Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 25 ЛІСТАПАДА


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Звезда”, 1923 год:

“Восеньню дні кароткія, а ночы вельмі працяглыя. Гэтая ўсім вядомая і, здавалася б, зусім бяскрыўдная аксіёма аказалася дужа шкоднай для часткі пралетарскага студэнцтва, якая пражывае ў інтэрнаце па Беларускай вуліцы. Як толькі настае вечар, жыцьцё ў нашым інтэрнаце з-за адсутнасьці сьвятла цалкам вымірае: няма магчымасьці ня толькі пачытаць кніжку ці газэту, але й паесьці, бо калі ты ясі, ты ня бачыш, што ты ясі, і ня ўпэўнены, трапляе ці твая ежа ў рот або якую іншую частку цела. Выканбюро БДУ — час ужо асэнсаваць аксіёму: увосень дні кароткія, а ночы вельмі працяглыя, і зрабіць зь яе адпаведныя высновы”.

“Беларускі ўнівэрсытэт”, 1973 год:

“Усе камсамольскія арганізацыі ўнівэрсытэту рыхтуюцца да правядзеньня Ленінскага ўроку “Вучыцца, працаваць і змагацца па Леніну!”, прысьвечанага 50-годзьдзю з дня прысваеньня камсамолу імя У.І.Леніна. Бюро камітэту камсамолу прыняло пастанову: правесьці Ленінскі ўрок з 25 па 30 лістапада. У пляне ўроку гутаркі і сэмінары па гісторыі КПСС і ВЛКСМ, сучаснаму маладзёваму руху, зьнешнепалітычнай дзейнасьці нашай партыі па рэалізацыі Праграмы міру. Кожная група, курс атрымліваюць практычныя заданьні: арганізаваць сустрэчу з камсамольцамі ленінскага прызыву, старымі камуністамі, аформіць выстаўкі, правесьці вечары і гутаркі”.

“Знамя юности”, 1983 год:

“Штогоду ўзрастае рух за камуністычнае стаўленьне да працы. У трэцім годзе 11-й пяцігодкі ў гэтым спаборніцтве ўдзельнічае ў цэлым 265 працоўных калектываў розных прадпрыемстваў гораду Баранавічы. Толькі на швейнай фабрыцы імя С.Грыцаўца дамагліся званьня “Калектыў камуністычнай працы” два цэхі і 17 вытворчых падразьдзяленьняў. Рухам за камуністычную працу ў горадзе ахоплена у цэлым звыш 42 тысяч працаўнікоў розных прафэсіяў. Заўважым адначасова, што 18350 работнікаў ужо носяць высокае званьне “Ударніка камуністычнай працы”. Усе яны ў гэтыя дні нясуць ударную працоўную вахту ў гонар 40-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. С.Дашкевіч, інжынэр”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG