“Звезда”, 1923 год, “Прыляцім на самалётах” (“Адкрыты ліст Таварышам Камуністам Пухавіцкай Валкамячэйкі”):
“Дарагія таварышы! Сёньня мы атрымалі радаснае паведамленьне ад Цэнтральнага бюро Камуністычнай партыі Беларусі пра тое, што нашая камячэйка ў якасьці шэфа прымацаваная да вашай Ячэйкі. Гэта значыць, што ад сёньняшняга дня мы павінны цесна з вамі зьвязацца, духоўна, арганічна і ідэйна зьліцца ў адну сям’ю, а, галоўнае, прыйсьці да вас на дапамогу ў культурных адносінах… Для практычнага абмеркаваньня гэтага пытаньня чысла 22-га пад вечар мы прыляцім да вас на самалётах. Ад імя Камуністычнай сям’і 4-й Асобнай Зьнішчальнай Эскадрыльлі Смушкевіч, Томсан, Шастакоў”.
Газэта “На страже Октября”, 1983 год, артыкул маёра ўнутранай службы Кузьмянкова “Чаму вартаўнікі сьпяць?”:
“Што паказала праверка вартавой аховы, арганізаванай УУС Магілёўскага аблвыканкаму? Вось толькі некаторыя лічбы: 95 жывёлагадоўчых фэрмаў і іншых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў ніхто не ахоўваў, 107 вартаўнікоў спалі, 58 знаходзіліся на пастах у нецьвярозым стане. Падчас праверкі на 102 фэрмах тэлефонная сувязь адсутнічала, на 48 была няспраўная, 57 памяшканьняў, дзе былі тэлефоны, аказаліся зачыненымі. Што мы зрабілі, каб палепшыць становішча? З усімі вартаўнікамі правялі інструктаж. Зьвярнулі ўвагу на асабістую адказнасьць за зьберажэньне пагалоўя быдла, грубых кармоў”.
“Народная газета”, 1993 год, “9 рэйсаў — і мы пры новай валюце”:
“Перавозку беларускай нацыянальнай валюты зь Мюнхену, дзе яна друкуецца, у Менск ажыцьцяўляе авіякампанія “БелЭйр Лтд”. Дастаўка нацыянальнай валюты разьлічаная на 9 авіярэйсаў, падчас кожнага перавозіцца 44 тоны грузу. У ліку самалётаў, што належаць кампаніі, — асабісты самалёт былога генэральнага сакратара камуністычнай партыі ГДР Эрыха Гонэкера”.