“Я, старшы хімік скурзаводу Мойтэс, работаючы на практычнай рабоце звыш 40 гадоў, выпусьціў не адзін дзясятак спэцыялістаў-хімікаў. Вось чаму я зь вялікім інтарэсам і ахвотай падтрымліваю ініцыятыву комсамольцаў заводу “Чырвоны мэталіст” і ў адзнаку канфэрэнцыі бяру шэфства над маім лябарантам Ротшыльдам, якому перадам свае веды па хіміі”.
“ЛіМ”, 1933 год. Пра наведваньне дэлегацыяй мастакоў таварыша Галадзеда:
“У гутарцы тав. Галадзед асабліва спыніўся на наяўнасьці нацыяналістычных тэндэнцыяў і перажыткаў, якія яшчэ ёсьць у працы некаторых мастакоў Беларусі. Так, напрыклад, калі гэтыя мастакі малююць яўрэйскага калгасьніка, яны абавязкова паказваюць яго тымі штрыхамі, якія характэрны для местачковага дэклясыраванага яўрэя, забываючыся аб тым, што працоўны яўрэй-калгасьнік — гэта ўжо новы чалавек. Калі такія мастакі малююць беларускага селяніна, то ён у іх абавязкова ў лапцях, у вышытай кашулі і абцягнуты слуцкім паясом. Зараз беларус-калгасьнік ён выглядае інакш, больш культурна, ён ужо даўно вырас з лапцей і слуцкага паяска і часта апранаецца ў добры касьцюм”.
“Беларус”, 1973 год:
“Беларусаў у Савецкім Саюзе вонках Беларускае рэспублікі ў 1959 годзе афіцыйная савецкая статыстыка налічвала 1 318 000, гэта значыцца 17,5% ад агульнага ліку беларускаў у СССР. Працэнт гэты падвысіўся паводля перапісу жыхарства 1970 году (…) да 19,5%, што ў вабсалютным ліку становіць 1 762 000 чалавек. Гэткія лікі падаў у сваім артыкуле Вадзім Мэнікер з дасьледнага аддзелу радыё “Свабода”. Тымчасам беларускі савецкі дэмограф Андрэй Ракаў у сваёй кнізе “Население БССР” піша: “…за межамі рэспублікі беларусаў павінна быць 1,5–1,6 мільёна, г.зн. на 100–200 тысячаў чалавек больш, чымся выявілася паводля матар’ялаў перапісу 1959 г. Значыцца, з улікам натуральнага прыросту паза межамі рэспублікі павінна жыць прыблізна каля двух мільёнаў беларусаў”.