“Звезда” ў 1923 годзе ў падборцы менскай інфармацыі абвяшчае:
“Сёньня 14 і заўтра 15 кастрычніка ў кіно “Гігант” адбудзецца дэманстрацыя вядомай фільмы “Тэорыя адноснасьці прафэсара Айнштайна”. Складанасьць тэорыі адноснасьці не дазваляе скампанаваць карціну цалкам наглядна, але і тое, што зроблена, безумоўна вартае ўвагі як першая спроба ў гэтых адносінах. Безумоўна, патрабуецца адпаведнае тлумачэньне, якое і ўзялі на сябе прафэсары Бэркэнгэйм, Сіроцін і Старшыня Галоўпалітасьветы Усьпенскі”.
На старонках “ЛіМу” ў 1983 годзе пісьменьнік Леанід Дайнека пад рубрыкай “Лад жыцьця савецкі” і загалоўкам “Нам праца крылы дае” піша:
“Дваццаць пяць гадоў таму, калі я вучыўся на электрыка, мой брыгадзір Іван Макроў, працавіты залатарукі ўральскі чалавек, сказаў мне: “Лёня, наша брыгада электрыкаў пачынае спаборніцтва за званьне камуністычнай. Не падвядзі, не падкачай, Лёня!” І прыкалоў на мой задымлены барэт маленькі чырвоны банцік. Я стараўся не падводзіць, і хоць брыгада Івана Макрова так і не заваявала тады гэтага званьня (на камбінаце былі мацнейшыя брыгады), на ўсё жыцьцё з тых далёкіх дзён засталося ў сэрцы адчуваньне далучанасьці да вялікай усеагульнай справы”.
“Звязда”, год 1993. На першай паласе зьмешчана наступная інфармацыя:
“Як стала вядома рэдакцыі, 3 кастрычніка падчас узброеных сутыкненьняў у Маскве загінуў вядомы беларускі прадпрымальнік, генэральны дырэктар асацыяцыі “МОКА” Сяргей Мокін. Сьмерць напаткала яго каля тэлекампаніі “Астанкіна”, побач зь якой Сяргей Мокін жыў у гасьцініцы. Дырэктар фірмы “МОКА” загінуў на вуліцы ад аўтаматнага стрэлу. Куля калібру 5.45 са зьмешчаным цэнтрам цяжару ўвайшла ў аорту і выйшла праз жывот. Мокіна апазналі па візытнай картцы. Ён перавезены і пахаваны ў Менску. “Звязда” выказвае спачуваньне родным і блізкім нябожчыка, усім тым, хто яго ведаў. Рэдакцыя таксама мае інфармацыю аб тым, што падчас кастрычніцкіх падзей у Маскве загінула яшчэ некалькі грамадзян Беларусі, у тым ліку і жыхароў Менску”.