катарзе, нібы ў ссылцы якой. Цярпець не магу. Няма куды дзецца... На другую зіму хачу куды ўцячы. Да людзей куды-небудзь. Але калі сям’я й суседзі — можна жыць”.

Дык ці ёсьць у беларускіх хутароў будучыня? Вось меркаваньні нашых суразмоўцаў. На думку філёляга Валянціны Нізаўцовай, яны ўсё ж некалі адродзяцца:

(Нізаўцова: ) “А чаму? Мне падаецца, што ня тое, што свабадней і вальней было б, а больш прыгожы лад жыцьця...”

Гісторык і праваабаронца Тацяна Процька:

(Процька: ) “Хутары — не пэрспэктыўная рэч. Але! Калі мы гаворым пра тое, што будзе з нашай гаспадаркай, як і ўва ўсім сьвеце яна будзе мець вось такі аспэкт фэрмэрства, менавіта тых людзей, якія будуць жыць у сядзібах, якія будуць весьці ўласную гаспадарку і будуць адносна незалежныя ад гораду, ад вёсак... Чалавек свабодны толькі на зямлі!”

Фэрмэр Уладзімер Ушкевіч спасылаецца і на літоўскі, і на ўсясьветны досьвед:

(Ушкевіч: ) “Людзі ўжо купляюць зямлю, асобныя хутары будуюць, хочуць мець чыстае паветра, чыстую зямлю, таму, напэўна, і ў нас гэта з часам будзе, але ў цяперашнім часе пакуль такая тэндэнцыя не атрымала моцнага разьвіцьця”.

Выходзіць, і ў хутарскім пытаньні Беларусь не ідзе пакуль у нагу са сваімі суседзямі, усім цывілізаваным сьветам. Такая палітыка дзяржавы... Але гістарычны досьвед краіны, інэрцыя двух магутных хваляў яе хутарызацыі, урэшце, імкненьне да свабоды, здаецца, паспрыяюць таму, што ідэя вольнага жыцьця на сваёй зямлі набудзе неўзабаве новае — трэцяе дыханьне…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG