Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хімікі” і тутэйшыя : на свабоду выйдуць разам?


Аляксандар Уліцёнак, Менск

Новая рэдакцыя Крымінальнага кодэксу краіны акцэнтуе ўвагу на альтэрнатыўных зьняволеньню ў турме відах пакараньня. І найперш рэкамэндуюцца папраўчыя работы — так званая “хімія”. Як на практыцы рэалізуюцца тыя рэкамэндацыі? Што думаюць пра сваё жыцьцё сем тысяч беларускіх “хімікаў”? Як ставіцца да іх грамадзтва?

Частка “хімікаў” жыве ў папраўчых установах адкрытага тыпу, астатнія — проста ў вёсках і мястэчках, побач з тамтэйшымі жыхарамі. Вось што кажуць людзі пра сваіх незвычайных, падазроных на першы погляд, суседзяў:

(Спадарыня: ) “Людзі як людзі. Хімікі ёсьць хімікі. Нармальныя яны людзі. Гарэлку таксама любяць піць, як і нашыя турынскія. А п’яны чалавек — дурань”.

(Другая спадарыня: ) “Зь людзьмі ладзяць. Ніхто ня скажа, што яны некага пакрыўдзілі”.

Гэта меркаваньні жыхароў вёскі Турын Пухавіцкага раёну. Прыблізна так думае і настаўніца з маёй роднай вёскі Ракузаўка, што пад Магілёвам, Валянціна Нізаўцова:

(Нізаўцова: ) “Я лічу, што яны дрэннага нічога ня робяць. Працуюць, як трэба, у калгасе. Людзі, калі зьвяртаюцца да іх з просьбаю памагчы — напрыклад, я, — яны ідуць і дапамагаюць. Тыя ж дровы нарэжуць, таму што я жыву адна, у мяне гаспадара няма. Дрэннага нічога я ад іх ня чула й ня бачыла”.

Дый што яшчэ скажа Макараўна, калі нядаўна пагадзілася адзіную ўнучку аддаць замуж за былога “хіміка”. А зь ягоным сябрам, Мікалаем, узяла шлюб мая аднаклясьніца. Нечаканы паварот лёсу! Як тое здарылася?

(Мікалай: ) “Карацей, працавалі і на кватэры жылі. Ну й адносіны завяліся. Знайшлі адно аднаго. Я адрабіў тут год, вызваліўся й застаўся. Ну й цяпер тут жыву — і шчасьлівы”.

Мікалаю 30, а Ліля на 20 год старэйшая. Аднак жонка й муж не зьвяртаюць увагі на розьніцу ў веку:

(Мікалай: ) “Я так мяркую, што яна мяне ацаніла як чалавека, з усіх бакоў: як гаспадара і ўвогуле хлопца. І, напэўна, вырашыла, што раз застаецца, значыць, кахае”.

“Хімія” скончылася для Мікалая нечакана шчасьліва: цяпер у Ракузаўцы ён мае жонку, сваю гаспадарку і павагу вяскоўцаў:

(Мікалай: ) “Такое жыцьцё, разумееце? Трэба прайсьці ўсё, калісьці спыніцца, азірнуцца назад, усё асэнсаваць, узважыць і за галаву брацца. Малады быў, не разумеў... А яна старэйшая, яна мне шмат парадаў дала, у нечым пераканала. Я хачу сказаць дзякуй ёй...”

Гэтыя чульлівыя словы — найлепшая ацэнка практыцы пакараньня за дробныя правапарушэньні не праз пазбаўленьне волі. За такую практыку выступае большасьць міліцыянтаў, юрыстаў і тых, хто апынуўся на лаве падсудных. Між тым, да апошняе пары дзяржава рабіла акцэнт менавіта на турме. Хоць судовая статыстыка сьведчыла: прыблізна 70% асуджаных — звычайныя злодзеі, часьцей — дробныя. І што — жыцьцё за кратамі перавыхоўвала іх? Расказвае Мікалай Сыпчанка, які да “хіміі” паўгоду чакаў прысуду ў сьледчым ізалятары:

(Сыпчанка: ) “Ёсць забойцы, падпальнікі, хабарнікі. Са мной сядзелі. Хто хочаш ёсьць. А ёсьць такія, каго ня варта туды садзіць. Людзі адтуль выходзяць сапсаваныя. Я, напрыклад, пакуль там сядзеў, вельмі абазьліўся на гэтае жыцьцё. Там з-за гэтага куска каўбасы, каму яго прынясуць, задушыцца гатовыя”.

Яшчэ адно меркаваньне — даяркі Ганны Жыжыч з Пухавіцкага раёну:

(Жыжыч: ) “Я, праўду кажучы, жыву з хлопцам, які таксама год таму выйшаў з турмы. За крадзеж. Ён у мяне рэцыдывіст. Шэсьць ходак...”

І што за страшныя грахі на сумленьні гэтага чалавека?

(Жыжыч: ) “Апошні раз проста летнік абакраў. І яму далі шэсьць гадоў. Мінулыя грахі зноў залічваюцца”.

Гэты даволі тыповы лёс — таксама ацэнка працы беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмы: блізка траціны ўсіх зьняволеных паўторна трапляюць за краты. Дарэчы, згодна падлікамі Беларускага Хэльсынскага камітэту, за апошняе дзесяцігодзьдзе ў турме пабывала чвэрць мільёна грамадзянаў — жахлівая лічба. Адна з найгоршых у сьвеце. Спатрэбілася зламаць процьму людзей, каб зразумець: жорсткасьць пакараньня не спыняе тых, каму сапраўды няма на што жыць, каго нарадзілі былыя зэкі, алькаголікі: зло рэпрадукуе само сябе... Апавядае Ганна:

(Жыжыч: ) “Мае тата з мамаю пазбаўленыя бацькоўскіх правоў за п’янства: у 12 год я даведалася, што яны п’юць адэкалён. Не віно, не самагонку — адэкалён!”

(Сыпчанка: ) “Я нікога ня ведаю — ні сястры, ні брата… Ёсьць жа яны недзе… Маці ў 14 дзён пайшла з бальніцы, і ўсё: дом малюткі, дзіцячы дом, інтэрнат…” — гэта Мікалай Сыпчанка. Ён адбывае “хімію” ў пухавіцкай вёсцы Турын. За дробязь і праз дурноту: выпівалі, перабралі, як кажуць, а раніцаю высьветлілася — у аднаго з сабутэльнікаў нехта скраў 50 даляраў. Абвінавацілі яго. Добра, кажа Мікалай, што не за краты трапіў. А мог!

(Сыпчанка: ) “У міліцыі цяпер як? Чым болей пасадзіў людзей, тым больш “зорачак” дадуць. Ім жа таксама за гэта прэміі даюць”.

(Жыжыч: ) “Я так лічу, што ім яшчэ трэба плян выканаць”.

Як бы там ні было, выратаваў Сыпчанку курс на лібэралізацыю пакараньняў. Хоць ці варты ягоны так і не даказаны да канца грэх трох “хімічных” гадоў?

(Сыпчанка: ) “Кожны чалавек робіць у жыцьці памылкі. Ну, напіўся. Ну, недзе штосьці скраў. Але ж ён не злачынца, каб яму ламаць жыцьцё! І калі скраў, дык ён хай сабе працуе на ранейшым месцы і выплачвае грошы. Гэта ж і дзяржаве больш выгадна. А навошта ў турме трымаць людзей? Да суду, напрыклад. Гэта вельмі вялікія страты дзяржаве”.

Што разумее неадукаваны сірата Мікалай Сыпчанка, няўцям шмат каму з уладальнікаў юрыдычных і эканамічных дыплёмаў. Адмыслоўцы цьвердзяць пра новы курс — стаўку на перавыхаваньне дробных злачынцаў працаю. Аднак за мінулы год удзельная вага асуджаных на такое перавыхаваньне ня надта паболела — з 10 да 13%. Як ставіцца да гэтай лічбы? Мяркуйце самі: на пачатку 1960-х тая лічба была роўная 20%, пры канцы СССР — 25-ці. А сёньня яна ўдвая меншая. Да таго ж “хімічаць” звычайна не на месцы ранейшай працы, а недзе далёка ад дому. І вынікі “перавыхаваньня” найчасьцей зусім не такія, як у сытуацыі з маімі ракузаўскімі знаёмцамі. Тым проста пашчасьціла ў лятарэі лёсу... Іншыя, а іх большасьць, прайграюць. І добра, калі зь мінімальным, як кажуць, лікам.

(Спадар: ) “Лазяць. У мяне самога месяцы тры таму скралі. У хляве замок зламалі. Была палова на дванаццатую ночы. Жонцы сваёй кажу: “Звані ў міліцыю, хай прыяжджаюць”. “Ай! — адказвае, — шкада хлопца. Малады. Яшчэ яго пасадзяць”. А трох курэй усё адно забраў! У суседкі гусь зьнікла. Індыкі таксама зьнікаюць”.

Гэтая клясычная гісторыя з “хімікамі” здарылася ў вёсцы Масілавічы Слонімскага раёну. Крадуць таму, што ня могуць ня красьці? Здараецца й такое: за год у Барысаве кожны сямідзясяты памяняў папраўчыя работы на турму. Аднак часьцей закон пераступаюць, бо няма іншага выйсьця: як ня сьцягнеш таго індыка, дык паспрабуй пражыць…

(Жанчына: ) “Заробкаў ім не даюць у калгасе, а за нешта трэба жыць і есьці. Вось яны і...”

(Спадар: ) “Сядзелі раней. Павярталіся й робяць цяпер. Пытаюцца: “Быў у турме й пад’еў таго хлеба?” А яны звычайна адказваюць: “Пад’еў!”

Парадаксальна, аднак праблема нумар адзін для “хімікаў”, скіраваных на папраўчыя работы, якраз у адсутнасьці апошніх! Не, на вёсцы заўсёды ёсьць што рабіць, але ж людзі хочуць, каб за тое й плацілі. Каб былі хоць мінімальныя ўмовы для працы, — кажа Мікалай Сыпчанка.

(Сыпчанка: ) “У мяне боты дзіравыя. Калгас ня можа выдаць ботаў. Ходзіш — ногі ўвесь час мокрыя. Як адліга, дык усё цячэ над нагамі. Сапраўдны душ”.

А няма нармальнай працы, дык няма й заробкаў. Як вынік, людзі стаяць перад выбарам: праявіць сумнеўную ініцыятыву — скрасьці ў старых з суседняй вёскі, або знайсьці ўсё ж іншы шлях? Мікалай выбраў другое:

(Сыпчанка: ) “Я тут сабе трошкі зарабляю рамонтам тэлевізараў, пральных машын, халадзільнікаў. Па вёсцы хаджу. Кепска тое, што людзі вельмі бедныя. Чым яны плацяць? Я прашу цыгарэты. Я тут грошай наагул не зарабляю. У мяне было мінус 70 тысяч рублёў. Я цяпер на дзьвюх работах працую. А неафіцыйна на трох. Дык цяпер стала мінус 4 тысячы рублёў”.

Мікалай мае на ўвазе, што столькі — 4 тысячы — ён вінен калгасу. Нонсэнс, якому няма разумнага тлумачэньня. Бо ўся вёска цьвердзіць у адзін голас: хто-хто, а гэты — на дзіва працавіты, сумленны мужык! Вось яна, суровая праўда беларускай “хіміі”: цікавая ідэя не спрацоўвае, бо для яе рэалізацыі няма належных сацыяльна-эканамічных умоваў. Няма пазытыўных кантактаў зь мясцовым насельніцтвам і проста няма нармальнае працы. Адно накладаецца на другое, і зьнікае эфэкт, які задумваўся. Дарэчы, Беларусь у гэтым сэнсе не выключэньне. Напрыклад, амаль тое самае выходзіць з ідэяй карысных для грамадзтва работ як альтэрнатываю турме ў непараўнальна больш разьвітай Чэхіі. Начальнік Мазырскай адкрытай папраўчай установы Генадзь Кузьменка лічыць, што сытуацыі не пераламаць без карэнных зьменаў:

(Кузьменка: ) “Стварыць сапраўды дзяржаўную палітыку занятасьці гэтай катэгорыі асуджаных. Ня толькі ў нас — усёй крымінальна-выканаўчай сыстэмы. Калі гэта будзе сапраўды на дзяржаўным роўні, тады будзе ў цэлым добры вынік”.

Але пакуль ёсьць іншае: “хімікаў” ніхто фактычна і ня думае выхоўваць. Імі, як кажуць, папросту затыкаюць нейкія дзіркі ў гаспадарках:

(Жыжыч: ) “Між іншым, старшыню выгадна іх браць. Бясплатная сіла. Так!”

Мікалай Сыпчанка пацьвярджае гэтае назіраньне даяркі Ганны Жыжыч:

(Сыпчанка: ) “У мяне такое ўражаньне, што нас за людзей ня лічаць, проста рабамі… Рабсіла! Працуйце, і ўсё! Днямі хаджу хворы, бо няма ботаў, а гэтыя не мае…”

Не спрыяе “хімікам” і тое, што псыхолягі называюць “пазытыўнымі сацыяльнымі сувязямі” асуджаных. Хоць мясцовыя жыхары ў асноўным прыязна да іх ставяцца, аднак толькі да той пары, пакуль не давядзецца дзяліцца нечым вельмі канкрэтным. Ці добрааплатнай працаю, ці, напрыклад, самымі простымі, таннымі лекамі:

(Сыпчанка: ) “У мяне зубы балелі, патрэбны быў анальгін. А грошай не было, дык я пайшоў на ФАП: дайце хоць адну анальгініну! Не — купляй! А каб нейкая бабулька была, ёй бы далі таблетку. Ізгой… Злачынца. Прайдзісьвет. Бандыт…”

Або споведзь спадарыні Вольгі з забруджанай радыяцыяй вёскі Стаўбун Веткаўскага раёну. У спадарыні Вольгі згарэла выдзеленая саўгасам хата:

(Вольга: ) “Я згарэла 28 ліпеня. І ў стозе начавала, і на фэрме начавала пад каровамі. Усё было. Якаясь азлобленасьць была, што мне не дапамаглі. Я — суджоная, я нікому не патрэбная. Ведаеце, як казалі: “Зэчка, напілася, спаліла хату”. Я раз схадзіла, папрасіла дапамогі, мне адмовілі. А мне нават не было ў чым хадзіць. Я засталася босая, на мне адзін нэйлёнавы халацік быў…”

Дарэчы, здарылася тое ўжо пасьля таго, як Вольга адбыла пакараньне. Увогуле, працэс рэсацыялізацыі былых крымінальнікаў ідзе вельмі складана. Лёгка ўваходзяць у нармальнае жыцьцё адзінкі. Астатнім наканавана цярпець ад падазронасьці суседзяў, немагчымасьці ўладкавацца на прыстойную працу. Вось і Мікалай Сыпчанка ня верыць у сваё шчасьлівае заўтра:

(Сыпчанка: ) “Наагул, гэта вельмі кепская пляма. На добрую працу пасьля хіміі бяз “блату” ня трапіш”.

Скептычна глядзіць ён і на пэрспэктывы асабістага жыцьця:

(Сыпчанка: ) “Каму я патрэбен — у мяне нічога няма! Якая дзеўка за мяне пойдзе? Кожная хоча пайсьці за багатага ды з машынаю… У мяне была дзяўчына з інтэрнату, але ад астмы памерла. І з тае пары я нікога не заводжу: баюся. Баюся сораму, крыўдных размоваў”.

Бо ўсе ведаюць: што турма, што “хімія” сёньня, як правіла, толькі абвастраюць узаемаадносіны экс-крымінальнікаў і, так бы мовіць, нармальных людзей, праводзяць між імі ці не пажыцьцёвую мяжу. Навукоўцы бачаць у гэтым інэрцыю псыхалёгіі прыдушанага адвечным страхам таталітарнага грамадзтва. Аднак яно хоць павольна, але мяняецца, набірае свабоды. І ў гэтым — стаць свабоднымі разам з астатнімі — шанец выратаваньня для такіх, як Сыпчанка. Ён зь сябрамі інтуіцыйна адчувае гэта і таму, нягледзячы ні на што, усёй душою імкнецца на волю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG