Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны дзёньнік: Вінцэсь Мудроў


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак

4 красавіка

Выходжу з пад’езду і патрабавальна наструньваю нюх: нядзельнымі ранкамі наваполацкае паветра заўсёды бывае атручанае шкоднымі выкідамі. Сёньня атрутны рэй вядзе завод бялкова-вітамінных канцэнтратаў, і паветра пранізьліва пахне збружэлай урынай. Вясновы ветрык казыча ў правай ноздры, правакуе алергічнае чханьне, я страсянаю чупрынай, зьбіраючыся чхнуць, сьверб паўзе па насаглотцы, убіваецца ў еўстахіеву трубу і там замірае, шкадуючы, відаць, што смуроду паддае завод БВК, а не “Нафтан”. Калі газуе “Нафтан”, паветра сьмярдзіць гнілым часныком, і гэта забясьпечвае сэрыю ў чатыры апраметныя чыхі.

Насустрач пасьпяшаюць старыя цётухны з пукамі шэрых лазін у руках. “Сколькі ты за сьвет плоціш?” — пытаецца маленькая, падобная да Чабурашкі бабуля ў сваёй сяброўкі — сухарлявай цыбы ў пацёхканым, савецкага крою палітоне. “Восемдзесят кілават напалілі!” — скрушна прамаўляе сяброўка, а Чабурашка, тузануўшы ражкі цёплай хусткі, улякнута прамаўляе: “Вы што… пашалелі? Гэта ж сколькі ты заплаціла?!” Сьледам за бабулямі, трымаючы дыстанцыю, ідзе інтэлігентнага выгляду кабета майго веку. Кабета туліць да грудзей чырвоныя віціны ракіты. Свойчас ракітнік скрозь буяў на рачных берагах, цяпер яго нідзе ня бачна, і чырвона-бурыя, пазначаныя шэрамі катахамі галінкі, здаюцца нейкай экзатычнай расьлінай. Вочы ў жанчыны таксама шэрыя. Сэрца маё на кароткае імгненьне сьцінаецца, і я азіраюся ёй усьлед.

Сёньня Вербная нядзеля. Калісьці, такою парою, я пакахаў дзяўчыну з шэрымі вачыма, і ад таго часу Вербніца стала маім улюбёным сьвятам, і гэтым днём, як істапраўдны вернік, які чакае вяртаньня Хрыста, чакаю вяртаньня маладосьці.


5 красавіка

Надоечы набыў мабільнік, і першая навіна, што даляцела зь бяздонных вэлкомаўскіх глыбіняў, была пра тое, што кіраўніка Свабоднага прафсаюзу “Шкловалакна” Віктара Стукава гоняць з працы. У абед шыбую на офіс Свабоднага прафсаюзу і першага, каго сустракаю, — праваабаронцу Гары Паганяйлу. У праваабаронцы насьцярожліва-ўстурбаваны твар. Дый яно і зразумела: з працы выкідаюць трэцяга кіраўніка прафсуполкі, і людзі прагнуць дапамогі. Чакаючы Віктара, бяру са стала “Народную волю”, праглядаю пазначаны чырвоным маркерам артыкул спадара Бухвостава. Назва артыкула аптымістычная: “Народ защитят свободные профсоюзы, а не те, которые служат власти”.

А вось і Стукаў. Увайшоў у пакой, плюхнуўся ў крэсла: пасівелы, змарнелы чалавек. Зрэшты, якім яшчэ можа быць саракадвухгадовы мужчына, якога родная дзяржава пазбаўляе кавалка хлеба. І пазбаўляе толькі за тое, што ён — не плебэй і не падлюга. У Стукава двое дзяцей-школьнікаў: хлопец і дзяўчына. Дзяўчына захопленая Наталяй Арэйра: сьцены іх маленькай кватэры спрэс залепленыя каляровымі постэрамі з выяваю аргентынскай прыгажуні. Ня ведаю чаму, але менавіта Наталя Арэйра згадваецца гэтай хвілінай. Запісваю Віктараў голас на дыктафон, а ў вушах гучыць голас уласнай жонкі: “Каб яна спрахла, гэтая твая палітыка. Усё жыцьцё на яе паклаў, а я хаджу ў падзертай спадніцы”. Упэўнены, што прыкладна гэткія словы чуе цяпер і Віктар. Цісну потную пецярню, выходжк з офісу і лаўлю краем вока газэту, што пакінуў на стале. “Народ защитят свободные профсоюзы…” А хто ж тады абароніць Віцю Стукава?


6 красавіка

Увечары ўключаю тэлевізар і ў прадчуваньні футбольных жарсьцяў паціраю рукі. Жарсьці й папраўдзе чакаюцца неверагодныя, бо сустракаюцца “Манака” з “Рэалам”. Нечакана і недарэчна брынкае тэлефон. “Не дазволілі!” — абурана выдыхаюць на другім канцы дроту. Без тлумачэньняў разумею пра што гаворка. Заўтра ў бібліятэцы імя Якуба Коласа мусіў выступіць зь лекцыяй па мовазнаўстве Вінцук Вячорка. “Сволачы… у апошні момант… — абурана зумкае слухаўка і, пасьля паўзы, дадае: — Прыходзь заўтра… зь Вінцуком пагамонім…” “Куды прыходзіць?” — неабачліва пытаюся суразмоўцу і той шматзначна керхае. “Ну, там… дзе сустракаліся мінулым разам… ля скрыняў…”

Ужо паклаўшы слухаўку, згадваю, дзе сустракаліся мінулым разам і, зірнуўшы на экран, гукаю футбольнаму каралю Зыдану, які бяжыць па полі: “Кансьпі’ацыя, кансьпі’ацыя і ешьчё ‘аз кансьпірацыя, баценька!” Зыдан мяне ня чуе. А калі бы і дачуўся, не зразумеў бы, пра што размова. Бо цяжка зразумець эўрапейцу, хай і альжырскага паходжаньня, сёньняшнія нашыя рэаліі.


7 красавіка

Адвячоркам іду на сходку. Абмінаючы харчовую краму, чую стоены голас: “Давай сюды!” Ля сьцяны, ля скрыняў са сьмецьцем, стаіць гурт народнафронтаўцаў. Месца папярэдняга збору. Хлопцы паляць, стрымана перамаўляюцца.

На офісе, дзе ладзіцца сустрэча, ужо поўна народу. Упершыню я сустрэўся зь Вінцуком пры канцы семідзясятых. Студэнт Вячорка, памятаю, шыбаваў па калідоры, а сьледам за ім беглі маладзёны, навыперадкі даймаючы нейкімі пытаньнямі. Мінула чвэрць стагодзьдзя, і сытуацыя рыхтык паўтараецца. Вячорка шыбуе па калідоры, а сьледам за ім бяжыць тузін маладзёнаў, і кожны пнецца штосьці спытацца. Вінцук усё той жа: рашучы, разважлівы і рухавы, як жывое срэбра. Улучыўшы момант, пытаюся й я: ці мае ён першы нумар “Свабоды”, што выйшаў надоечы. Мелькам паправіўшы жоўты гальштук, які яму ня надта пасуе, лідэр БНФ дастае з кайстры некалькі нумароў. “Нарэшце, выйшла штосьці сур’ёзнае”, — прамаўляе Вінцук, і адразу некалькі прагных рук цягнуцца да газэцін. Гартаю “Свабоду” са зьмяшаным пачуцьцём зьдзіўленьня і зьбянтэжанасьці. Думаў, гэта будзе літаратурнае выданьне, а тут набор палітычных мініятураў улёткавага фармату.

Не дачакаўшыся канца сустрэчы, прабіраюся да выхаду і, зірнуўшы на Вінцука, думаю пра тое, што ён зрэшты шчасьлівы чалавек. Хаця б таму, што ягоная жонка Арына — гэта я ведаю дакладна — ніколі не дакарае мужа за ягонае бязладнае, пакладзенае на ахвярню Беларушчыны жыцьцё.


8 красавіка

Еду на трамваі, і раптам ўсе пасажыры кідаюцца да вокнаў. На ўзьмежку дарогі стаіць абгарэлы каркас разьдзяўбанага, свойчас набытага ў немцаў “Ікаруса”. “Карантыш”, — прафэсійным слэнгам тлумачыць сівагаловы дзядзька, маючы на ўвеце кароткае замыканьне праводкі. Трамвай на імгненьне запавольвае бег, і толькі цяпер заўважаю жоўтыя вогнікі падбелу на ўзбочыне. Гэтыя сьціплыя, але зыркія кветкі заўсёды зьяўляюцца напярэдадні Вялікадня. Праміне два тлумныя дні, і ў бажніцах пачнецца ўсяночная. Царкоўныя дзьверы будуць адчыненыя, зь іх шызай пасмай паплыве дым васковак, на клірасе высокім ладам засьпяваюць пасхальную песьню: “Всю низложив смерти державу Сын Твой, Дево, Своим воскресением, яко Бог Крепкий совознесе нас…” І ня толькі вернікам, але й такім зацятым агностыкам, як я, на кароткі міг падасца, што раніцай сьветлага Хрыстовага Ўваскрэсеньня іх чакае новае, такое ж сьветлае жыцьцё.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG