Газэта “Сталинская молодёжь”, 1953 год, артыкул Георгія Загароднага “За выканальніцкае майстэрства”:
“Хоры РУ №9 і №24 выступілі ў малалікім складзе. Гэта кладзецца на сумленьне камсамольскіх арганізацыяў, якія недастаткова праяўляюць клопату аб разьвіцьці мастацкай самадзейнасьці. Сур’ёзнага папроку заслугоўваюць кіраўнікі харавых гурткоў. Яны ўключаюць у рэпэртуар мала твораў і масавых песень савецкіх кампазытараў пра славутыя будоўлі камунізму, пра барацьбу за мір. Гэтых песень на канцэрце чуваць не было”.
“Чырвоная змена”, 1983 год, адкрыты ліст камсамольцаў менскага заводу запасных частак да свайго калегі Хасіна з нагоды ягоных адказаў на анкету:
“Вось як разумее барацьбу за камуністычную працу І.Хасін. На пытаньне “Якія зьмены адбываюцца ў вашым калектыве ці ў вас асабіста пасьля таго, як вы сталі ўдзельнікам у спаборніцтве?”, ён коратка адказвае: “Вокам ня бачна, а памацаць нельга”. Другое пытаньне: “Як вы выконваеце запаведзі ўдзельнікаў спаборніцтва?” І адказ: “Ня ведаю я запаведзяў удзельніка спаборніцтва”. “Што новага вы прапануеце ўнесьці ў спаборніцтва за камуністычную працу?” Прапанова І.Хасіна гучыць наогул дзіўна: “Прынцып матэрыяльнай зацікаўленасьці — вось рухомая сіла”, — адказвае ён. Непрыемна, крыўдна, што ў нашым калектыве знайшоўся чалавек, які чужымі вачыма глядзіць на цудоўны патрыятычны рух — барацьбу за права насіць гордае імя калектыву ці ўдарніка камуністычнай працы”.
Газэта “На страже Октября”, 1983 год, карэспандэнт Жукоўская расказвае пра перавышэньне службовых абавязкаў адным зь міліцыянтаў:
“Цікаўлюся, ці не перадавік ён сацыялістычнага спаборніцтва. “Не, хаджу ў “сераднячках”. Культуры ж зносінаў зь людзьмі яму яўна не стае. А на гэтым будуецца і стаўленьне людзей да міліцыі: грубы супрацоўнік органаў унутраных справаў — грубіш яму ў адказ і ты; размаўляе ён культурна, ветліва, прыязна, няхай нават карае, — і ты згодна ківаеш галавой, язык не павернецца казаць дзёрзка. Умець выправіць памылку, каб не было нараканьняў ня толькі на сябе, але і ўвесь аддзел, як бачым, дадзена ня кожнаму”.