“Полесская правда”, 1923 год. Рэцэнзія на кнігу “10 дзён, што страсянулі сьвет”:
“Малады, але выдатны амэрыканскі пісьменьнік Джон Рыд, чуйны да вялікіх падзеяў, прымчаўся ў Расею, як толькі пачалася рэвалюцыя. У вялікія кастрычніцкія дні Джон Рыд кідаўся ў агонь бітваў. Рызыкуючы жыцьцём, ён, як баявы амэрыканскі журналіст, з чуйным сэрцам рэвалюцыянэра, зьяўляўся заўсёды за пяць хвілінаў да падзеяў, каб усё запісаць і перадаць праўду аб Расеі амэрыканскаму рабочаму. Нічога не схавалася ад вострага вока Джона Рыда. Найвялікшую справу заваёвы пралетарскай улады Джон Рыд запісаў у свой блёкнот з надзвычайнымі падрабязнасьцямі, поўнымі захапляльнага інтарэсу”.
“Знамя юности”, 1973 год. Інфармацыя БЕЛТА:
“Беларуская ССР абраная нясталым сябром Рады Бясьпекі ААН на 1974–1975 гады на выбарах, што адбыліся 15 кастрычніка 1973 году на ХХVIII сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН. Беларуская ССР абраная ў Раду Бясьпекі ад групы ўсходнеэўрапейскіх краін, у якую ўваходзяць сацыялістычныя дзяржавы Эўропы. Адзінагалоснае выбраньне Беларускай ССР у склад Рады Бясьпекі сьведчыць пра рост даверу краін-сябраў ААН да ленінскага замежнапалітычнага курсу КПСС і Савецкай дзяржавы, надзвычайную папулярнасьць і жыцьцёвую моц савецкай Праграмы міру, якую высунуў XXIV зьезд КПСС, рост аўтарытэту Беларускай ССР у ААН, унёсак нашай рэспублікі ў справу падтрымкі і ўмацаваньня міру, міжнароднай бясьпекі, у ажыцьцяўленьне мэтаў і прынцыпаў Статуту ААН”.
“Беларус”, 1983 год. Артыкул “Аўтар Шэрлак Голмса пра Менск”:
“Артур Конан-Дойл — аўтар несьмяротнага й славутага дэтэктыва Шэрлака Голмса, напісаў, як выяўляецца, і апавяданьне пад загалоўкам “Засада ў горадзе Менску”. У беларускім перакладзе яно зьмешчанае ў сёлетнім жнівеньскім нумары менскага часапісу “Работніца й сялянка”. Дарэчы, гэта найбольшы тыражом месячнік савецкае Беларусі. Тыраж жнівеньскага нумару 1.294.692 экзэмпляры. Чым тлумачыцца папулярнасьць гэтага жаночага часапісу? На думку некаторых, укладанай у кожны нумар яго выкрайкай для пашыву вопраткі”.