На гэтым тыдні газэта “Наша Ніва” за 1913 год пад назвай “Спорка аб беларусах” пераказала дыскусію дзьвюх газэт: “Апошнім часам між расейскімі газэтамі: дэмакратычнай “Веч.Газета” і казённым “Вил.Вестн”. ішла вострая спорка аб тым, у якой мове трэба вучыць рэлігіі беларусоў-каталікоў. “Веч.Газета” даводзіла, што, пакідаючы гвалтам расейскую мову замест польскай, урад толькі дапамагае палякам апалячваць беларусоў-каталікоў: каб бараніцца ад расейшчыны, яны запісваюцца ў палякі. На гэта “Вил.Вестн.” увесь час адказваў, што ў беларусоў родная мова — не беларуская, а расейская, ды што трэба нашых каталікоў, ня гледзячы ні на што, вучыць па расейску. На гэтую справу зьвярнулі ўвагу ў Пецярбурзе. Вось, “Нов.Вр.”, каторае, як і “Вил.Вестн”, ахвотне зьела бы ўсіх “інародцаў”, у тым ліку і беларусоў, напісала стацьцю, што запраўды ўраду няма што памагаць апалячваць беларусоў-каталікоў, бо з гэтага будзе карысьць палякам, каторых “Нов.Вр.” так сама ня любіць, як і беларусоў”.
“Чырвоная змена”, 1953 год, інфармацыя БелТА пад загалоўкам “Тэарэтычная канфэрэнцыя, прысьвечаная працы тав. І.В.Сталіна “Эканамічныя праблемы сацыялізма ў СССР”. “Столін. Тут адбылася тэарэтычная канфэрэнцыя настаўнікаў школ раёна, прысьвечаная вывучэньню геніяльнага твора таварыша І.В.Сталіна “Эканамічныя праблемы сацыялізма ў СССР”. Уступную лекцыю прачытаў кіраўнік лектарскай групы абкаму тав. Залесскі. На канфэрэнцыі заслуханы таксама даклады: “Жыцьцё і абгрунтаваньне тав. І.В.Сталіным асноўнага эканамічнага закона сацыялізма”, “І.В.Сталін аб асноўных папярэдніх умовах пераходу ад сацыялізма да камунізма” і іншыя. У рабоце канфэрэнцыі прынялі ўдзел звыш 200 чалавек”.
“Вячэрні Мінск”, 1973 год. Нехта Барысэнка ў артыкуле “Час адраджэньня” дае яскравы прыклад патаснасьці журналістыкі тых гадоў: “У земляробаў наступаюць гарачыя часіны — веснавыя палявыя работы. На палетках усё шырэй і мацней гул матораў. Спраў хапае ўсім. Ужо пачалі мыць праспэкты і вуліцы гораду палівальныя машыны. Кветкаводы рыхтуюць клюмбы і кветнікі да пасадкі найбольш галоўнага ўпрыгожваньня гораду. Нарэшце, найбольш яскравая прыкмета вясны — закаханыя. Вось хто больш за ўсіх рады цеплыні і сонцу! Такім чынам, вясьне радуюцца ўсе. Такая гэта пара — час адраджэньня”.