Газэта “Чырвоная змена”, 1953 год, абвестка “Збор мэталалому — справа вялікай дзяржаўнай важнасьці”:
“Да ведама дырэктараў школ і школьнікаў. У мэтах павелічэньня збору мэталалому Менская гарадзкая кантора “Галоўуторсыравіна” з 1 красавіка 1953 году праводзіць месячнік па збору чорнага і каляровага мэталалому сіламі школьных калектываў Менску. У час месячніка ў школах будуць працаваць выдзеленыя ўпаўнаважаныя “Галоўуторсыравіны” па прыёму сабранага чорнага і каляровага мэталалому. Калектывы школ, якія вызначыліся ў час месячніка па збору чорнага і каляровага мэталалому, будуць прэміраваны радыёламі, патэфонамі і іншымі каштоўнымі рэчамі”.
“Вячэрні Мінск”, 1973 год, “Зварот сходу прадстаўнікоў калектываў прадпрыемстваў і арганізацый, перадавікоў і наватараў вытворчасьці гораду Мінску аб правядзеньні ў красавіку 1973 году камуністычнага суботніка, прысьвечанага 103-й гадавіне з дня нараджэньня У.І.Леніна і датэрміноваму выкананьню пляну трэцяга, вырашальнага году пяцігодкі”:
“Дарагія таварышы! У абстаноўцы ўсеагульнага працоўнага і палітычнага ўздыму працоўныя сталіцы Беларусі плячо да пляча з усім савецкім народам упэўнена крочаць па шляху камуністычнага будаўніцтва. Адказваючы справай на рашэньні ХХІV зьезду КПСС, кожны працоўны калектыў, кожны мінчанін імкнецца зрабіць свой годны ўнёсак у ажыцьцяўленьне грандыёзных прадвызначэньняў партыі, у пасьпяховае выкананьне плянаў 9 пяцігодкі”.
“Знамя юности”, 1993 год, згадвае заяву Станіслава Шушкевіча, быццам бы Армэнія была вызваленая ад уплаты сяброўскіх складак у бюджэт ААН:
“На афіцыйны запыт МЗС Беларусі з гэтай нагоды зь Нью-Ёрку за подпісам Пастаяннага прадстаўніка РБ пры ААН Г.Бураўкіна атрыманы адказ наступнага зьместу: “…згодна са зьвесткамі, атрыманымі ў Сакратарыяце ААН (Сэкцыя складак Аддзелу праграмаваньня, бюджэту і фінансаў) і ў Пастаянным прадстаўніцтве Армэніі пры ААН, Генэральная Асамблея не прымала якіх-небудзь рашэньняў аб вызваленьні Армэніі ад платы складак…” Як вынікае з вышэйпрыведзенай тэлеграмы, інфармацыя аб вызваленьні Армэніі ад складак у бюджэт ААН, што зьмяшчалася ў выступленьні С.Шушкевіча, не адпавядае рэчаіснасьці”.