“Віцебскі пралетарый”, 1933 год, артыкул “Аб скажэньнях ленінскай нацпалітыкі на заводзе “Чырвоны мэталіст”:
“На заводзе “Чырвоны мэталіст” цэхавая партыйная ячэйка дапусьціла найгрубейшую палітычную памылку ў практычным правядзеньні ленінскай нацпалітыкі. Рабочы, член партыі, лепшы ўдарнік цэху т. Левін М. быў выключаны з радоў ударнікаў па ўказаньні сакратара цэхячэйкі т. Чабатарова за тое, што той адмовіўся падпісацца на яўрэйскую газэту. Бюро гаркаму КП(б)Б, абгаварыўшы гэта пытаньне, прапанавала парткалектыву заводу адмяніць сваё рашэньне аб т. Левіне і за дапушчанае скажэньне абвясьціла сакратару цэхячэйкі т. Чабатарову вымову”.
“Беларуская газэта”, 1943 год, рэклямная абвестка:
“Батанічны сад прадае саджанцы розных гатункаў дэкаратыўных дрэваў і кустарнікаў, чаранкі вінаграду, кусты парэчкі і маліны. Зварачацца ў кантору саду ад 8 гадзіны раніцы да 4 гадзіны дня (г. Менск, вул. Скарыны, былая Пушкіна, дом №62)”.
Газэта “Звязда”, 1973 год, заклікі ЦК КПСС да 1 мая:
“Грамадзяне Савецкага Саюза! Актыўна ўдзельнічайце ў выбарчай кампаніі! Выберам у мясцовыя саветы дэпутатаў працоўных лепшых прадстаўнікоў рабочых, калгасьнікаў, інтэлігенцыі! Народы сьвету! Памнажайце намаганьні ў барацьбе за ліквідацыю небясьпечнага ачага вайны на Блізкім Усходзе і ліквідацыі вынікаў ізраільскай агрэсіі супраць арабскіх краін! Няхай жыве і мацнее дружба паміж народамі Савецкага Саюзу і арабскіх дзяржаў!”
Штотыднёвік “Літаратура і мастацтва”, 1983 год:
“7 красавіка на 73-м годзе жыцьця памерла беларуская паэтэса Ларыса Антонаўна Геніюш… Ларыса Геніюш жыла радасьцямі і клопатамі народу. Яна “любіць зямлю сваю бязьмерна, як толькі ўмеюць жаўрукі”, радуецца, што “з мэталу і з пушчы выходзяць зубры на гасьцінец асфальтавы мінскі”. Паэтэса патрабуе, каб людзі бераглі, нібы маці, зямлю ў цьвіценьні, заклікае змагацца за мір. Свой талент Ларыса Геніюш аддала служэньню беларускай паэзіі, услаўленьню сваёй радзімы, стваральнай працы яе людзей”. Падпісаліся: Максім Танк, Данута Бічэль-Загнетава, Юрка Голуб, Вольга Іпатава, Уладзімер Караткевіч, Адам Мальдзіс, Аляксей Пяткевіч.