Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 14 ЖНІЎНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Віцебскі пралетар”, 1933 год:

“Народны суд 1 вучастку г.Віцебску у складзе нарсудзьдзі Мельцынай і засядацеляў Лаўрэнцьцевай і Ціханавай, заслухаў у адкрытым судовым паседжаньні справу галоўнага бухгальтэра Плодатрэсту Дзямідава, выключанага з саюзу. Нарсуд у сваім прыгаворы адзначае, што Дзямідаў у час працы адкрыта выкрыў свой вялікадзяржаўны шавіністычны твар у тым сэнсе, што ён забараніў у прысутнасьці яго размаўляць на яўрэйскай мове, кажучы, што “калі ён працаваў у ЦРК, то там яўрэі ніколі не размаўлялі па-яўрэйску”. Нарсуд прыгаварыў Дзямідава на адзін год прымусовых работ з адбыцьцём меры пакараньня на чорных работах”.


“Чырвоная змена”, 1973 год. “Сусьветны чэмпіянат па біатлёну 1974 году”:

“Будаўніцтва комплексу вядзе БУ-5 1-га будтрэста г.Менску” — чытаем на стрэлцы дарожнага ўказальніка. Дваццаць трэці кілямэтар Лагойскай шашы ля вёскі Раўбічы. Зьлева ад ракі Усяж будуюцца стрэльбішча і трыбуны для гледачоў. Справа ўзводзіцца сяміпавярховы конусаподобны адміністрацыйна-гаспадарчы будынак з гасьцінічнымі нумарамі на 80 месц, рэстаранам, більярднымі залямі. Гэты спэцыяльны комплекс зьявіцца буйнейшым у Эўропе. У далейшым тут заплянавана стварэньне комплексу і для зімніх відаў спорту. Ужо ўзьведзены два трампліны, будуецца трэці”.


“Народная газета”, 1993 год:

“Беларусь займае сёньня адно з апошніх месцаў па колькасьці банкаў на душу насельніцтва ня толькі сярод разьвітых эўрапэйскіх краін, але і сярод дзяржаў Садружнасьці. Рэспубліка з насельніцтвам 10,3 мільёна чалавек абслугоўвае сёньня толькі 25 камэрцыйных банкаў. У той час як у Маскве з прыкладна такім жа насельніцтвам колькасьць банкаў падышла да адзнакі 400. Сярэднестатыстычны паказчык па суадносінах насельніцтва Беларусі і колькасьці банкаў у рэспубліцы амаль у 20 разоў менш узроўню разьвітых дзяржаў. У Італіі адна фінансавая ўстанова прыходзіцца на 4 тысячы грамадзян гэтай краіны. У Германіі адзін банк абслугоўвае ў сярэднім 1400 кліентаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG