“Наша ніва”, 1913 год, артыкул “Раздумаўся… і надумаўся”:
“Менскі паліцмэйстар Сакалоў падаў быў на суд на “Нашу ніву” за ведамасьці, якіе былі там аддрукаваны, што на яго наседае цяперашні менскі губэрнатар Гірс, каторы пачаў праз добра густое сіта перасяваць быўшых “эрдэльцоў”. На суд пан Сакалоў не явіўся, дык і ўсю справу, разумеецца, адкінулі. Але за то надумаўся пан паліцмэйстар з гэтаго часу ўсе нумары газэты “Наша ніва” загадаць шчыра і акуратна чытаць паліцыі (набралі, відаць, смаку!). Аб’явіліся і такіе “падрадчыкі”, каторыя стараюцца заўсёды на пару паведамляць паліцыі, хто і пад якім прозьвішчам падае весткі ў газэты аб “справах-справачках” паліцыі”.
“Літаратура і Мастацтва”, 1933 год, рапарт работнікаў Опэрнага тэатру:
“За два з паловай гады творчай вучобы, бязьлітасна змагаючыся з усялякімі адхіленьнямі ад генэральнай лініі нашай партыі, па-Ленінскі, крытычна выкарыстоўваючы лепшыя клясычныя творы са спадчыны мінулага, мы падрыхтавалі чатыры опэрныя паказы (“Кармэн”, “Апрычнікі”, “Яўгені Анегін”, “Залаты Пеўнік” і работа па харэаграфічнаму паказу — балет “Чырвоны мак”). Разам з нашымі дасягненьнямі, ёсьць шэраг недахопаў, асноўны недахоп, гэта тое, што да сёньняшняга дню ня здолелі давесьці да канца справы па напісаньню арыгінальнай опэры, якая адлюстроўвала б вялізарныя дасягненьні нашага сацыялістычнага будаўніцтва”.
Віцебская абласная газэта “Народнае слова”, 1993 год, артыкул “Аб’ядналіся пісьменьнікі”:
“У Наваполацку абвешчана аб стварэньні Таварыства вольных літаратараў — альтэрнатыўнай Саюзу пісьменьнікаў літаратурнай суполкі. “Калісь, — сказаў на сходзе ТВЛ паэт Юры Гумянюк, — аб плюралізьме ў літаратуры немагчыма было і гаварыць, адзіны Саюз пісьменьнікаў здаваўся непарушным. Пасьля жніўня 1991 году зьявілася магчымасьць стварыць незалежныя суполкі. Іх павінна быць некалькі, інакш — застой, стагнацыя”. Кангрэс прыняў заяву і статут ТВЛ. Абвешчана, што падстава для аб’яднаньня — вольнасьць ад догмаў, якімі было скавана ўсё літаратурнае жыцьцё Савецкай Беларусі, вольнасьць ад манапольнай літаратуры і ад чыёй-небудзь літасьці ў вырашэньні ўласных літаратурных лёсаў”.