Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БЕЛАРУСКІЯ ВЭРСІІ ЎСЯСЬВЕТНЫХ ГІТОЎ”: ТРЫБ’ЮТ “DEPECHE MODE”


Зьміцер Падбярэскі, Менск

(Зьміцер Падбярэскі: ) “Традыцыя музычных прысьвячэньняў, так званых трыб’ютаў, у Беларусі, можна сказаць, адсутнічае. Адзіны выпадак, які можна згадаць — альбом “Песьнярок”, зборнік песень з рэпэртуару “Песьняроў” у паданьні маладых беларускіх рок-групаў.

Літаральна на днях краіна нарэшце атрымала паўнавартасны трыб’ют пад назваю “Personal Depeche”. Як можна здагадацца з назвы, прысьвячаецца ён творчасьці славутай брытанскай групы “Depeche Mode”. 15 кампазыцыяў з рэпэртуару калектыву склалі гэты альбом, прычым большасьць песень гучыць не на ангельскай мове, а з тэкстамі на беларускай і расейскай мовах.

Альбом гэты сапраўды ўнікальны і зайздросны з гледзішча якасьці ўвасабленьня, хоць падобных прысьвячэньняў спадчыне “Depeche Mode” у сьвеце выдадзена даволі багата. Унікальны альбом таму, што ўсе беларускія вэрсіі ўзгадняліся асабіста з Марцінам Горам, лідэрам групы, а зайздросны па якасьці, мне думаецца, у немалой ступені з-за таго, што сам праект меў салідную, рэдкую, калі наогул не выключную, фінансавую падтрымку з боку кампаніі “Philips”. Ад нараджэньня ідэі да канчатковага прадукту мінуў цэлы год, што для Беларусі таксама рэдкасьць.

Прадусавалі праект тры чалавекі: Руслан Макараў, Адам Старповіч, Андрэй Халадзінскі. Адам і Андрэй у нашай студыі і, спадзяюся, падзеляцца інфармацыяй адносна таго, як ішла праца над гэтым незвычайным выданьнем. Вітаю, спадары-калегі!

Я нездарма падрэсьліў, што гутару менавіта з калегамі. Адам Старповіч — гэта голас радыё “РОКС”, Андрэй Халадзінскі — “Альфа-радыё”. У жыцьці, як вядома, гэтыя каналы шмат у чым канкурэнты. А як жа сталася, што канкурэнты спрацаваліся ў межах аднаго праекту?”

(Адам Старповіч: ) “Мы канкурэнты вельмі ўмоўныя. Мы ўсе робім адну справу, мы хутчэй не канкурэнты, мы калегі, мы сябры ў жыцьці, мы калегі па працы, мы і ў эфіры робім адну справу, і, атрымалася, па-за эфірам таксама”.

(Падбярэскі: ) “Якія ўмовы ставіліся вамі перад нашымі музыкантамі і якія ўмовы былі з боку “Depeche Mode”?”

(Старповіч: ) “Умовы з боку “Depeche Mode” — каб быў менавіта “Depeche Mode”. У сэнсе музыкі й тэксту. Марцін Гор вельмі дбайна ставіцца да сваёй творчасьці. Дапусьцім, калі ўзяць ягоную музыку, але пакласьці на яе абсалютна іншы тэкст, які ня мае нічога агульнага зь ягонымі вершамі, ён проста не дазволіць гэта выкарыстоўваць. Існуе такое меркаваньне ў сьвеце, быццам Гор вельмі непрыхільна ставіцца да перакладаў сваіх тэкстаў. Гэта чуткі”.

(Падбярэскі: ) “Яны не пацьвердзіліся?”

(Старповіч: ) “Ну, як мы бачым, — не, не пацьвердзіліся. І, дапусьцім, расейскі трыб’ют “Депеши для Депешей” таксама гэта сьведчыць: там ёсьць расейскамоўныя тэксты. І польскі трыб’ют сьведчыць пра тое, што ёсьць польскамоўныя тэксты. Мы адслухалі трыб’юты іншых краінаў, нам хацелася зрабіць абсалютна непадобнае”.

(Падбярэскі: ) “Андрэй! Колькі ўсяго было створана вэрсіяў? Вядома, што адна зь песень у выкананьні “Крамы”, напрыклад, спазьнілася і ня трапіла ў зборнік”.

(Андрэй Халадзінскі: ) “Было каля 18 вэрсіяў, некалькі мы…”

(Старповіч: ) “17 вэрсіяў”.

(Халадзінскі: ) “Адну, па сутнасьці, мы забракавалі”.

(Старповіч: ) “Дзьве, ты проста ня ведаеш”.

(Халадзінскі: ) “Ну вось! Пра што тут можна размаўляць?! (Aбодва сьмяюцца.) Галоўнае, што ў выніку ёсьць 15 песень, якія былі праслуханыя Марцінам Горам, якія ён ухваліў”.

(Старповіч: ) “І дазволіў да выпуску. Так , усяго было 17 песень. Адну мы сапраўды не пасьпелі дарабіць, у “Крамы” вельмі якасны трэк, яны зрабілі “Enjoy The Silence”, культавы твор для ўсіх фанатаў “Depeche Mode”, і атрымалася вельмі сучасна, вельмі непадобна да “Крамы”, але “Крама” чытаецца ва ўсім гэтым. Варашкевіч сьпеў па-ангельску — ну гэта цудоўная песьня! Мы яе абавязкова яшчэ выкарыстаем”.

(Халадзінскі: ) “Але гэта ўсё адно засталася “Крама”.

(Старповіч: ) “Так, гэта “Крама” без пытаньняў, гэта англамоўная “Крама”, вельмі сучасны рок-н-рол”.

(Падбярэскі: ) “Яны, значыць, проста спазьніліся…”

(Старповіч: ) “Так, там была затрымка па часе, шмат было праблем. Была яшчэ адна песьня, “Viсious Crusade” зрабілі (гэта менскі гурт), але яны самі адмовіліся. Яны стварылі на ўзрoўні дэма-запісу, потым, калі прыйшлося ісьці ў студыю, яны сказалі: вы ведаеце, мы, напэўна, ня будзем у гэтым удзельнічаць, таму ў студыі мы ня здолеем зрабіць гэта так, як у нас малюецца ў галаве”.

(Халадзінскі: ) “Быў яшчэ адзін трэк, які хацеў сьпець Адам Старповіч, але яму не дазволілі”. (Сьмяюцца.)

(Падбярэскі: ) “Трэба было наогул выкарыстаць службовае становішча!.. Ці згодныя вы, калегі, з тым, што належнае фінансаваньне здольнае прыктычна зь любога айчыннага музычнага прадукту зрабіць, што называецца, цукерачку?”

(Старповіч: ) “Абсалютна! Гэта ж падмурак усяго: няма грошай — няма прадукту”.

(Падбярэскі: ) “І ў гэтым выпадку, калі б у вас не было сур’ёзнай падтрымкі, нічога б не атрымалася…”

(Старповіч: ) “Тое, што не было б дыску — гэта адназначна. Магчыма, быў бы які клюбны праект, лайв-выкананьне, але ня больш”.

(Падбярэскі: ) “Пытаньне, прабачце, па-за тактам. Адзінай песьняй, якая, на маю думку, характарам, тэкстам вытыркаецца з альбому, гэта “See You” ў выкананьні Людмілы Краўцовай. Песьня пісалася, трэба разумець, калі ў сям’і Краўцовых усё было ў парадку. Дык ці не адыгралі тут сваю ролю банкірскія грошы?”

(Старповіч: ) “Яны, можа, і адыгралі, але толькі ў тым сэнсе, што Людміла Краўцова запісвалася ў сваёй студыі. Але да гэтага запісу мы амаль ня мелі дачыненьня, толькі на ўзроўні такога inspiration. Мы падалі думку, а яе рэалізавалі Краўцова і Філімонаў. Яна сама паставіла такую ўмову: я згодная з вамі працаваць, было сказана, але я буду працаваць у сваёй студыі. Больш ніякага ўдзелу банкірскіх грошай там у прынцыпе не было. “See You” — гэта гіт 1982 году, калі гэта быў амаль што дыскатэчны гурт. Там пачынаў працаваць Вінс Кларк, а ў 1982-м ён сышоў, і Гору раптоўна давялося ўсё рабіць самому”.

(Халадзінскі: ) “Такое вось гора…”

(Старповіч: ) “Так! І ён быў вымушаны так рабіць. Тэкст Філімонава — гэта амаль што дакладны пераклад тэксту Гора, там нічога не прыдумана Сяргеем. І тады гэта была папса, у 1982 годзе, і цяпер гэта папса. Каб любы праект на кампакт-дыску быў заўважаны, трэба рабіць некалькі радыё-гітоў, правільна? Мы ж ня будзем круціць у эфіры “Русского радио”, альбо “Альфа-радио”, альбо “Юнистара” Івана Кірчука…”

(Халадзінскі: ) “А хацелася б…”

(Старповіч: ) “Хацелася б, канечне! Але радыёстанцыі з такім фарматам у Беларусі не існуе. А каб праект быў заўважаны слухачом, ён мусіць раціравацца. Для ратацыі мы і стварылі некалькі песень, запрасілі людзей, якія гэта зробяць адназначна. Сяргей Філімонаў — вялікі прыхільнік “Depeche Mode”, Людміла — таксама, і Паша Булатнікаў, вакаліст “Ляпісаў”, — гэта такі фанат “Дэпэшаў”, якіх мала ў Беларусі ў прынцыпе. Ён прасьпяваў “A Question of Time”.

(Падбярэскі: ) “А каму прыйшла ў галаву ідэя аздобіць укладку ў альбом работамі беларускіх мастакоў дэпэшаўскай, як было сказана, тэматыкі?”

(Старповіч: ) “Гэта была калектыўная думка”.

(Халадзінскі: ) “Ёсьць, ёсьць такія мастакі”.

(Старповіч: ) “Гэта два мастакі, яны вядомыя. Адзін зь іх — гэта Фэлікс Янушкевіч, прэзыдэнт Беларускай акадэміі жывапісу, прэзэнтаваў нам выяву сваёй працы “Personal Jesus”. Яна разьмяшчаецца на тым развароце, дзе надрукаваны пераклад Лявона Вольскага тэксту песьні “Твой Езус”. Потым яшчэ некалькі працаў Ігара Жука, таксама даволі вядомага мастака. Мы хацелі рабіць прысьвячэньне ў мастацкім сэнсе. Прысьвячэньне вершаў, прысьвячэньне жывапісу, прысьвячэньне дызайну”.

(Падбярэскі: ) “Як рэагаваў сам Марцін Гор на тое, што зрабілі беларускія музыканты?”

(Халадзінскі: ) “Руслан Макараў у асноўным размаўляў з Марцінам Горам, і ўсе перамовы вяліся ім, па ягоных словах, Марцін Гор рэагаваў вельмі станоўча”.

(Старповіч: ) “Ён не чытаў беларускіх тэкстаў і расейскіх тэкстаў. Ён іх слухаў, а потым чытаў адваротны пераклад, ці супадае сэнс, які ён заклаў у свае вершы. Найбольш адышоў ад аўтарскага тэксту Лёша Шэдзько. Яго, мабыць, выратавала тое, што ён рэфрэн прасьпяваў па-ангельску… Справа ў тым, што “MSH Records” — творчае аб’яднаньне Макараў–Халадзінскі–Старповіч — выканала працу па запісу і выданьню альбому. А астатняе — як вырашыць той чалавек, які будзе прадаваць альбом. Іначай проста не атрымаеца працаваць, трэба разьмяжоўваць гэтыя функцыі”.

(Падбярэскі: ) “Канечне, я з гэтым згодны. Калі вы ўжо так спрацаваліся ў межах гэтага праекту “MSH”, каму, нарэшце, будзе прысьвечаны ваш чарговы трыб’ют?”

(Халадзінскі: ) “Дай Бог, канечне… Вельмі хочацца верыць у тое, што наш наступны праект, калі ўсё атрымаецца так, як мы мяркуем, гэта будзе трыб’ют на песьні групы “The Doors”. Музыканты групы зноў сабраліся, у іх папоўніўся склад, і ў гэтым вось складзе яны будуць пісаць новы альбом. І хочацца верыць, што той трыб’ют, які мы маем зрабіць на іх песьні, можа яшчэ плюс яшчэ й самі “The Doors” тут паявяцца ў Беларусі ў рамках гэтага праекту”.

(Старповіч: ) “Прынамсі, Рэй Манзарэк, наколькі мы ведаем, зараз вырашае ўсе гэтыя пытаньні і да гэтай ідэі ставіцца прыхільна”.

(Падбярэскі: ) “Ці ёсьць ужо якая-небудзь рэакцыя на выдадзены альбом з боку замежных спэцыялістаў?”

(Старповіч: ) “Ёсьць, безумоўна. Ёсьць, хоць пакуль што даволі так цьмяна сфармуляваныя прапановы па супрацоўніцтве з Масквы і Кіева. Украінцы, прынамсі, праявілі значна большую зацікаўленасьць у гэтым праекце, чым масквічы”.

(Падбярэскі: ) “А ва Ўкраіне быў такі трыб’ют?”

(Старповіч: ) “Не. Але ім вось вельмі цікава паслухаць, што зрабілі беларусы”.

(Падбярэскі: ) “Ну што ж, дзякуй вам вялікі за размову. Я нагадаю, што ў студыі былі Андрэй Халадзінскі і Адам Старповіч, сапрадусэры праекту “Personal Depeche”. Калі сапраўды справа дойдзе да рэалізацыі задуманага вашага новага праекту, я гатовы вас запрасіць, каб вы раскрылі такія вось падводныя камяні, якія будуць зьвязаныя і зь дзьвярыма амэрыканскімі. Трэба адно пагрукаць у дзьверы, каб яны былі драўляныя, каб не сурочыць. Дзякуй вам і да пабачэньня!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG