Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 13 ЛІСТАПАДА


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Звезда”, 1923 год:

“Увага! Унівэрмаг Чырвонага Крыжа. З 12-га лістапада паступіла ў продаж вялізная партыя ўсялякіх тавараў найлепшай якасьці й сьвежасьці: ікра паюсная, балык, сёмга, кефаль, керчанскія селядцы, шпроты, кількі, бычкі, лімоны; маскоўскія гарэлачныя вырабы — лікёр, запяканка, рабінаўка, спатыкач, допель-кюмель, замежнае шампанскае і лекавыя віны “Дэпрэ” разьліву мірнага часу; парфумы замежныя “Бракара” ды інш. (навінкі). Якасьць і сьвежасьць тавару гарантуем. Продаж усім. Кошты па-за канкурэнцыяй”.

“Знамя юности”, 1983 год:

“На плошчы імя У.І.Леніна ў Горадні ўрачыста прынялі эстафэту міру, якая крочыць па рэспубліцы, прадстаўнікі моладзі гораду над Нёманам. Альбом “Вахта міру моладзі Беларусі”, які суправаджае эстафэту, папоўнілі новыя запісы. Ёсьць сярод іх і такія факты: 93 камсамольска-маладзёвыя калектывы, 2100 маладых рабочых абласнога цэнтру скончылі заданьне трох гадоў пяцігодкі. Удзельнікі мітынгу паведамілі і пра ўнёсак моладзі ў агульную скарбонку барацьбы за мір. Ад пачатку году ёю пералічана ў Савецкі фонд міру звыш 86 тысяч рублёў. Наведаўшы шэраг раёнаў Прынёманьня, эстафэта міру 17 лістапада скіруецца ў Віцебскую вобласьць”.

“Згода”, 1993 год. Аляксей Кароль дзівіццае з нагоды звароту Саўміну “Да грамадзян Рэспублікі Беларусь” ад 5 лістапада 1993 году:

“Зварот стракаціць ярлыкамі са змрочнае памяці мінулага таталітарнага рэжыму: “правакатары”, “палітавантурысты”, “падбухторшчыкі”. Фактаў, аргумэнтаў, што пацьвярджаюць абвінавачаньне, у звароце няма. Мы маем права запытацца: “Хто стаіць за подпісам звароту: Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь? Ці галасаваўся ён калектыўна? Ці падпісвалі яго міністры і старшыні дзяржкамітэтаў? Ці гатовыя яны пацьвердзіць сваю згоду з тэкстам звароту? Ці гатовыя гэта зрабіць, напрыклад, міністар унутраных спраў Ягораў, міністар адукацыі Гайсёнак, намесьнік старшыні Саўміну Дзямчук? То бок людзі, чый вобраз у вачах грамадзтва дастаткова дэмакратычны? Ці ўсё за ўсіх вызначала воля і росчырк пяра адной асобы?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG