Газэта “Літаратура і мастацтва”, 1933 год, ліст паэта Пятра Глебкі пад загалоўкам “Аб маіх памылках”:
“Дазвольце праз вашу газэту давесьці да ведама савецкай грамадзкасьці наступнае. Усе памянёныя памылкі майго артыкулу зьявіліся ў выніку нязжытых яшчэ канчатковых рэштак маіх ранейшых узвышэнскіх поглядаў на мову, як на самагодны матэрыял мастацкага твору. Аб’ектыўна гэтыя памылкі сутыкаюцца пэўным чынам з нацыянал-дэмакратычнымі ўстаноўкамі ў галіне мовы, а, значыць, і спрыяюць клясаваму ворагу ў яго змаганьні супроць ленінскай нацыянальнай палітыкі… Спадзяюся, што ў артыкуле пра сучасную літаратурную мову, над якім я цяпер працую, ня толькі больш шырока і поўна раскрытыкую свае памылкі, але і выпраўлю іх. Пятро Глебка”.
Лідзкая раёнка “Сьцяг працы”, 1963 год, артыкул “І школьнікі выйдуць у поле” інспэктара райана І.Павагры:
“Удзельнікі зьлёту прынялі зварот да ўсіх школьнікаў раёну. Яны заклікалі сваіх сяброў працаваць так, каб вырасьціць цукровых буракоў на плошчы 31,5 га па 280 цэнтнэраў з гектара, кукурузы — на плошчы 32,5 га па 450 цэнтнэраў з гектара, бульбы — на плошчы 45 га па 140 цэнтнэраў з гектара, бабовых — на плошчы 23 га па 20 цэнтнэраў з гектара. Зь цікавасьцю прагледзелі ўдзельнікі зьлёту навукова-папулярны фільм “Маяк буракаводаў” і мастацкі “Плянэта бур”.
“Прэсбол”, 1993 год, Аляксандар Барысевіч пра рэспубліканскую нараду спартыўнай прэсы ў Раўбічах:
“Факт зацікаўленасьці самога міністра інфармацыі Анатоля Бутэвіча — нешта надзвычайнае. Але, здаецца, Анатоля Іванавіча адкрыта падставілі… Ягонае выступленьне аказалася бліскуча банальным. На сярмяжныя пытаньні прысутных “Як набыць паперу?”, “Дзе ўзяць валюту для аплаты журналістам паездак за мяжу?”, “Чым дапамагчы наваствораным выданьням?” ішлі разумныя, падрабязныя адказы, якія даслоўна, калі здуць зь іх сэмантычнае шалупіньне, перакладаліся так: ніяк, нідзе, нічым… Аднак у наступны раз было б няблага пагаварыць ня толькі пра складанасьці павелічэньня яйканоснасьці кур, але і пакаштаваць яечню з трох яек. Інакш сэнсу сустракацца няма”.