Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 9 ВЕРАСЬНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

Дзень добры! Сёньня, нагадаю, 9 верасьня дзявятага месяца году. А пра што ж пісалі беларускія газэты ў гэты дзень у розныя гады мінулага?

Напрыклад, “Звезда” — расейскамоўная ў 1923 годзе газэта — зьмясьціла адозву ЦК Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа “Да працоўных Беларусі”: “Нябачаны землятрус, што адбыўся ў Японіі, цалкам спустошыў большую частку гэтай квітнеючай працалюбай краіны. Згодна газэтных паведамленьняў, падчас землятрусу загінула звыш мільёна людзей, дзясяткі мільёнаў зьвергнутыя ў бездань бедстваў. Больш за ўсё, канечне, пацярпеў японскі пралетарыят. Заводы і фабрыкі зруйнаваныя і ня могуць быць хутка адноўленыя. У жахлівае становішча пастаўлена і японскае сялянства. Квітнеючай краіне пагражае голад, эпідэміі і выраджэньне. Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа адчыняе шырокі збор ахвяраваньняў на карысьць японскіх працоўных. Кожны рубель дарагі!”

“Чырвоная зьмена” ў 1933 годзе пад загалоўкам “Максім Путнік прэміяваны Наркамлегпромам” паведамляе: “У нумары 196 нашай газэты за 7-га верасьня гэтага году зьмешчан матар’ял пра Максіма Путніка — лепшага арганізатара піянэрскіх дазораў аховы ўраджаю калгасу “Чырвоны асьветнік” Горацкага раёну і ўдзельніка Ўсебеларускай нарады кіраўнікоў піанэрскіх дазораў. Па прадстаўленьні ЦК ЛКСМБ Наркамлегпром прэміяваў Максіма Путніка за выдатную работу па ахове ўраджаю гарнітурам і бацінкамі”. Бацінкі тады, зазначу, сёньняшняга СД-плэйера вартыя былі…

“Звязда” 10 гадоў таму надрукавала заяву ўраду Рэспублікі Беларусь: “Апошнія падзеі паказваюць, што шэрагам грамадзка-палітычных арганізацыяў, у прыватнасьці БНФ-БЗВ, разгорнута ўзмоцненая кампанія па сьвяткаваньню даты 8 верасьня як “Дня беларускай ваеннай славы”. У гэтай сувязі ўрад лічыць неабходным заявіць наступнае. Усякія спробы прадставіць дзень 8 верасьня як нацыянальнае сьвята супярэчаць рашэньню Вярхоўнага Савету рэспублікі, які зацьвердзіў пералік сьвяточных і памятных дат, што адзначаюцца беларускім народам. Па-другое, дастаткова няпэўна выглядае сама трактоўка бітвы пад Воршай 8 верасьня 1514 году. Гістарычныя факты сьведчаць, што ў бітве пад Воршай удзельнічалі ня толькі расейцы і беларусы. Значыць, няма ніякіх падставаў выкарыстоўваць гэтую дату для абвастрэньня адносінаў паміж двума народамі”.

…Гады мінаюць, а ўсё іншае — на тым самым месцы. Мае шанаваньні!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG