“Сталинская молодежь”, 1953 год. Перадрук нататкі з газэты “Звязда” аб карэспандэнцыі “Калгасны пастух”, якая была раней зьмешчаная ў “Сталинской молодежи”:
“Аўтары карэспандэнцыі ў сваёй нястрымнай фантазіі нагрувасьцілі адну выдумку на другую. Зь іх волі на выпасах калгасу імя Варашылава зьявіўся лес. Насамрэч ніякага лесу няма ня толькі на землях калгасу імя Варашылава, але і ў суседніх калгасах. Выдуманы лес аўтары засялілі ваўкамі. “Калі шчыра казаць, ваўкоў я бачыў толькі на малюнку”, — сьмяецца над выдумкай малады аўчар Мікалай Кананок. Аўтары карэспандэнцыі С.Гаравы і Н.Лапуста нават не былі ў калгасе, не цікавіліся працай Кананка, не сустракаліся і ня гутарылі зь ім. Яны напісалі карэспандэнцыю, не выяжджаючы з Мазыра”.
“Знамя юности”, 1983 год:
“Маніфэстам эпохі камуністычнага стварэньня слушна названая Канстытуцыя Краіны Саветаў. У ёй сканцэнтраваныя ўсе найбольш важныя заваёвы нашага грамадзтва, якія на ўсім зямной кулі вядомыя як савецкі лад жыцьця. Канстытуцыя ўвасобіла курс нашай партыі, які пасьпяхова праводзіцца ў жыцьцё савецкім народам. Наша Канстытуцыя — гэта ўзор сапраўднай дэмакратыі. Бо Асноўны Закон Краіны Саветаў — плод калектыўнай працы, калектыўнай думкі, калектыўнага пошуку ўсяго народу. Мір, Праца, Свабода, Роўнасьць, Братэрства, Шчасьце — напісана на сьцягу камунізму. Вялікае шчасьце — жыць у краіне, дзе гэтыя словы пацьвярджае ўсё нашае жыцьцё”.
“Мы и время”, 1993 год. “Зварот да народу Беларусі” Кангрэсу народу Беларусі:
“Пераважная большасьць грамадзян Беларусі нясе на сваіх плячах усё большы цяжар крызысу, які пагражае нацыянальнай катастрофай. Яго галоўныя прычыны — прыход да ўлады антынародных пранацыяналістычных сіл і Белавескія пагадненьні, якія завершылі развал дзяржавы, што стваралася стагодзьдзямі. Наступствам змовы ў Віскулях зрабіліся фактычная страта Рэспублікай Беларусь незалежнасьці і бясьпекі, пазбаўленьне нас вялікай Айчыны насуперак волі народу, зруйнаваньне адзінага народна-гаспадарчага комплексу і падзеньне вытворчасьці, рэзкае зьніжэньне ўзроўню жыцьця людзей, дэградацыя культуры і маралі, рост злачыннасьці. Народ Беларусі! Мір і дабрабыт у тваіх руках!”