“Беларуская газэта”, год 1943. Артыкул “Наведваньне беларускага кіно ў Менску працоўным жыхарствам”:
“Каб забясьпечыць беларускаму працоўнаму жыхарству атрыманьне білетаў у беларускае кіно, што важна, бо ў вабодвых кіно заўсёды білеты бываюць распрададзеныя, упаўнаважаны прафэсійнага саюзу г.Менску паразумеўся з кіраўніком беларускага кіно №1, у выніку чаго штонядзелі перад паўднём для працоўных менскіх прадпрыемстваў будуць адбывацца адмысловыя сэансы. Гэткім парадкам кожнаму сумленнаму й дзейнаму работніку будзе дадзеная магчымасьць атрымліваць на свабодны ад працы дзень білет для наведваньня такога важнага і культурнага гледзішча месца, як кіно”.
“Літаратура і мастацтва”, 1983 год. Артыкул Пятра Садоўскага “Радыёмова. Якая яна?”:
“У радыёжурналістыцы стала прыкметай добрага густу гаварыць аднолькава прыгожа, урачыста і ўзьнёсла з самай рознай нагоды. Падсалоджаная псэўдапаэтызацыя працы дайшла ў мове асобных журналістаў да таго, што часам рэпартаж з канцэртнай залі гучыць па-мастацку менш выразна і замілавана, чым апавяданьне пра вываз гною або мінэральных угнаеньняў у палі. Бо гной тут ужо ня гной, а “вітаміны ўрадлівасьці”.
Газэта “Политика. Позиция. Прогноз”, 1993 год. Яўген Крупеня пра беларускае кіно:
“Нямецкімі маркамі фінансавалі дакумэнтальную, а больш дакладна — фальсыфікаваную, наскрозь ілжывую стужку “Чорная дарога” рэжысэра А.Алая… На тыя ж мюнхенскія грошы пастаўленая карціна “Аранжавыя жылеты” (аўтары фільма Мілова і Пісьменная) — пра “рабства” жанчын часоў “камуністычнае эры”… Ня толькі дакумэнтальнае кіно пачало, халуйскі выконваючы “сацыяльны заказ” заакіянскіх гаспадароў, гадзіць свайму народу і сваёй Радзіме. Абліваюць брудам усё і ўся і “майстры” мастацкага кіно. Чаго вартыя такія злобныя падробкі, як “Наш браняпоезд”, “Каапэратыў “Палітбюро” М.Пташука, “Бес” В.Дудзіна, “Мона Ліза” М.Студнева і некаторыя іншыя карціны, створаныя ва ўгоду антысаветчыкам, наваяўленым постсавецкім буржуа”.