Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 30 ВЕРАСЬНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“ЛіМ”, 1983 год. Кандыдаты гістарычных навук Г.Жылінскі і філязофскіх навук А.Мельнікаў ганьбяць капіталістычны лад жыцьця:

“Імпэрыялістычная буржуазія спрабуе супрацьпаставіць сапраўдным духоўным каштоўнасьцям прагрэсіўнай, дэмакратычнай культуры так званае “масавае мастацтва”, пазбаўленае пазнавальнай і мастацкай сілы, ідэйна варожае інтарэсам народу. Аснову яго зьместу складае пропаведзь сэксу і гвалту, прабуджэньня нізкіх жывёльных інстынктаў у сьвядомасьці чалавека. Напрыклад, кожны амэрыканец за сваё жыцьцё можа ўбачыць на экране каля 100 тысяч забойстваў (перадаюцца кожныя 45 мінут) і 300 тысяч сцэн гвалту і насільля”.

“Знамя юности”, 1983 год. Галіна Савіцкая, майстар спорту міжнароднай клясы, піша:

“Цяперашняя палітыка адміністрацыі ЗША, мэта якой — гонка ўзбраеньняў, ёсьць сур’ёзнай пагрозай усяму сьвету. Арэнай барацьбы зрабіўся нават спорт. Згадайма хоць бы маскоўскую Алімпіяду, у якой зь віны ўраду ня здолелі паўдзельнічаць спартоўцы ЗША і некаторых іншых краінаў. У складзе зборнай СССР па баскетболу мне часта даводзіцца ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах, сустракацца са спартоўцамі розных краінаў. Усе яны занепакоеныя цяперашнім становішчам у сьвеце. Многія актыўна ўдзельнічаюць у антываенным руху. Бо задача спартовага руху — садзейнічаць мацаваньню дружбы паміж народамі розных краінаў, паглыбленьню супрацоўніцтва паміж дзяржавамі”.

“Звязда”, 1993 год:

“Беларускае тэатральнае мастацтва панесла вялікую страту. 28 верасьня на 74 годзе жыцьця пасьля цяжкай і працяглай хваробы памерла выдатная беларуская актрыса, народная артыстка СССР, народная артыстка Беларусі Галіна Кляменцеўна Макарава… Не адно пакаленьне гледачоў захаплялася яе бліскучым майстэрствам. За сваё доўгае артыстычнае жыцьцё яна стварыла шмат цудоўных вобразаў, кожны зь якіх — выдатная старонка ў гісторыі нацыянальнага тэатру. Г.Макарава здолела выказаць самыя запаветныя памкненьні й жаданьні свайго народу. Галіна Кляменцеўна заўсёды заставалася нацыянальнай актрысай у кожнай сваёй сцэнічнай рабоце”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG