На гэтым тыдні газэта “Наша ніва” 1913 году ў артыкуле пад назваю “Выбары ў гарадзкую думу” зь Менску паведамляла: “Беспартыйный” (Янчэўска-Амброшкевічоўскі) камітэт закончыў сваю работу: уложэнный з 27 на 28 марца спісак кандыдатаў у гласныя абвесьцілі толькі... 31 марца. Са сьпіска выкінулі ўсіх найбольш апазыцыйных, каторыя кіруюцца да аднаўленьня гарадзкой гаспадаркі. Адвакат Івашкевіч (паступовец) трапіў усяго толькі ў кандыдаты. Але затое ўзмацавалі цэнтар, як яго ў Менску называюць “панская хаўрузія”, каторая давела горад бязмала да банкроцтва (горад мае ўжо каля 4.000.000 рублёў доўгу)”.
4 красавіка газэта “Звезда”, якая ў 1923 годзе выдавалася на расейскай мове, надрукавала чарговы бюлетэнь №16 аб здароўі Леніна. У ім паведамлялася, што тэмпэратура хворага складала 37,8 градуса, пульс быў 112 удараў на хвіліну. “З суботы вечарам адкрыліся катаральныя зьявы ў левым лёгкім, якія далей не разьвіваюцца. Агульны стан здавальняючы. 2 красавіка, 2 гадзіна дня. Падпісалі: прафэсары Мінкоўскі, Форстэр, Бумке, Крамэр, прыват-дацэнт Кажэўнікаў, Елістратаў. Наркамздраў Сямашка”.
Тут жа ніжэй прыведзеныя курсы катыравальнай камісіі: рубель золатам — 28 рублёў, банкноты — чырвонец у зьдзелках — 304 рублі.
Праз 10 гадоў “Віцебскі пралетарый” пад рубрыкай “Задачы мастацкай літаратуры БССР” друкуе фрагмэнты прамовы сакратара ЦК КП(б)Б Жаброўскага на пашыраным пленуме арганізацыйнага камітэту Саюзу савецкіх пісьменьнікаў, што адбыўся 20 лютага. Крытыкуючы адмоўныя зьявы, Жаброўскі зьвяртае ўвагу на паэта Хадыку, які “ў парыве “гуманізму” піша такія вершы:
На сухім папары
Голыя і босыя
Танцавалі хмары
Дзеўкі чорнакосыя.
Стукалі па даху
Сьлёзы дробнай кропляю.
Біў кулак па шляху
Мокраю пантофляю,
Біў па долі горкай,
Каб жыцьця ня бачыла.
Я стаяў над горкай,
Сьветлым даль маячыла”.
“Каму, як ня клясаваму ворагу, на руку падобны “гуманістычны” паказ працэсаў ліквідацыі кулацтва як клясы?” — пытаецца сакратар ЦК КП(б)Б.