“Сталинская молодежь”, 1953 год:
“Кандытарскія фабрыкі рэспублікі павялічылі выпуск і пашырылі асартымэнт шакаляды, цукерак, печыва і іншых вырабаў да кастрычніцкіх сьвятаў. Уключыўшыся ў перадкастрычніцкае сацыялістычная спаборніцтва, калектыў менскай фабрыкі “Камунарка” рыхтуе да кастрычніцкіх урачыстасьцяў 30 найменьняў набораў шакаляды і цукерак у прыгожа аздобленых пушках. Днямі ў крамы рэспублікі паступяць 115 тысяч прыгожых пушак з цукеркамі і шакалядай, 24 тысячы бляшанак з каляровым гарошкам, ракавымі шыйкамі, манпасье і іншыя наборы кандытарскіх вырабаў”.
“Чырвоная змена”, 1983 год. Кандыдат філязофскіх навук Д.Мацяс у артыкуле “Ідэалы сапраўдныя і ўяўныя” разважае на тэмы рэлігіі:
“Дзеля чаго пакутаваў Сэрафім Сароўскі? З псыхалягічнага пункту гледжаньня гэта быў чалавек моцнай волі, зайздроснай вытрымкі. Але ў імя якой мэты ён дзейнічаў, чаму прысьвячаў сваё жыцьцё? Як манах-схімнік ён садзейнічаў сваімі пропаведзямі ўмацаваньню сацыяльнага і духоўнага прыгнёту, патраціў усе сілы на служэньне ілюзорнай істоце дзеля ілюзорнага выратаваньня ў замагільным сьвеце. Для ўсіх жа сапраўды зямных герояў характэрна агульная рыса — гатоўнасьць аддаць свае сілы і само жыцьцё дзеля шчасьця людзей”.
“Народная газета”, 1993 год. Заява аб утварэньні аб’яднаньня дэмакратычных сіл “Вясна-94”:
“Палітычная, эканамічная і сацыяльная сытуацыя наблізілася да крытычнай рысы, крызыс штодзённа пагаршае жыцьцё людзей. Адказваючы за лёс роднай краіны, патрабуючы ад яе грамадзян сацыяльнай актыўнасьці, мы ўпэўненыя, што ўмовы адраджэньня Беларусі — народаўладзьдзе, рынкавая эканоміка і дзяржаўная самастойнасьць. Але дасягнуць гэтага магчыма толькі агульнымі намаганьнямі. Таму мы ўтвараем аб’яднаньне дэмакратычных сіл, у склад якога могуць уваходзіць палітычныя партыі і рухі, грамадзкія, прафэсійныя і рэлігійныя арганізацыі, творчыя саюзы і прыватныя асобы… Мы выступаем не ад імя ўсяго народу, а за правы народу вырашыць свой лёс на выбарчых участках”.