Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Качановічы


Ягор Маёрчык, Качановічы

На ўваходзе ў сядзібу Мікалая Качаноўскага разгарнуўся сапраўдны музэй. Тут усемагчымыя борці з навакольных мясьцінаў. Яны розныя як па формах, так і паводле памераў. Ёсьць нават калода-човен. Гэтая адмысловая канструкцыя выратоўвала пчаліную сям’ю часам паводак. Сядзіба Мікалая Качаноўскага — гэта адзін з пунктаў у турыстычных маршрутах для замежнікаў. Зойдзем у госьці.

(Карэспандэнт: ) “Вы бортніцтвам займаецеся?”

(Качаноўскі: ) “Так. Старадаўні мэтад пчалярства”.

(Карэспандэнт: ) “Я апішу гэту калоду: кавалак сасны паўтары мэтры вышынёю і, прыкладна, мэтар ў абхоп. Колькі мёду можна ўзяць з такой калоды?”

(Качаноўскі: ) “Вядры паўтары”.

(Карэспандэнт: ) “І колькі ў Вас такіх калодаў?”

(Качаноўскі: ) “Дванаццаць”.

(Карэспандэнт: ) “А якая ў Вас пэнсія?”

(Качаноўскі: ) “100 тысячаў”.

Мікалай Качаноўскі на жыцьцё, па вялікім рахунку, ня жаліцца. Сілаў, каб трымаць гаспадарку яшчэ хапае. Зноў жа: мёд — гэта стабільная крыніца прыбытку. А ў Пінску жыве яшчэ й сын, таксама Мікалай. У таго бортніцтва стала прафэсіяй. Трымае краму пчалярскага рыштунку. Але пры ўсім гэтым вонкавым добрабыце Качаноўскі-старэйшы на навакольную рэчаіснасьць глядзіць досыць крытычна.

(Качаноўскі: ) “Якая бы ўлада не была, яна прымушае людзей працаваць. Раней дрэнна каму было? Простаму працоўнаму люду. А цяпер улады зноў ціснуць. Вось, маўляў, пакаштуйце як без камунізму, як пры капіталізьме жывецца! Ды й зноў гэта працоўны пакутвае”.

У Качановічах, як і ў любой вёсцы на Піншчыне, сярод жыхароў пераважаюць пэнсіянэры. Праўда, апошнімі гадамі тут пачалі зьяўляцца прыбышы з райцэнтру. Яны набываюць закінутыя хаты й пераўтвараць іх ў летнія рэзыдэнцыі.

Зінаіда Качаноўская ў горадзе даўнавата ўжо не была. Але, гледзячы на дачнікаў, можа параўнаць добрабыты – ўласны й гарадзкі.

(Качаноўская: ) “З гораду панаяжджалі, парабілі сабе тут лецішчы. Ды й панствуюць. Нам зь імі не раўняцца — яны заробак вялікі атрымліваюць. А што мы ў калгасе зарабілі? Я ўсяго 60 тысячаў пэнсіі атрымліваю. Усё трэба набыць. Натуральна, што не хапае! А чаго ж такія цэны вялікія?! Мы ж нават каўбасы не набудзем за сваю пэнсію”.

(Карэспандэнт: ) “Калгас вам нічым не дапамагае?”

(Качаноўская: ) “А што ён над паможа? Нічым ён нам не дапаможа, бо яны самі голыя ды босыя. Нічога не дапаможа й той Лукашэнка”.

(Карэспандэнт: ) “А ён неаднойчы казаў, што людзі сталага пакаленьня — гэта прыярытэт ў дзяржаўных клопатах...”

(Качаноўская: ) “Слухайце, што ён гаворыць — гэта як вецер вее. Каб жа ён і ўпраўду гэта рабіў!”

Ёсьць у мэдыкаў такая тэорыя, што ўсё хваробы ў чалавека здараюцца ад нэрваў. А нэрвы жыхарам Качановічаў псуюць новасьпечаныя суседзі.

(Шаламіцкая: ) “Да так мяне гэтыя зладзюгі перапужалі, што не магу ўспакоіцца. Дзе што ляпне, ўжо мяне трасе”.

Як бы сказаў лекар, відавочныя тыповыя прыкметы эмацыйнага растройства. Нэрвы пачалі падводзіць Дамініку Шаламіцкую пасьля таго, як яе некалькі разоў абрабавалі.

(Шаламіцкая: ) “Прыйшлі два мужыка... зладзюгі! Да залезьлі ў мой склеп да набралі сабе бульбу. Раз прыйшлі, а пасьля другі раз прыйшлі. Ды й зноў набралі. Я падалала ў міліцыю. Прыяжджаў участковы”.

(Карэспандэнт: ) “Іх хоць пакаралі?”

(Шаламіцкая: ) “Прывез мне трохі бульбы”.

(Карэспандэнт: ) “І гэта для яго было пакараньнем за тое, што абрабаваў ваш склеп”.

(Шаламіцкая: ) “Так”.

Але пакараньне нядобрасумленных суседзяў не спыніла. Яны вынайшлі новы мэтад. Цяпер за іх злачынствы зьдзяйсьняе натрэніраваны сабака. Дамініка Шаламіцкая працягвае:

(Шаламіцкая: ) “Купіла 5 куранятаў. Я паехала да Пінску. Прыяжджаю, аж пер’е па ўсім двары… П’яніца адзін тут такі жыве. Ён трымае сабаку. Той сабака куру задраў. Я патэлефанавала ў міліцыю. Участковы сказаў, што прыедзе. Ён і раза едзе. Нікому гэта не цікава. Хай бы гэтага чалавека трохі пакаралі, каб ён баяўся. Якія ўлады, ці хто яшчэ. А то ж ён мяне не баіцца. Пашле яшчэ сабаку, ён і гэтых дадзярэ”.

Сёньня ў Качановічах модныя высокія ладныя агароджы. Ды не пляцёныя з лазы, а зьбітыя са штакетніку. За агароджай абавязкова мусіць прысутнічаць злы сабакі, а лепей, калі іх двое ці трое.

(Качаноўская: ) “Ша Шарык! Ідзі адсюль!! Зараз як дам!!! Ану супакойся!!”

Любоў Качаноўская утаймоўвае сваіх вартаўнікоў. І цяпер мы можам паразмаўляць. Гэта спадарыня мае ўласнае меркаваньне, што да таго, якім чынам трэба змагацца зь вясковай злачыннасьцю. Яна прызнаецца, што ніхто ейныя прапановы да ўвагі не прымае. Можа таму, што яны не зусім гуманныя.

(Качаноўская: ) “Бабы старыя пэнсію атрымліваюць. А ён прыйдзе ды забярэ. Яго пасадзяць ў турму — яго там кормяць, ён там адседзіць. А пасьля выпусьцяць і ён зноў ідзе красьці. Ці гэта парадак? Гэта ж не парадак! Ня правільна! Гэта зрабілася д’ябла ведае што! Каб яго павесілі на плошчы... Хай бы ён там павісеў, каб людзі бачылі. Вось тада можа б яны баяліся. І Лукашэнка ёсьць, і дэпутаты... і чым яны там займаюцца? Яны ж нічога не робяць!”

А вось яшчэ адно меркаваньне: гэтым разам пра мясцовую ўладу.

(Спадар: ) “Сельсавет ёсьць, вядома, але плёну з гэтага няма аніякага. Абашоў бы хто нас, сход зрабілі ды запыталі, каму чым дапамагчы...”

(Карэспандэнт: ) “Няма такога?”

(Спадар: ) “Няма. Дажываем старасьць і ўсё. Прыяжджаюць сыны. Дапамагаюць, калі што”.

(Карэспандэнт: ) “Як бацька кабанчыка заб’е — так і прыяжджаюць?”

(Спадар: ) “Абавязкова! За гэтата бацькоў і трымаюцца”.

Сыны прыяжджаюць збольшага на сьвежыну. У той час, як лецішчы ў Качановічах займелі людзі нетутэйшага паходжаньня.

Увогуле пагутарыць з дачнікамі — задача ня з самых лёгкіх. Па-першае, сярод мужчынаў цяжка знайсьці цьвярозага. Па-другое, менш ахвотныя да алькаголю жанчыны ставяцца жа журналіста зь мікафонам падазрона-насьцярожана. Горад іх адвучыў быць такімі ж шчырымі й адкрытымі, як іхныя вясковыя суседзі.

Тэму злачыннасьці мы са спадарыняй Ірынай дамовіліся не закранаць.

(Ірына: ) “Жыву ў горадзе. А ўлетку — тут на лецішчы”.

(Карэспандэнт: ) “Эканамічна дзе выгадна жыць: у вёсцы ці ў горадзе?”

(Ірына: ) “Лягчэй ў горадзе жыць. Чаму? Бо тут працуеш у агародзе нібыта ішак”.

(Карэспандэнт: ) “На якой мове ў Качановічах размаўляюць?”

(Ірына: ) “Размаўляюць па-простаму”.

(Карэспандэнт: ) “А ў выніку атрымліваецца беларуская мова?”

(Ірына: ) “Тут такая мова атрымліваецца! Ці то беларуская, ці то расейская, ці то ўкраінская, польская — а Бог ты мой!.. Што хочаш, тое й атрымліваецца. Мая сястра з Расеі прыехала і сьмяецца: “як гэта ты, Іра, гаворыш?” А я па-простаму гавару! Як працавала на заводзе, там усе размаўлялі па-расейску, і я ўжо старалася размаўляць па-расейску”.

(Карэспандэнт: ) “А як вяртаецеся ў вёску, пераходзіце на...”

(Ірына: ) “...на сваю мову. Так, як маці гадавала”.

Павандраваўшы па вуліцах і сядзібах у Качановічах я ўцяміў, чаму вёска карыстаецца ў жыхароў блізкага Пінску такой папулярнасьцю. Тут вельмі шмат буслоў. Іхныя гнёзды месьцяцца літаральна на даху кожнай хаты. Прыгажосьць ды й толькі!

Птушыная калёнія й вабіць гараджанаў. А тыя сваёй прысутнасць ужо разбурылі традыцыйны ўклад жыцьця палескай вёсцы.

Раней мужчыны-вяскоўцы ня пілі, а цяпер прыбышы-гараджане часта гэтым толькі й займаюцца. Раней хатаў не зачынялі, а цяпер — замкі, высокія агароджы і злыя сабакі. А самае галоўнае, што зьмяніліся самі вяскоўцы: са шчырых і адкрытых людзей яны пакрысе пераўтвараюцца ў замкнёных і падазроных тыпаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG