Талька – слаўная рачушка, грунт яе пясчаны,
Бераг – мяккі, як падушка, дзірваном засланы,
Луг квяцісты па ўзьбярэжжы, а трава – як лава,
Па грудах дубы – як вежы, паглядзець цікава.
А зьвярніце вашы вочы вось у гэту Тальку,
Зачаруе каго хочаш – Лёню й Натальку.
Так пра рэчку Таль і жыхароў вёскі Талька ў адным са сваіх вершаў пісаў Якуб Колас. Народны паэт часта адпачываў у гэтых мясьцінах у 30-я гады і называў Пухаўшчыну сваёй другой радзімай. Месьцічы, асабліва школьнікі, гэтым вельмі ганарацца й пры выпадку ахвотна дэклямуюць клясыка. Аднак ад 30-х гадоў тут шмат што зьмянілася: многія апяяныя Коласам дубы даўно расьпілаваныя на дошкі. Бо мясцовы лясгас, які ня мае дзяржаўнай падтрымкі на ахову лесу, мусіў адчыніць пілараму, каб, прадаўшы драўніну, клапаціцца затым пра вырошчваньне маладняку. Пра гэта мне распавёў патомны лясьнік, а цяпер вымушаны дырэктар Талькаўскай піларамы Лявон Дзялендзік. Але ж, адгукнуўшыся на беларускую гаворку карэспандэнткі “Свабоды”, у пераважнай бальшыні спадар Дзялендзік казаў не пра эканамічныя патрэбы гаспадаркі.
(Дзялендзік: ) “Калі б справаводзтва перавялі на беларускую мову, дык было б нашмат парасьцей, і людзі гаварылі б па-беларуску. Тым больш я ведаю, усе ў душы – беларусы, і яны хочуць гаварыць па-беларуску. Я ў душы моцна з-за гэтага перажываю, што беларуская нацыя губляе сваю мову і ўвогуле як нацыя вымірае. Ня ведаю, да чаго мы дакоцімся, калі згубім свае карані. Ніякая вытворчасьць нас ня выратуе”.
У Тальцы, дзе каля пяці сотняў жыхароў, чыгуначная станцыя з сельсаветам, лясьніцтва ды піларама – найбуйнейшыя месцы працаўладкаваньня. Таму многія жыхары ратуюцца ад беспрацоўя ўласнымі сіламі. Сьмялейшыя – як, да прыкладу, былы вайсковец Віктар Юрчык – пайшлі ў бізнэс. Кажа, што на так званыя “адкупныя” грошы, якія Міністэрства абароны выплаціла ў выніку скарачэньня кадравага афіцэра, пабудаваў на ўласным агародзе невялікі шапік. Але цяпер гэта паўнавартасная харчовая крама, дзе працуюць тры гандляркі. Спадар Юрчык кажа, што выжываць і ў войску, і ў бізнэсе яму дапамагае старая дзедаўская прыказка: паміраць зьбірайся, а жыта сей.
(Карэспандэнтка: ) “Ці лёгка быць бізнэсоўцам у правінцыі й ўвогуле ў Беларусі?”
(Юрчык: ) “Мне здаецца, што па-большасьці ўсё залежыць ад чалавека. Адна рэч – калі, скажам, у Менску ці той жа Мар’інай Горцы: там за гадзіну людзей бывае больш, чым у нас за тыдзень. Таму й грошы тут можа ня вельмі прывабныя для каго-небудзь. Трэба шмат працаваць, трэба вывучаць законы, каб не спатыкацца. Некаторыя шкадуюць тыя часы, што былі за “саветамі”. Але й тады нехта сядзеў на адным месцы, а я за сваю службу 9 месцаў зьмяніў – гэтаксама, як і многія мае землякі. Гэта ж трэба мець пэўныя рысы характару, і ніхто ніколі не сказаў, што нашыя беларускія хлопцы служаць кепска, альбо скардзяцца. Гэтаксама адбываецца і ў грамадзянскім жыцьці”.
Ад мінулага году вёска Талька папоўніла сьпіс паселішчаў, дзе няма калгасу. Да сярэдзіны 90-х тут быў саўгас “Залог пяцігодкі”, які затым пераўтварыўся ў аграфірму “Верасень”. Уладальнік новага прадпрыемства (нехта Іван Любімскі) гаспадарыў тут, аднак, нядоўга – зьехаў у сталіцу. На палях былой гаспадаркі цяпер буяе пустазельле, а ў разьбітых вокнах кароўнікаў гуляе вецер. 73–х гадовую Ніну Банько я сустрэла на працы – яна вартуе былы машынны двор з парэшткамі тэхнікі, а таксама будынак праўленьня.
(Карэспандэнтка: ) “Што вы вартуеце ўвогуле?”
(Банько: ) “Ну, вось склады, а там ёсьць і трактары, і машыны, і зярно ёсьць. Але – бачыце – нічога не працуе”.
(Карэспандэнтка: ) “А раней тут што было?”
(Банько: ) “А раней тутака -о-о-о! І сеялі, і жалі, і сушылі, і прадавалі, а цяпер нічога. Вось толькі тры вартаўнікі й дзьве бугалтаркі, а больш тут ніхто не працуе”.
(Карэспандэнтка: ) “А што яны робяць?”
(Банько: ) “Ну, яна прыйдзе, паглядзіць, можа дошак якіх прадасьць і ўсё”.
(Карэспандэнтка: ) “А людзям, вяскоўцам ад гэтага цяжэй стала жыць ці не?”
(Банько: ) “Канечне цяжэй, бо тут і ячменю можна было купіць, і камбікорму курам, а калі бульбы не хапае, то пойдзеш і бульбы тут купіш. А цяпер – ідзі на базар. Цяжка, кругом цяжка”.
(Каорэспандэнта: ) “За кошт чаго выжываюць вяскоўцы?”
(Банько: ) “Працуюць. Вось я, да прыкладу, 73 гады, але ж працую. Вось такое стала цяпер жыцьцё ў нас. Нават пасьля вайны – і тое лепш было!”
Былая работніца аграфірмы, а таксама вясковая сьпявачка й складальніца прыпевак у свой час нават прысьвяціла гаспадару аграфірмы прыпеўку, аднак сёньня не хавае свайго абурэньня дзейнасьцю былога патрона.
(Сьпявачка: ) А ў Тальцы, ля дарогі, расьце дзерава Ясень,
Іван Іванавіч – дырэктар у аграфірме “Верасень”.
Бачыце, што робіцца? 900 гэктараў зямлі зарасло дзерняком. А такая бульба тут расла! Усе нашыя людзі пасялковыя хадзілі дапамагаць капаць, ён працэнты даваў – сабе заробяць, і ўсім карысьць. Ну, купіў жа ты 300 галоваў кароў – ўзяў, растранжырыў і ўсё. А каб вы зайшлі паглядзелі пабудовы гэтыя – ўсё параскідана, парасьцягвана – гатовае было, і не захавалі. Душа баліць, што гэта ўсё папрападала. Куды ўлады глядзяць – я не разумею! А тады кажуць, што яго ў Лукашэнкаўскую камісію прэзыдэнцкую рэвізорам узялі. Вось за што крыўдна.
Ой, начальства, ой, начальства – вы ж душы ня маеце,
І чаму вы так бязбожна кошты падымаеце?
Ну, што ўжо – сядзець нос павесіўшы? Гэта ж таксама ня дзела. Я такая, што як мне ня ёсьць – я ня ныю. Калектыў у нас быў, мы ўсюды езьдзілі выступаць. Як паедзем – на душы весялей. Але цяпер ужо раскідаўся. Музыканту перасталі плаціць грошы – і ўсё”.
З-за развалу калгасу й блізкасьці чыгункі зь вёскі сталі ад’язджаць маладыя і працаздольныя жыхары. У выніку – мясцовая ўлады плянуюць Талькаўскую сярэднюю школу зрабіць базавай, бо з ранейшых дзьвюх сотняў дзяцей цяпер сюды ходзяць толькі каля сотні. А ў першыя клясы дзяцей прыходзіць усё менш – кажа настаўніца Натальля Ільлініч.
(Ільлініч: ) “Вельмі ўпала нараджальнасьць па талькаўскаму сельсавету: у 2000 годзе ў нас памерлі 29 чалавек, а нарадзіліся толькі 4. Калгас разваліўся, дык людзі й зьязджаюць, бо няма ніякіх пэрспэктываў, працаваць людзям няма дзе. Хто застаўся ў вёсцы? Людзі, якія самі не змаглі ў жыцьці прабіцца, то й дзеці ў іх, адпаведна, такія ж. Нават за апошнія гады я бачу, як узровень ведаў у дзяцей паменшыўся”.
Натальля Ільлініч – чалавек, на якім канцэнтруецца ўсё культурнае й грамадзкае жыцьцё ў Тальцы. Яна – кіраўнік Таварыства Беларускай мовы, заснавальніца фальклёрнага гуртка “Талька”, а падчас усемагчымых выбараў і палітычных акцыяў з групай актывістаў стварае супрацьвагу мясцоваму чынавенству, за што й мае нямала праблемаў, – кажа спадарыня Натальля.
(Ільлініч: ) “Зь імі як пра палітыку не гаворыш з гэтымі людзьмі – усё нарамалёва. Як толькі пачынаеш пра палітыку, дык ворагаў сабе маеш. Цяжка вельмі ў правінцыі. Ты – белая варона, абараніць цябе няма каму, бо ты – адзін. Раскол, разумееце? Раскол існаваў у грамадзтве падчас гэтых выбараў. А пасьля наступіла нейкае расчараваньне. Людзі пайшлі больш у прыватнае жыцьцё, як мне падаецца, уладкоўваць сваю працу. Бо трэба ж выжываць неяк, шукаць сваю нішу”.
Спадарыня Натальля грунтоўна займаецца краязнаўчай працай – раскопкі на месцы старога гарадзішча, дасьледаваньне гісторыі будаўніцтва й разбурэньня мясцовых архітэктурных помнікаў, – тыя напрацоўкі, якія мусяць стаць асноваю яе будучай кнігі. Але галоўным вынікам сваёй працы спадарыня Натальля лічыць тое, што здолела зацікавіць гісторыяй свайго краю й вучняў. Менавіта іхнымі рукамі створаны школьны краязнаўчы музэй. Школьнікі гэтаксама даглядаюць пахаваньні аднавяскоўцаў-габрэяў, закатаваных фашыстамі ў гады вайны, бо мясцовыя ўлады на патрэбу гэткага догляду забыліся. Зрэшты, й сам талькаўскі сельсавет стаіць ў літаральным сэнсе на касьцях – распавядае школьны экскурсавод і сёлетняя выпускніца Вольга Камароўская.
(Камароўская: ) “Старыя могілкі проста зьнесьлі, згрэблі да рэчкі. Людзі старыя расказвалі, што кожную раніцу чарапы проста на платах віселі. А на тым месцы пабудавалі цэнтр калгасу й клюб. І цяпер ходзяць танчыць на касьцях продкаў”.
Вольга ды ейныя сяброўкі – ядро этнаграфічнага гуртка “Талька”. Разам яны паспрабавалі нават наладзіць выпуск аднайменнай газэты, што няблага й атрымалася цягам некалькіх нумароў. Але каб выдаваць газэтку й надалей, не хапіла элемэнтарных рэчаў – кампутара. Больш даступнымі сталі сьпевы й народныя сьвяты. “Каляды”, “Гуканьне вясны”, “Юр”я” ды “Купальле” “талькаўцы” праводзяць у вёсцы. Як і належыць – у народных строях, сьпяваючы даўнія беларускія песьні. Усё гэта адбываецца – як яны самі кажуць – пры глядацкім аншлягу вяскоўцаў і гасьцей. Распавядаюць сябры гурта “Талька”.
(Дзяўчаты: ) “Нам гэта проста вельмі падабаецца: хадзіць, сьпяваць, дарыць людзям птушак, праводзіць абрады й гуляць у розныя гульні. Мы займаемся гэтым даўно, нас навучылі, уцягнулі, і нам гэта вельмі падабаецца. У нас заўсёдны абыход вёскі на валачабніцтва, на Каляды”.
(Карэспандэнтка: ) “Вяскоўцы як на гэта рэагуюць?”
(Дзяўчаны: ) “Некаторыя ўцякаюць. Але бальшыня – асабліва старыя людзі – вельмі радыя. Яны адразу пляскаюць у далоні, глядзяць вялікімі вачыма й, напэўна, узгадваюць сваю маладосьць”.