“Віцебскі пралетары”, 1933 год. У артыкуле “Мой рахунак мэханіку тав. Мармеру” камсамолец Байдакоў піша:
“Калі я пазнаёміўся з шэфствам старых кваліфікаваных рабочых над маладымі на заводзе “Чырвоны мэталіст”, у мяне адразу зьявілася думка — чаму-б і нам на фабрыцы не правесьці такое-ж шэфства. Чаму-б такую каштоўную ініцыятыву і нам не пераняць. Работаючы на бягучым рамонце швэйных машын 31 і 16 клясаў, я паставіў перад сабой мэту праз шэфства ўзьняць сваю кваліфікацыю. Таму я прашу кваліфікаванага рамонтніка мэханіка т.Мармера ўзяць шэфства нада мной і навучыць мяне як лепш і хутчэй вытвараць рамонт машын, указваць і дапамагаць мне ў рабоце”. Мэханік Мармер на гэтай жа старонцы газэты адказвае: “Рахунак комсамольца Байдакова прымаю”.
“Сталинская молодежь”, 1953 год. “Знамянальная дата ў гісторыі беларускага народу”:
“З дня ўзьяднаньня беларускага народу ў адзінай Беларускай Савецкай дзяржаве мінула чатырнаццаць гадоў. Гэтую знамянальную дату працоўныя нашай рэспублікі сустракаюць у абстаноўцы надзвычайнага палітычнага і вытворчага ўздыму. (…) Правячыя колы панскай Польшчы ўсяляк прыгняталі культурныя і нацыянальныя звычаі беларускага народу. Дзеці беларусаў ня мелі магчымасьці вучыцца на роднай мове. Што да вышэйшых і сярэдніх навучальных установаў, дык доступ дзецям працоўных туды наогул быў закрыты. Фанабэрлівыя польскія паны забаранялі беларусам размаўляць на сваёй роднай мове, амаль усё беларускае насельніцтва было няграматнае і малаграматнае”.
“Советская Белоруссия”, 1983 год. Дырэктар Інстытуту філязофіі й права АН БССР, на той час — намесьнік старшыні праўленьня таварыства “Веды” Яўген Бабосаў піша:
“У фармаваньні новага чалавека вырашальная роля належыць арганічнаму адзінству ідэалягічнай работы з гаспадарчай і арганізацыйнай дзейнасьцю. На гэты шматгранны складаны працэс магутна ўзьдзейнічае ўзровень разьвіцьця эканомікі і яе посьпехі, ступень разьвітасьці грамадзкіх адносінаў сацыялізму, разьвітасьць сацыялістычнай дэмакратыі, узровень адукаванасьці і культуры нашага народу. Таму такое істотнае значэньне мае ідэалягічнае забесьпячэньне гаспадарчай дзейнасьці”.