Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Косава


Галіна Абакунчык, Косава

Ад ажыўленай чыгуначнай каляіны Менск–Берасьце–Заходняя Эўропа гэтае месца ўсяго за 15 кілямэтраў. Тым ня менш, патрапіць сюды без уласнага аўто ня надта лёгка, бо з райцэнтру Івацэвічы ў горад Косава аўтобус ходзіць толькі зранку ды ўвечары. Пакуль едзем да месца на старэнькім “Масквічы”, мясцовыя апазыцыянэры — Алесь Хітроў, Антон Юрэвіч і Сяржук Ласько пасьпяваюць распавесьці пра нядаўнія выбары ў мясцовыя саветы.

(Хітроў: ) “Альтэрнатываў у кандыдатаў няма, таму гэта мала падобна на выбары, а як у стары час — больш нагадвае галасаваньне”.

(Карэспандэнтка: ) “Чаму ў Косаве мала грамадзка-актыўных людзей?”

(Юрэвіч: ) “Баяцца, што наступствы з боку ўладаў могуць быць. Ня хочуць “сьвяціцца”. Я ўдзельнічаў ва ўсіх выбарчых мерапрыемствах, пачынаючы з 1992 году. Адчуваецца ціск”.

(Ласько: ) “Мясцовыя людзі чытаюць такія газэты як “Народная газета”, “Советская Белоруссия” ды “Івацэвіцкі весьнік”. Паколькі ў нас лічаныя людзі інфармаваныя з газэты “Народная воля” й слухаюць Радыё Свабода, то цяжка вылучыць кандыдата ў дэпутаты й увогуле весьці гэтую кампанію. Таму што людзі неінфармаваныя”.

У 1994 годзе гараджане сьвяткавалі 500-годзьдзе Косава. У напамінак пра гэтую дату, перад уездам у горад ўлады пакінулі помнік з чорнага мармуру, які, аднак, вельмі падобны на надмагільны. А вось каб умацаваць крыж на магіле паўстанцаў Кастуся Каліноўскага на старых могілках, чыноўнікі не парупіліся. Вялікі каменны крыж ад часу асеў і нахіліўся, а каб ня ўпаў зусім, месьцічы падперлі яго драўлянай цырубалкай. Ніяк не пазначанае й месца, дзе Мураўёў-вешальнік распраўляўся зь беларускімі патрыётамі. Гэта сасоньнік на вялікім узгорку, што побач з Косавам. З часу паўстаньня тутэйшы люд не забыўся й назвы гэтай гары — “шыбельная”.

Тым часам “бэнээфаўцы”, як іх называюць месьцічы, складаюць звыклы малюнак сумнага правінцыйнага жыцьця, распавядаючы пра зьмяншэньне жыхароў Косава, пабытавую няўладкаванасьць і адсутнасьць працы. Так, адзіная ў горадзе мэблевая фабрыка, якая доўгія гады была эканамічнай падпоркай гораду, цяпер на мяжы закрыцьця. Апошнія 200 чалавек працуюць тут за 25 тысяч рублёў на месяц, а 800 былых супрацоўнікаў адміністрацыя зволіла паводле скарачэньню штатаў, — кажа Сяржук Ласько.

(Ласько: ) “Людзі, якія пазбавіліся працы, мусілі шукаць заробкі ў розных галінах. Большая колькасьць маладога насельніцтва езьдзіць на заробкі ў Маскву. Жаночая палова ўладкоўваецца ў косаўскі шпіталь, многія знайшлі працу ў саўгасе “Зара”. Гэтыя людзі выяжджаюць штодня ў любое надвор’е за 5–7–9 кілямэтраў на роварах, на матацыклах на працу, бо тэхнікі ім не даюць”.

Што ў Косаве актыўна разьвіваецца, дык гэта камэрцыйныя ды платныя паслугі. У гарадзкой бібліятэцы, да прыкладу, найпапулярнейшыя кнігі выдаюцца толькі за грошы. Ахвочыя іх пачытаць мусяць плаціць грошы, але для многіх косаўцаў гэта не па кішэні, — канстатуе бібліятэкарка Сьвятлана Калесьнік.

(Калесьнік: ) “Вось бяруць кнігу — 150 рублёў за суткі. Хто не пасьпеў, той прыходзіць і даплачвае. Але ня кожнаму гэта па кішэні, таму мала бяруць кніг. Яшчэ сярод платных паслугаў — дастаўка кніг да хаты. Але яшчэ ніхто не замаўляў, ня просяць. Цяпер больш чытаюць газэты. Да прыкладу, “СПИД -Инфо”, “Аргументы и Факты”, “Камсамолку”. З нашых ідзе “Рэспубліка”, “Звязда”, “Зара”, Советская Белоруссия,” “Івацэвіцкі весьнік” — гэта нашая раённая газэта”.

(Карэспандэнтка: ) “А зь недзяржаўных?”

(Калесьнік: ) “А недзяржаўных у нас няма газэтаў. Над намі яшчэ раён. Яны й выпісваюць. Раней нам выпісвалі, а зараз недзяржаўных газэтаў нам не выпісваюць”.

Бібліятэка ў Косаве месьціцца ў адным будынку з Домам культуры — былым Доме людовым, збудаваным у 1931 годзе. Спакваля заўважаеш, што ўсё Косава разам з навакольлем дыхаюць старажытнай гісторыяй: мінуўшчына захавалася тут у даваенных, некалі дыхтоўных цагляных дамах, у векавых прысадах і вузкіх вулках. Але захапленьне даўніной рэдкіх гасьцей не заўсёды падзяляюць самі гараджане, бо жыць і працаваць у старых будынках не заўсёды зручна, асабліва зімой. Гавораць загадчыца Косаўскага дому культуры Людміла Маўчановіч і мастацкі кіраўнік Алена Дылько:

(Маўчановіч: ) “Наш будынак Дому культуры — гэта адзінае месца ў горадзе, дзе людзі могуць праводзіць свой вольны час. Аўра вельмі добрая тут, усе ідуць да нас, але сам будынак ужо непрыдатны. Канечне ж, тут патрэбны рамонт”.

(Дылько: ) “Пакояў для кружковай працы ў нас амаль няма, танцавальная заля не працуе, а працуе толькі кіназаля. Безумоўна, што эстэтычныя ўмовы цяперашняму часу ніяк не адпавядаюць”.

(Маўчановіч: ) “Зьвяртаемся да ўладаў штомесяц: пішам самі паперы, насельніцтва піша, але такіх адказаў дакладных, што заўтра альбо празь месяц мы нешта пачнем рабіць — такіх адказаў мы ня маем”.

Сапраўднай візытоўкай Косава ёсьць, безумоўна, урочышча Марачоўшчына, што за паўкілямэтра ад гораду. Тут у 1746 годзе ў сядзібным маёнтку сям’і Касьцюшкаў нарадзіўся хлопчык, якога назвалі Андрэем-Тадэвушам. Пазьней гэты беларускі шляхцюк стаў нацыянальным героем ЗША й Францыі ў змаганьні за свабоду й незалежнасьць гэтых краінаў, узначаліў магутнае антырасейскае паўстаньне на тэрыторыі Літвы, Польшчы й Беларусі. Цяпер у цэнтры Вашынгтону, насупраць Белага Дому, стаіць вялікі й прыгожы помнік Касьцюшку, а на радзіме ўлады пасьпяхова хавалі памяць пра гэтага выбітнага чалавека. Нават месьцічы выпадкова даведаліся пра свайго слыннага земляка. Як гэта было, узгадвае краязнаўца Вікторыя Савосьціна:

(Савосьціна: ) “У касьцёле нашым, шукаючы дакумэнты, каб вярнуць ад уладаў дом ксяндза: у 1947 годзе дом адабралі, а ксяндза выкінулі на вуліцу. Мы знайшлі гэтыя квітанцыі. І раптам Ірына Ганчарук падымае папку й кажа: паглядзіце — тут Касьцюшка напісаны. Мы шануем, мы дзякуем Богу, што ён даў нам такога чалавека, такога слаўнага чалавека, якога шануе ўвесь сьвет”.

Вікторыя Савосьціна мае цяпер больш за 70 гадоў і ёсьць патомнай жыхаркай Косава. Паважная спадарыня добра памятае, як у 1943 годзе партызаны спалілі маёнтак Касьцюшкаў. На ягоным месцы, намаганьнямі мясцовых актывістаў цяпер усталяваны крыж. Невялічкую мэмарыяльную дошку пазьней пакінулі ўлады. Але пад расейскім надпісам пра “польскага дзеяча” невядомыя наведнікі сыстэматычна выдрэпвалі альбо “маскоўскія халуі”, альбо “Жыве Беларусь”. І толькі ў 1996 годзе палякі падаравалі Косаву прыгожы барэльеф Касьцюшкі з выявамі мэтрыкі аб хрышчэньні й годным беларускамоўным надпісам пра змагара за свабоду.

Але мэмарыяльную дошку хутка скралі. Ходзяць чуткі, што гэта зрабілі самі ўлады і што гэтую рэліквію хаваюць у чыноўніцкіх кабінэтах. Ускосным пацьверджаньнем таму ёсьць і тое, што копію пліты з таннага мэтала ўлады ўсталёўваюць толькі падчас прыезду сюды замежных дыпляматаў, калі адзначаюцца ўгодкі нараджэньня Касьцюшкі. Гаворыць Вікторыя Савосьціна:

(Савосьціна: ) “Тыя, хто гэта рабіў, іх можна параўнаць толькі з тымі людзьмі, якія расьпіналі Хрыста. Яны такую сьвятыню скралі! Але, што людзі шануюць — гэта відаць. Прыяжджаюць, фатаграфуюцца на гэтым месцы. Вельмі прыемна, як адзін чалавек прыехаў з Аўстраліі. Як гэты чалавек стаў на калені, узяў жменьку зямлі з таго месца, дзе стаяў домік, і сказаў, што гэтую зямельку павязу ў Аўстралію. Ён на другім краі сьвету памятае й дбае, а мы стаім і маўчым. Калі Касьцюшка ваяваў за незалежнасьць той жа Амэрыкі, то нэгры школы называюць імем Касьцюшкі, а мы, да сораму нашага, нават табліцы добрай ня можам пакінуць, бо баімся, што яе абрабуюць. Пра аднаўленьне шмат гадоў ідзе толькі гаворка, але ўсё стаіць на месцы”.

Другая слыннасьць месца — Косаўскі палац, збудаваны ў 18 стагодзьдзі за справай беларускіх князёў Пуслоўскіх. Ён таксама спалены партызанамі пры канцы апошняй вайны. Але й па сёньня, напаўразбураны, ён уражвае магутнасьцю й веліччу. За часам незалежнай Беларусі існавала нямала спробаў аднавіць палац, але гэтаму заміналі й працягваюць перашкаджаць цяперашнія ўлады, якія аддаць будынак прадпрымальнікам шкадуць, але й самі нічога ня робяць. Распавядае мясцовая жыхарка Софія Бялевіч:

(Бялевіч: ) “Гэтае месца сапраўды сьвятое для ўсіх тутэйшых людзей. Ён стаіць пасьля вайны больш за 50 гадоў бяз даху, а ўдарце, дык жа зьвініць сьцяна, як струна. Мой яшчэ дзед пакойнік расказваў, а яму ягоны дзед, што о-о-о-о, як будавалі палац, то зьбіралі яйкі ад сялянаў, каб зьмешваць раствор зь бялкамі, таму й сьцены гэткія моцныя.

Будуюцца палацы лядовыя, а цяпер вось і бібліятэку. Я, да прыкладу, інстытут скончыла, працуючы ў старой Ленінскай бібліятэцы, то яна мне такая родная й блізкая. Я ня ведаю, можа, новая будзе й вельмі геніяльная й людзі там гэткія ж будуць працаваць. Але я думаю, што бібліятэка тая яшчэ пацярпела бы, а трэба было ратаваць помнік архітэктуры, які мае эўрапейскае значэньне”.

Было б несправядлівым не згадаць яшчэ адну косаўскую сьвятыню — Троіцкі касьцёл. У 1746 годзе тут хрысьцілі згаданага Касьцюшку. У адрозьненьні ад іншых храмаў Беларусі, якія саветы ператваралі ў зернясховішчы й стайні, косаўскі касьцёл стаяў пустым. 22 гады месьцічы зьбіралі грошы й плацілі ўладам падатак — нібыта бажніца працавала. А дзесяць гадоў таму, ізноў жа на ўласныя складкі, месьцічы пачалі аднаўляць будынак. Высьветлілася, што тут у працоўным стане захаваўся ці не адзіны ў Беларуі мэханічны арган. Паколькі арганістаў сярод парафіянаў не было, то місію арганісткі ўзяла на сябе спадарыня Савосьціна.

(Савосьціна: ) “Вельмі было сумна, што арган ёсьць, але няма каму граць. А кабеты кажуць: ну паспрабуй, ну хоць адным пальчыкам паспрабуй, можа што й выйдзе ў цябе, каб было чуваць, што ў нас ёсьць арган. Ну, я не граю па нотах, бо я нотаў ня ведаю. Але тыя песьні, што мы сьпяваем, то магу:

Магутны Божа, Уладар сусьветаў,
Вялікіх сонцаў і сэрц малых,
Над Беларусяй — ціхай і ветлай,
Рассып прамені свае хвалы”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG